Прапануем думкі, якія сабраў расейскі тэлеграм-канал «Незыгарь».
«Расеі трэба мець магчымасьць праводзіць разьлікі праз банкаўскую сыстэму Кітая»
Палітоляг Сяргей Станкевіч лічыць, што зьбіць хвалю санкцый, якія паступова нарастаюць, можа толькі замірэньне на час вядзеньня перамоваў.
— Адключэньне ад сыстэмы SWIFT здольнае дэзарганізаваць расейскі гандаль энэрганосьбітамі, мэталямі і ўгнаеньнямі. Але падрыхтоўка да такой апэрацыі запатрабуе ня менш за два тыдні, а то і больш. За гэты час можа адбыцца замірэньне, тады адключэньня не спатрэбіцца. Калі ж гэта адбудзецца, Расеі трэба мець магчымасьць праводзіць разьлікі праз банкаўскую сыстэму Кітая.
«Расею чакае жахлівае адставаньне ад астатняга тэхналягічнага грамадзтва»
Доктар эканамічных навук Сяргей Смірноў мяркуе, што ў кароткатэрміновым пэрыядзе расейцаў чакае падзеньне ўзроўню жыцьця і ўсе астатнія наступствы адсячэньня краіны ад сусьветнай эканомікі.
— У доўгатэрміновай пэрспэктыве Расея зь вялікай доляй імавернасьці апынецца на ўзбочыне сусьветнай цывілізацыі. Не, мы не памром з голаду, у нас нават будзе праца, жыцьцё працягнецца. Але краіна будзе працаваць на выключна састарэлай тэхналягічнай аснове. Трэба прызнаць: Расею чакае жахлівае адставаньне ад астатняга тэхналягічнага грамадзтва. На бытавым узроўні мы сутыкнёмся з дэфіцытам высакаякасных тавараў — бытавой тэхнікі, мікраэлектронікі, запасных частак для аўтамабіляў. Так, імпартазамяшчэньне будзе разьвівацца, але адставаньне ад усяго цывілізаванага сьвету, баюся, акажацца жахлівым. Вельмі ня хочацца, каб нашая краіна ператварылася ў гэткае «ядзернае Зімбабвэ».
«Чым мацнейшыя санкцыі, тым больш маштабным будзе і сустрэчнае дзеяньне»
Заснавальнік расейскага Цэнтру сацыяльнага праектаваньня «Плятформа» Аляксей Фірсаў лічыць, што санкцыі страцілі здольнасьць стрымліваць.
— Санкцыі расцэньваюцца як сродак пакараньня, але на справе стымулююць Расею да наступнага падвышэньня ставак. Чым мацнейшыя санкцыі, тым больш маштабным будзе і сустрэчнае дзеяньне. Мы бачым вельмі рызыкоўны момант спальваньня мастоў, пераход у прастору, дзе ніхто яшчэ ня быў, плянаў і стратэгій няма, і бакі ідуць навобмацак, як бы выпрабоўваючы адзін аднаго на краі прорвы. Таму можна чакаць радыкалізацыі канфлікту. Не таму толькі, што застаецца ўсё менш рычагоў стрымліваньня. А таму, што санкцыі патрабуюць жэсту ў адказ, кампэнсацыі прыніжанасьці.
Паводле Фірсава, у дачыненьні да Ўкраіны тут у Крамля ёсьць свой набор варыянтаў: маштабы прымяненьня сілы, лёс палітычнага ладу і эліты, лёс тэрыторый (ня толькі двух рэгіёнаў), актываў і да т. п.
«Будзем спадзявацца, што хаця б замежныя валютныя рэзэрвы краіны ня будуць замарожаныя»
Расейскі эканамічны аналітык Аляксей Клімоўскі перакананы, што цяперашняя хваля санкцый аказалася на гэты момант самай сурʼёзнай, і праўдападобна, што «нас чакае адключэньне расейскіх банкаў ад SWIFT».
— Гэта абцяжарыць разьлікі ў валюце і створыць сурʼёзныя праблемы для ўсёй фінансавай сыстэмы краіны. Забарона на пастаўкі самалётаў Airbus ударыць па расейскай авіяцыі, а абмежаваньні ў касьмічнай сфэры падарвуць расейскую касьмічную праграму. Будзем спадзявацца, што хаця б замежныя валютныя рэзэрвы краіны ня будуць замарожаныя. Няхай і са значнымі выдаткамі, але расейскія ўлады кампэнсуюць і гэтыя санкцыі.
«Справа ж ня ў колькасьці танкаў і верталётаў. Баюся, у нас ня вельмі добра са стратэгічным плянаваньнем»
Кіраўнік расейскага Цэнтру вывучэньня грамадзкіх прыкладных праблем нацыянальнай бясьпекі, палкоўнік у адстаўцы Аляксандар Жылін мяркуе, што «антырасейскую кааліцыю фармуюць не Ўкраіна, а стратэгічныя праціўнікі Расеі, якія працавалі ў тым ліку і над стварэньнем гэтай стратэгічнай пасткі».
— Мы бачым вельмі каардынаваныя дзеяньні і тое, як хутка цяпер прымаюцца рашэньні эўрапейскай бюракратыяй. Гэта разьведзнак, што пэўны плян дзеяньняў быў адпрацаваны загадзя і папярэдне прагавораны. Далей магчымыя розныя сцэнары. Менавіта так працуюць англасаксы. Яны рыхтуюць цаглінкі, а потым зь іх канструююць розныя варыянты... Пацьвердзілася адно: колькасьць патронаў, снарадаў і іншага жалеза — другасна. Першасная эканамічная моц. Трэба было зразумець, ці хопіць у нас рэсурсаў. Справа ж ня ў колькасьці танкаў і верталётаў. Баюся, у нас ня вельмі добра са стратэгічным плянаваньнем.
Ацэньваючы шанцы Ўкраіны атрымаць ядзерную зброю, Аляксандар Жылін адзначае, што, на яго думку, «Кіеў ня мае самага галоўнага — сувэрэнітэту, каб прымаць рашэньні аб прымяненьні або непрымяненьне зброі».
— Думаю, што зараз англасаксы, якія канструявалі гэтую гісторыю, кусаюць локці, што ў свой час не пазбавілі і нас ядзернай зброі. Мы выкарыстоўвалі нядаўнюю заяву Ўладзіміра Зяленскага вярнуць ядзерную зброю, каб падняць градус гістэрыі і актуальнасьці ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне... Існуе магчымасьць уступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз. Тады гэта іншы сцэнар — гэтым крокам яны абыходзяць NATO... Яны ваяваць ня будуць, але скінуцца на дапамогу Кіеву. Іх шмат, яны багатыя. Гэта значыць, атрымліваецца, што мы будзем несьці куды большыя выдаткі, адплачваючы рэшткамі сацыялкі і жыцьцёвым узроўнем народу. Яны ж падзеляць выдаткі на ўсіх чальцоў ЭЗ плюс ЗША. Фактычна Эўропа мяняе канструкцыю: рэсурсна і канкурэнтна нас супрацьпаставілі злучанай Эўропе, а Ўкраіна выступае ў якасьці зброі.
Палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Жылін разважае пра «фактар Эрдагана».
— Гэта адзін з ключавых фактараў. Ён начальнік другога фронту — сырыйскага. Мы ня можам пайсьці адтуль, самі ж трапілі ў пастку. Бо затрачаны вялікія сілы і сродкі, а таксама хочацца прысутнічаць у гэтым рэгіёне. Калі мы адусюль вылецім, то якая будучыня нас чакае? Прабачце, але мы ж ня хочам ператварацца ў памыйніцу. Відавочна, Эрдагану мы там не патрэбны, Ізраілю таксама не патрэбны — яны пачалі там сваю гульню. Турэцкі лідэр можа перакрыць Басфор, і пасьля гэтага мы будзем вымушаны ў сьпешцы адтуль уцякаць — інакш фізычна страцім там вайсковыя базы і людзей.