Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радыянукліды могуць даляцець да Менску», — фізык-ядзернік пра пагрозу выбуху на Запароскай АЭС


Андрэй Ажароўскі, архіўнае фота
Андрэй Ажароўскі, архіўнае фота

Уноч на 4 сакавіка расейскія войскі атакавалі Запароскую АЭС, якая знаходзіцца ў Энэргадары. На станцыі адбыўся моцны пажар, але ніводзін з рэактараў ня быў пашкоджаны. У баі загінулі трое ўкраінскіх жаўнераў. Расейская армія ўзяла АЭС пад кантроль.

Упершыню ў гісторыі падчас войнаў аб’ектам захопу робяцца атамныя станцыі. Пра пагрозы ад баявых дзеяньняў у непасрэднай блізкасьці ад АЭС Свабода пагаварыла зь вядомым расейскім фізыкам-ядзернікам Андрэем Ажароўскім.

«Рэактары пад каўпаком, але гэта не браня»

«Небясьпека ў тым, што ў выніку ваенных дзеяньняў блізу ядзернай інфраструктуры, пагатоў каля дзейных АЭС, рэактары могуць быць пашкоджаныя наўмыснымі ці ненаўмыснымі абстрэламі. Найгоршы сцэнар — калі сыстэма залпавага агню, знарок ці выпадкова, скажам, праз памылку апэратара ці наводчыка, накрывае ці сховішча адпрацаванага ядзернага паліва, якое ёсьць на Запароскай АЭС, ці адзін з шасьці рэактараў, ці ўсе шэсьць.

Рэактары закрытыя бэтонным каўпаком, адпрацаванае ядзернае паліва ў бэтонных кантэйнэрах, але гэта не браня. Яны ня вытрымаюць пападаньня буйнакалібэрных снарадаў. Нават існуе думка, што ня вытрымаюць і пападаньня снарадаў калібру звыш 150 мілімэтраў, то бок абсалютна звычайных узбраеньняў. Усё гэта можа прывесьці да пашкоджаньня ахоўных абалонак», — кажа Ажароўскі.

Спэцыяліст нагадвае, што Запароская АЭС ужо дастаткова старая, пабудаваная ў 1970-я, таму якасьць абарончага каўпака там зусім невысокая. Ажароўскі згаджаецца, хай і з пэўнымі нюансамі, са словамі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, што пагроза ад выбуху ў Энэргадары ў шэсьць разоў вышэйшая, чым ад Чарнобылю.

«Начны кашмар — калі адзін залп „Урагану“ праз памылку зносіць усе шэсьць рэактараў», — гаворыць фізык.

«Гэта расейская рулетка»

Зь ягоных словаў, наступствы ад выбухаў на постсавецкіх АЭС добра пралічылі аўстрыйскія навукоўцы ў рамках праекту FlexRISK.

Магчымы сцэнар выкіду радыяцыі з Запароскай АЭС
Магчымы сцэнар выкіду радыяцыі з Запароскай АЭС

«Праўда, яны гэта рабілі на выпадак выбуху самога па сабе, як было ў Чарнобылі, а не ад баявых дзеяньняў. Калі коратка, то магчымыя сур’ёзныя заражэньні глебы праз выпадзеньне цэзію-137 за некалькіх соцень кілямэтраў ад месца выбуху. Кірунак забруджваньня залежыць ад кірунку ветру. Адзінае адрозьненьне ад Чарнобылю — там выкіды ішлі цягам 12-13 дзён у выніку графітавага пажару, а тут рэактары з вадой пад ціскам і ў выпадку разгермэтызацыі выкід будзе дастаткова кароткім.

Магчымы сцэнар выкіду радыяцыі з Запароскай АЭС
Магчымы сцэнар выкіду радыяцыі з Запароскай АЭС

Гэтая пякельная сумесь, якую ўтрымлівае корпус рэактару, пры разбурэньні выкідваецца ўгору, прыкладна чвэрць зьмесьціва рэактару трапляе ў навакольнае асяродзьдзе, і ўсё залежыць ад кірунку ветру. Цяпер я гляджу некалькі мапаў, ёсьць варыянт у кірунку Беларусі, радыянукліды могуць даляцець нават да Менску, ёсьць — да Курску, ёсьць — на Малдову. Гэтая такая расейская рулетка. Для Беларусі гэта ня самыя прыемныя навіны, а для Расеі яшчэ больш непрыемныя», — гаворыць адмысловец.

Пры гэтым Ажароўскі падкрэсьлівае, што для Беларусі большую пагрозу нясуць Хмяльніцкая і Ровенская АЭС, якія нашмат бліжэй да мяжы.

«Ёд дапамагае, але ня піце настойкі ёду»

Цяпер шмат размоваў у інтэрнэце пра ёд — ці можа ён дапамагчы ў выпадку выбуху на АЭС. Ажароўскі кажа, што так.

«У выпадку разгермэтызацыі дзейнага рэактару там сапраўды вялікія запасы радыяактыўнага ёду, ёдная прафіляктыка дапамагае, яна бясьпечная, калі яе рабіць разумным чынам. Трэба ці купіць у аптэцы таблеткі ёдыду калію, ці выкарыстоўваць звычайную настойку, памазаўшы запясьце, каб арганізм праз скуру папоўніў запасы ёду. Галоўнае — ня піць настойку, якая прызначана для вонкавага ўжываньня.

Ні ў якім разе нельга ўжываць алькаголь, ён ніяк не дапамагае ад радыяцыйнага ўзьдзеяньня, а наадварот, пагаршае якасьць прыняцьця рашэньняў — гэта вельмі важна».

Таксама фізык акцэнтуе ўвагу, што пры наяўнасьці ў гаспадарцы дазымэтра варта сачыць за радыяцыйным фонам. Гэта можа дапамагчы заўважыць радыяцыйнае воблака, якое будзе праходзіць над вашым населеным пунктам.

«Калі вы ўпэўнены, што воблака над вамі, то задача, каб радыянукліды ня трапілі ўнутр арганізму, ня трапілі ў ваша жытло. Трэба зачыніць дзьверы і вокны, загермэтызаваць выцяжку, не выходзіць на вуліцу. Калі выходзіце, то пакідайце абутак звонку і надзявайце маскі, яны хоць троху фільтруюць часьцінкі. Воблака пройдзе, усё застанецца ў глебе, але найважнейшае, каб радыянукліды ня трапілі ўнутр чалавека. Успамінаем урокі грамадзянскай абароны, глядзім рэкамэндацыі на сайтах МНС, там усё слушна расьпісана».

«Чарнобыльская АЭС небясьпечная і сёньня»

Таксама вядома, што яшчэ ў першыя дні вайны расейскі бок захапіў Чарнобыльскую АЭС. Ці існуе сёньня пагроза адтуль? Або Чарнобыль ужо цалкам бясьпечная станцыя?

«Вядома, Чарнобыльская АЭС нясе небясьпеку і сёньня. Чарнобыльская станцыя — гэта ня толькі закрыты новым каўпаком стары саркафаг. Гэта і тры рэактары ў стадыі вываду з эксплюатацыі. Зь іх выгружана паліва — гэта добрая навіна. Зь іх ня выгружаны радыяактыўны графіт — гэта кепская навіна.

Рэактары не закрытыя ніякім каўпаком — гэта звычайныя будынкі, як завод. У выпадку разбурэньня аднаго з рэактараў назапашаныя ў ім радыянукліды, трапляюць у навакольле і павялічваюць небясьпеку для нас».

Ажароўскі падкрэсьлівае, што раней за АЭС у Чарнобылі сачылі ўкраінскія спэцыялісты. Хто цяпер займаецца падтрыманьнем гэтай складанай інфраструктуры, інфармацыі няма.

«Я падтрымліваю патрабаваньне абвесьціць нэўтральную, неваенную зону хаця б у радыюсе 20-30 км ад атамных станцыяў. Ёсьць сур’ёзная рызыка заніжэньня небясьпекі, бо мы ў стане інфармацыйнай вайны. МАГАТЭ магло б праявіць сябе годна, калі б пасьля захопу Чарнобыльскай АЭС адправіла назіральнікаў на атамныя станцыі Ўкраіны. Гэта ў рамках мандату МАГАТЭ. Мы б мелі тады ўяўленьне, які там радыяцыйны фон, і, магчыма, гэта спыніла б пэўных генэралаў», — падсумоўвае Андрэй Ажароўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG