Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад Белая Цэрква пад Кіевам пасьля авіяўдару. 4 сакавіка
Горад Белая Цэрква пад Кіевам пасьля авіяўдару. 4 сакавіка

Расейцы абяцалі гуманітарны калідор для эвакуацыі жыхароў Марыюпалю і Валнавахі, але не далі. Дзясяты дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Ужо дзясяты дзень ідзе вайна, якую Расея вядзе супраць Украіны. Свабода адсочвае падзеі дзень за днём.

  • Няглядзячы на дамову аб магчымасьці часовага спыненьня агню для арганізацыі гуманітарных калідораў, эвакуацыі мірных жыхароў з Марыюпалю і Валнавахі не адбылося.
  • Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка заявіў, што расейскі бок працягваў абстрэлы, і таму эвакуацыю насельніцтва з Марыюпалю вырашылі перанесьці.
  • Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што ў Івана-Франкоўскай вобласьці затрымалі арганізатараў сеткі па стварэньні «Фэдэратыўнай рэспублікі Украіна».
  • Кіеў: з пачатку расейскай агрэсіі загінулі больш як 2000 мірных жыхароў.
  • ААН: за тыдзень вайны Ўкраіну пакінуў мільён чалавек.
  • У Расею пайшлі першыя «пахаронкі». Маці палоннага расейскага салдата напісала Лукашэнку.
  • Беларусы робяць дывэрсіі на чыгунцы, каб не дапусьціць прыезду расейскіх вайсковых эшалёнаў ва Ўкраіну.
  • Расейскія ўлады блякуюць сайты недзяржаўных СМІ за тое, што тыя прыводзяць колькасьць ахвяр не з афіцыйных крыніц і называюць баявыя дзеяньні вайной, а не спэцапэрацыяй.
  • 4 сакавіка пацьвердзілася інфармацыя пра тое, што забілі першага расейскага генэрала.
  • Увечары 3 сакавіка расейцы пачалі абстрэльваць Запароскую АЭС і выклікалі на ёй пажар, што можа прывесьці да буйной экалягічнай катастрофы. Вядома, што расейцы захапілі пляцоўку перад АЭС.
  • Падчас абароны АЭС загінулі 3 украінскіх вайкоўцаў, 2 параненыя, 1 зь іх у цяжкім стане. Пажар ліквідавалі ўкраінскія ратавальнікі. Сытуацыя вакол АЭС імкліва зьмяняецца.
  • Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што за восем дзён вайны страты расейцаў перавысілі 10 тысяч асобаў.
  • 5 сакавіка расейскі бок паабяцаў гуманітарныя калідоры для жыхароў аточаных Марыюпалю і Валнавахі. Мясцовыя ўлады пачалі падрыхтоўку.
  • Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны​
17:32 5.3.2022

Пуцін: Расея будзе разглядаць спробы іншых краін устанавіць беспалётную зону над Украінай як удзел у ваенных дзеяньнях

Аб гэтым Уладзімір Пуцін заявіў 5 сакавіка падчас сустрэчы з супрацоўніцамі кампаніі «Аэрофлот».

«Цяпер мы чуем, што трэба зрабіць беспалётную зону над тэрыторыяй Украіны, — заявіў Пуцін. — Зрабіць гэта можна толькі з тэрыторыі суседніх дзяржаваў. Але ўсякі рух у гэтым кірунку будзе намі разглядацца як удзел ва ўзброеным канфлікце той краіны, з боку якой будуць стварацца пагрозы для нашых вайскоўцаў. Мы ў гэтую ж сэкунду будзем рэагаваць».

17:31 5.3.2022

Консул Рэспублікі Беларусі ў Мюнхэне звольнілася ў знак пратэсту супраць удзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне

Пра заяву аб звальненьні Натальлі Хваставой гаворыцца ў службовай запісцы консула Генэральнага консульства Рэспублікі Беларусі ў Мюнхэне.

16:48 5.3.2022

З Валнавахі і навакольных паселішчаў удалося эвакуаваць 400 чалавек


Пра гэта паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка.

«Гэта тыя, хто самастойна змог напярэдадні дабрацца да населенага пункту, каля якога спынілася калёна эвакуацыйнага транспарту. Хоць сёньня мы мелі намер і неабходны транспарт для эвакуацыі значна большай колькасьці людзей, рух калёны змушаныя былі спыніць, бо расейцы зноў пачалі бязьлітасны абстрэл Валнавахі — прасоўвацца туды было вельмі небясьпечна», — напісаў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Кірыленка паведаміў, што, нягледзячы на дамоўленасьці з Расеяй пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа, расейскі бок працягвае абстрэлы, і таму эвакуацыю насельніцтва з Марыюпалю таксама вырашылі перанесьці.

16:44 5.3.2022

У Кіеве ўмацоўваюць абарону

Расейскія войскі надалей пагражаюць сталіцы Ўкраіны. Над Кіевам дзейнічаюць сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны, а ў бліжэйшым навакольлі сталіцы ідзе барацьба з дывэрсійнымі расейскімі групамі.

У прыгарадзе сталіцы Ірпені расейцы падарвалі чыгунку, у выніку чаго ўлады мусілі мяняць маршрут эвакуацыі мясцовых жыхароў у Кіеў.

Да абароны Кіева, як паведамляюць гарадзкія ўлады, далучыліся два чачэнскія падразьдзелы.

Сёньня раніцай гарадзкія ўлады абнавілі на мачце вялікі дзяржаўны ўкраінскі сьцяг. Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ўся крытычная інфраструктура гораду функцыянуе, а мэтро працуе абмежавана, пераважна як сховішча для грамадзян.

У часе наведваньня лякарняў адна з галоўных лекарак паведаміла мэру, што мэдыкі працуюць і жывуць у лякарнях. Усімі неабходнымі мэдыкамэнтамі забясьпечаныя.

Дарадца офісу прэзыдэнта Аляксей Арастовіч заявіў, што расейскія войскі цяпер канцэнтруюць свае дзеяньні на тым, каб забясьпечыць сябе: «Украінскія войскі кантралююць сытуацыю, наносяць контрудары».

16:33 5.3.2022

Міністэрства абароны Ўкраіны: на Мікалаеўшчыне зьбілі чатыры расейскія верталёты

Марскія пяхотнікі зьбілі чатыры гелікоптэры расейскай арміі, паведаміла прэс-служба 35-й асобнай брыгады марской пяхоты.

«Нашы марскія пяхотнікі разам з пабрацімамі з апэратыўнага камандаваньня „Поўдзень“ зьбілі чатыры гелікоптэры ворага. Пры гэтым адзін з марпехаў сарваў джэк-пот, ён зьнішчыў адразу тры адзінкі», — гаворыцца ў паведамленьні.

16:24 5.3.2022

Эўра ў Менску прадаюць ужо за 3,9 – 4 BYN, даляр – за 3,5 – 3,6 BYN

У абменьніках Менску стаяць чэргі, піша «Наша Ніва». Паводле зьвестак парталу Myfin.by, эўра ў Менску прадаюць ужо за 3,9–4 BYN, даляр — за 3,5–3,6 BYN.

Беларускі рубель за 10 дзён вайны Расеі супраць Украіны пры саўдзеле ўладаў Беларусі абваліўся на 40%.

16:02 5.3.2022

У Кіеве паведамілі аб затрыманьні пілёта зьбітага расейскага Су-25


Адбылося гэта ў Чарнігаўскай вобласьці, каля вёскі Забароўка. Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны, за час уварваньня Расеі ўкраінская супрацьпаветраная абарона зьнішчыла мінімум 39 расейскіх самалётаў і 40 гелікоптэраў.

У камандаваньні Паветраных сілаў напярэдадні паведамілі, што да поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну авіяцыйная групоўка расейскай арміі, засяроджаная вакол украінскіх межаў, налічвала больш за сямсот адзінак авіяцыйнай тэхнікі: 450 самалётаў, 250 гелікоптэраў. Расейскі бок гэтыя лічбы пакуль не камэнтаваў.

15:49 5.3.2022

Украінскія СМІ паведамляюць пра гібель перамоўніка са складу ўкраінскай дэлегацыі

СБУ не пацьвярджае і не абвяргае.

Адразу некалькі ўкраінскіх інтэрнэт-выданьняў паведамілі аб гібелі удзельніка ўкраінскай дэлегацыі на перамовах з Расеяй Дзяніса Кірэева пры спробе ягонага затрыманьня Службай бясьпекі Ўкраіны паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе.

Сайт «Украінская праўда» паведамляе, што Кірэева застрэлілі ў часе затрыманьня. Нібыта ёсьць шмат запісаў тэлефонных перамоваў, якія сьведчылі пра ягоную здраду.

15:46 5.3.2022

Паводле Блінкена, адзін з мэтадаў вядзеньня вайны Расеяй — бязьлітаснасьць да мірнага насельніцтва

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен перакананы, што Ўкраіна можа выйграць вайну з Расеяй. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію ВВС.

15:06 5.3.2022

Расейскія самалёты ня будуць лятаць за мяжу

Агенцтва «Росавиация» рэкамэндавала расейскім авіякампаніям, якія маюць у лізінгу самалёты ад замежных кампаніяў, з 6 сакавіка спыніць палёты за мяжу. Рэкамэндацыя стасуецца перавозкі і пасажыраў, і грузаў.

14:58 5.3.2022

Украінцы выступаюць на Паралімпіядзе, беларусы і расейцы — не

Украінскія спартоўцы ў першы дзень спаборніцтваў на Паралімпіядзе, якая праходзіць у Кітаі, заваявалі сем мэдалёў, у тым ліку тры залатыя.

3 сакавіка стала вядома, што Міжнародны паралімпійскі камітэт адхіліў зборныя Беларусі і Расеі ад удзелу ў спаборніцтвах.

14:50 5.3.2022

Доўгія чэргі стаяць у абменьнікі Менску

Курс продажу эўра набліжаецца да 4 BYN, даляра — 3,6 BYN. Гэта паўплывала на ажыятаж сярод людзей.

За 10 дзён пасля нападу Расеі на Ўкраіну курс беларускага рубля ўпаў на 40%.

14:26 5.3.2022

Расейскія ракеты зруйнавалі горад Ірпень на поўнач ад Кіева

Да вайны Ірпень лічыўся добрым месцам для адпачынку і жыцьця непадалёк ад мэгаполісу Кіева.

14:24 5.3.2022

Марыюпаль у аблозе расейскіх войскаў ужо 5 дзён

Да вайны ў горадзе жылі 430 тысяч чалавек, тут важны для Ўкраіны порт на Азоўскім моры і буйны мэталюргічны камбінат.

14:22 5.3.2022

Жыхары Бярдзянску выйшлі на пратэст супраць расейскіх войскаў у горадзе. ВІДЭА

14:21 5.3.2022

Абмежаваньні на прадукты ў Расеі

Расейскія СМІ паведамляюць, што «Ашан», «Пятёрочка», «Перекрёсток» і іншыя вялікія сеткі крамаў у Расеі ўвялі абмежаваньні на продаж пэўных катэгорыяў тавараў у адны рукі. Абмежаваньні ўводзяць таксама на продаж прадуктаў у некаторых сэрвісах дастаўкі. У крамах пачаліся перабоі з цукрам і іншымі таварамі ў сувязі з ажыятажным попытам на іх. На цукар яшчэ і павысіліся цэны.

Курс расейскага рубля ўпаў на 50% пасьля вайсковай агрэсіі Пуціна супраць Украіны.

14:15 5.3.2022

Эвакуацыя сарваная: расейцы парушылі дамоўленасьці

Нягледзячы на абяцаньні, дадзеныя Масквой Чырвонаму Крыжу і кіраўніцтву Ўкраіны, расейскія войскі працягваюць абстрэлы Валнавахі і Марыюпалю, акрамя таго, непадалёк Запарожжа вядуцца баі, што робіць немагчымым рух гуманітарнай калёны. У выніку эвакуацыю згарнулі, паведаміла віцэ-прэм’ер-міністар у пытаньнях часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук.

13:53 5.3.2022

У Марыюпалі перанесьлі эвакуацыю. Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць горад

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла аб пераносе эвакуацыі, бо расейскі бок не выконвае абавязаньня спыніць абстрэлы.

«У сувязі з тым, што расейскі бок не выконвае рэжыму цішыні і працягвае абстрэльваць як Марыюпаль, гэтак і ягоныя ваколіцы, у мэтах бясьпекі эвакуацыя пераносіцца», — паведамілі гарадзкія ўлады.

Усіх жыхароў заклікалі накіравацца ў сховішчы.

13:48 5.3.2022

Украінская армія перайшла ў контранаступ пад Харкавам

Пад Харкавам падразьдзелы Ўзброеных сілаў Украіны перайшлі ў контранаступ, паведамляе прэс-служба Сухапутных войскаў Узброеных сілаў Украіны 5 сакавіка.

«Гэта стала магчымым дзякуючы нязломнасьці ўкраінскага народу, адсутнасці падрыхтаваных рэзэрваў у расейцаў, дэмаралізацыі акупацыйных войскаў і не ў апошнюю чаргу дзякуючы адыходу падразьдзелаў так званай «ЛДНР», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Баевікі пачалі пакідаць падразьдзелы расейскай арміі, каб вярнуцца ў свае дамы. Гэта іх кансалідацыя», — адзначаюць ва Ўзброеных сілах.

13:34 5.3.2022

Conflict Intelligence Team: Паветрана-касьмічныя сілы РФ скінулі ў Адэскай вобласьці касэтную авіябомбу

Расьсьледная арганізацыя Conflict Intelligence Team прааналізавала інфармацыю пра расейскія авіяўдары ў раёне вёскі Беленькае і курортнага пасёлку Затокі Адэскай вобласьці Ўкраіны.

Conflict Intelligence Team спасылаецца на Галоўнае ўпраўленьне дэпартамэнту службы надзвычайных сытуацыяў у Адэскай вобласьці, якое апублікавала відэа, дзе відаць рэшткі разавай бомбавай касэты сямейства РБК-500 і процітанкавыя суббоепрыпасы, якія не разарваліся. Супрацоўнікі службы выносяць іх з будынку, зусім не падобнага на вайсковы аб’ект.

Расьсьледная арганізацыя зьвяртае ўвагу на тое, што хоць ні Расея, ні Ўкраіна не далучыліся да Канвэнцыі аб забароне касэтных боепрыпасаў, іх ужываньне ў паселішчах можна лічыць ваенным злачынствам.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG