Эўразьвяз дамовіўся адключыць ад SWIFT сем расейскіх банкаў, а таксама накласьці санкцыі на RT і «Спутник»
Амбасадары Эўразьвязу дамовіліся адключыць ад SWIFT сем расейскіх банкаў, а таксама ўхвалілі санкцыі супраць расейскіх мэдыя-карпарацый RT і «Спутник».
Паводле інфармацыі, якую атрымала Радыё Свабода гаворка ідзе пра банкі ВТБ, ВЭБ.РФ, «Открытие», «Новикомбанк», «Промсвязьбанк», «Совкомбанк» і «Банк Россия».
МУС Украіны: На ўсходзе краіны без электрычнасьці і харчаваньня засталіся амаль 40 тысяч чалавек
Праз агрэсію Расеі на ўсходзе Украіны каля 40 тысяч чалавек засталіся без сьвятла і харчаваньня, а расейскія вайскоўцы перашкаджаюць эвакуацыі мясцовага насельніцтва, паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі.
МЗС Польшчы ініцыяваў працэс адабраньня расейскай нерухомасьці ў Варшаве
У тым ліку, будынка школы пры пасольстве, гаворыцца ў заяве ведамства.
Дзяржсакратар ЗША паставіў пад пытаньне сяброўства Расеі ў Радзе ААН у правах чалавека
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен паставіў пад пытаньне сяброўства Расеі ў Радзе ААН у правах чалавека пасьля расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.
У відэазвароце да Рады ААН Блінкен назваў дзеяньні Масквы на тэрыторыі суседняй дзяржавы жудасным парушэньнем правоў чалавека.
Лукашэнка заявіў, што ўкраінскія ракеты маглі паляцець «у Гомель і Мазыр»
Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА падрабязна пераказала асноўныя моманты прамовы Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі, у якой ён спрабаваў патлумачыць сваю падтрымку нападу Расеі на Ўкраіну.
Лукашэнка імкнуўся акцэнтаваць увагу на пагрозах для Беларусі, якія, на ягоную думку, ішлі з тэрыторыі Ўкраіны. Сярод іншага, ён заявіў, што Расея нанесла «апераджальны ўдар» і што «калі б гэтага не зрабілі, гэтыя ракеты прыляцелі б у Гомель і Мазыр».
Беларусь і Расею адхілілі ад усіх камандных спаборніцтваў па тэнісе
Міжнародная фэдэрацыя тэнісу (ITF) адхіліла Беларусь і Расею ад сяброўства ў арганізацыі і забараніла ўдзел у камандных спаборніцтвах.
Таксама адменены турніры ў гэтых краінах, паведамляе прэс-служба ITF.
Пры гэтым беларускім і расейскім спартоўцам дазволена ўдзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).
Маскоўскую радыёстанцыю «Эхо Москвы» ўлады Расеі адключылі ад эфіру.
Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар радыё Аляксей Венядзіктаў.
Раней Генэральная пракуратура Расеі запатрабавала абмежаваць доступ да сайтаў «Эха Москвы» і тэлеканалу «Дождь», паведамляе РБК. Пазьней зьявілася інфармацыя, што амаль усе апэратары ў Расеі ўжо выканалі гэтае патрабаваньне.
Ад абстрэлу тэлевежы ў Кіеве загінулі 5 чалавек. Яшчэ 5 атрымалі раненьні
Пра гэта паведамляе ўкраінская дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў.
Таксама ў 17:10 снарад, накіраваны на тэлевізійную вежу ў Кіеве, упаў на адлегласьці 200 мэтраў ад тэрыторыі Бабінага Яру. Пра гэта паведаміла Аб’яднаная габрэйская грамада Ўкраіны.
У Бабіным Яры пахавана больш за 100 000 кіяўлян — ахвяраў нацызму, пераважная большасьць іх былі габрэямі.
Сакратар РНБА: Украіна мае магчымасьць нанесьці ўдар па тэрыторыі Беларусі, калі будзе загад Зяленскага
«Нашыя войскі сёньня займаюцца зьнішчэньнем расейскай вайсковай тэхнікі і рэсурсаў, якія ёсьць на сёньняшні дзень на тэрыторыі нашай краіны. Пры неабходнасьці, калі будзе прынята рашэньне вярхоўным галоўнакамандуючым зрабіць гэта, яно будзе прынята», — заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у эфіры тэлеканалу «Украіна 24».
На пытаньне, ці зможа нанесьці Ўкраіна ўдар па тэрыторыі Беларусі ў выпадку прыняцьця прэзыдэнтам Украіны, вярхоўным галоўнакамандуючым Уладзімірам Зяленскім рашэньня, Данілаў адказаў: «Вядома ж».
Марыюпаль пад шквалам удараў расейскай рэактыўнай артылерыі
Паранены 21 чалавек, колькасьць загінулых пакуль невядомая.
«Марыюпаль – пад шквалам расейскай рэактыўнай артылерыі. Акупанты наносяць удары па ўсіх раёнах гораду. Абстрэлы не спыняюцца… Па апэратыўнай інфармацыі, ужо вядома пра 21 параненага. Колькі загінулых, пакуль невядома», – напісаў у фэйсбуку начальнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.
Польская пракуратура распачала расьсьледаваньне па факце злачынства Расеі — «агрэсіўнай вайны» супраць Украіны
Загад на гэта выдаў 28 лютага міністар юстыцыі Польшчы Зьбігнеў Зёбра.
Сёньня на прэс-канферэнцыі Зёбра паведаміў, што ў нядзелю размаўляў з генэральным пракурорам Украіны Ірынай Венядзіктавай. Паводле яго, Венядзіктава папрасіла польскую пракуратуру ўдзельнічаць у працэсе дакумэнтаваньня «злачынных дзеяньняў», якія адбываюцца ва Украіне.
«У рамках расьсьледаваньня мы задакумэнтуем усе падзеі, якія надалей стануць падставай для прыцягненьня вінаватых у гэтых злачынствах да міжнароднай крымінальнай адказнасьці», — перадае словы кіраўніка польскага Міністэрства юстыцыі PAP.
Netflix спыніў працу над расейскімі праектамі
Сярод расейскіх праектаў, якія мелі эксклюзіўна выйсьці на сэрвісе, шэраг праектаў, у тым ліку крымінальны трылер «Затое» беларускай рэжысэркі Дар’і Жук.
Жонка расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага Юлія выступіла за спыненьне вайсковай агрэсіі Расеі на Украіну
«Пуцін — гэта не Расея! Мы не жадаем нікога бамбіць. Ні ў кога страляць. Нікога заваёўваць. Мы хочам міру. Нас дзясяткі мільёнаў. Мы ня будзем саўдзельнікамі ў ваенным злачынстве. І мы ня будзем маўчаць. Не — вайне!», — напісала Юлія ў інстаграме.
Кампанія Exxon Mobil адклікае сваіх спэцыялістаў з расейскіх нафтагазавых праектаў
Пра гэта паведамляе Reuters.
Сярод адкліканых спэцыялістаў супрацоўнікі буйнога прадпрыемства здабычы нафты і газу на востраве Сахалін на Далёкім Усходзе Расеі.
Рада дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця рэкамэндавала забараніць фінансавую дапамогу Расеі і Беларусі
Кіраўнікі банку маюць 30 дзён, каб прагаласаваць за рэзалюцыю. Для ўвядзеньня санкцыяў супраць Расеі і Беларусі патрэбна 2/3 галасоў «за».
Ва Ўкраіне зьявілася першая беларуская рота з добраахвотнікаў
Яна створана пры Кіеўскай тэрытарыяльнай абароне «Азов», паведамляе УНІАН.
У Сумскай вобласьці адбыўся першы абмен палоннымі
Кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі паведаміў аб першым абмене палоннымі.
«Першы абмен палоннымі адбыўся на Сумшчыне. Мы абмянялі нашых пяцёх людзей з тэрытарыяльнай абароны на аднаго расейскага афіцэра вайсковай паліцыі», — напісаў ён.
Як цяжарная ўкраінка зь Цярнопалю з трыма дзецьмі ледзь трапіла ў Польшчу. ВІДЭА
Надзея расказала, як ёй удалося праехаць да мяжы, празь месяц ёй нараджаць.
Прадстаўнікі ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі сыходзяць з выступу Лаўрова на форуме ААН аб правах чалавека
Міністэрства абароны Беларусі: Ні пад Чарнігавам, ні пад Кіевам няма і ня можа быць беларускіх вайскоўцаў
Міністэрства абароны Беларусі зьняпраўдзіла прысутнасьць расейскіх войскаў ва Ўкраіне.
«Міністэрства абароны неаднойчы заяўляла, што ўсе беларускія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У пунктах пастаяннай дысьлякацыі. І не бяруць удзелу ў спэцыяльнай апэрацыі на Данбасе», — сказала афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Іна Гарбачова. Яе словы цытуе БелТА.
Беларускія афіцыйныя ведамствы вайну ва Ўкраіне, падчас якой расейскія войскі заходзяць ва Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, працягваюць называць «спэцыяльнай апэрацыяй на Данбасе».
З раніцы 1 сакавіка пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што пад Чарнігавам заўважылі беларускую тэхніку. Афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацьвердзілася.