Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ўкраінскія ракеты маглі паляцець «у Гомель і Мазыр»


Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА падрабязна пераказала асноўныя моманты прамовы Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі, у якой ён спрабаваў патлумачыць сваю падтрымку нападу Расеі на Ўкраіну.

Лукашэнка імкнуўся акцэнтаваць увагу на пагрозах для Беларусі, якія, на ягоную думку, ішлі з тэрыторыі Ўкраіны.

Сярод іншага, ён сказаў, што ў Валынскай вобласьці нібыта стваралі базы і трэніровачныя лягеры дзеля рыхтаваньня «добраахвотнікаў» для ўдзелу ў беларускіх падзеях. «Гэта, дарэчы, у судзе публічна пацьвердзіў камандзір батальёну „Данбас“ Сяменчанка, які знаходзіцца пад вартай. Маецца таксама бясспрэчны доказ аб датычнасьці спэцслужбаў Украіны да дзейнасьці банды Аўтуховіча ў набыцьці боепрыпасаў ва Ўкраіне і перамяшчэньні іх у Беларусь. Удумайцеся, на тэрыторыі Ўкраіны дзейнічае больш за 15 палітэмігранцкіх цэнтраў і структураў, якія займаюцца вэрбаваньнем і падтрымкай зьбеглых зь Беларусі».

Было заяўлена пра нібыта выяўленыя патаемныя сховішчы са зброяй і боепрыпасамі, а таксама раскрыцьцё дзейнасьці 12 агентаў і супрацоўнікаў украінскіх спэцслужбаў: «Мы пра гэта гаварылі. Калі ёсьць жаданьне, можам паўтарыць. Мы тады меркавалі, але зараз ужо відавочна: перад тым, як разабрацца з Расеяй, неабходна было разбурыць так званы беларускі балькон. Запомніце, гэта — карэннае. Перш чым ваяваць з Расеяй, калі б не было гэтага канфлікту, трэнаваліся б на нас. Калі ў жніўні 2020 году бліцкрыг у Беларусі праваліўся, нас пачалі душыць эканамічна, і тая Ўкраіна, якую любіць кожны беларус, аказалася ледзь ня ў фарватэры антыбеларускай рыторыкі».

Лукашэнка выказаў прэтэнзіі і да Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якая, на ягоную думку, дзейнічала ў інтарэсах сілаў, варожых да Беларусі: «Усё гэта рабілася на ўказку пэўных сілаў. Вы іх добра ведаеце. Перакананы, калі б не было падштурхоўваньня гэтых сілаў у Радзе Ўкраіны з боку заходніх спонсараў, якія жадаюць разбурыць Беларусь і Расею, такога ажыятажу ў парлямэнце не было б».

Заявіўшы пра ціск на Беларусь праз забарону на імпарт беларускай электраэнэргіі, абмежаваньні на пастаўку асобных тавараў, Лукашэнка сказаў, што ў крытычны момант Беларусь дапамагла Ўкраіне з пастаўкамі электраэнэргіі, але Ўкраіна потым ад іх адмовілася.

«Далей — больш: на ўказку гэтага ж Захаду яны спыняюць транзыт чыгункай нашых калійных угнаеньняў ад БКК і прымаюць іншыя меры, — сказаў Лукашэнка.— Паралельна зь імі ішлі Польшча і Літва.У адказ мы прынялі вядомае рашэньне наконт Літвы. Але што самае дзіўнае, 40% прыкладна дызэльнага паліва, бэнзінаў найвышэйшай якасьці (яны самі пра гэта казалі) мы пастаўлялі ва Ўкраіну. Тут яны прымаюць рашэньне, нібы нашкодзіць нам. Але хіба нам?».

Выказаў Лукашэнка і прэтэнзіі да заходніх суседзяў.

«А што адбывалася ў нашых заходніх суседзяў? Шматкроць павялічыліся мерапрыемствы апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі з адпрацоўкай задачаў зусім не абарончага характару, як нам спрабавалі заявіць, а менавіта наступальных дзеяньняў. Паветраная выведка ўздоўж нашых межаў вялася з інтэнсіўнасьцю 15-20 палётаў у тыдзень. Відавочна, у мэтах выкрыцьця сыстэмы супрацьпаветранай абароны і ацэнкі нашых магчымасьцяў. На карты наносілі нашы аб’екты. Навошта? У абарончых мэтах?».

Перайшоўшы да прынятага Пуціным рашэньня аб «правядзеньні спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», Лукашэнка выклаў пэўныя падрабязнасьці ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

«Натуральна, меркавалася прымяненьне групоўкі войскаў, якая засталася на тэрыторыі Беларусі. І мяне (Пуцін. — РС) інфармаваў аб гэтым у 5 гадзін раніцы 24 лютага. Перад прыняцьцем такога рашэньня наша выведка і расіяне знайшлі на тэрыторыі Ўкраіны ў непасрэднай блізкасьці ад беларускай мяжы некалькі зэнітных і ракетных дывізіёнаў (гэта было вечарам 23 лютага, да 11 вечара), якія падрыхтаваліся для нанясеньня ўдару па расейскіх войсках у раёнах засяроджваньня на нашай тэрыторыі. Па тых войсках, якія я папрасіў Пуціна пакінуць у Беларусі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што Расея нанесла «апераджальны ўдар», і што «калі б гэтага не зрабілі, гэтыя ракеты прыляцелі б у Гомель і Мазыр».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG