«Асобна мы сёньня абмеркавалі супрацу ў авіяцыйнай і абароннай прамысловасьці — гэта адзін зь лякаматываў нашага стратэгічнага партнэрства. Наша мэта — рэалізацыя канкрэтных праектаў па стварэньні супольных прадпрыемстваў, па абмене досьведам і тэхналёгіямі. Сёньня заключана ўгода, якая расшырыць вытворчасьць бесьпілётных лятальных апаратаў кампаніі Baykar ва Ўкраіне», — паведаміў Уладзімір Зяленскі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам, які цяпер ва Ўкраіне зь візытам.
Раней міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што адначасова плянуецца стварыць і навучальны цэнтар падрыхтоўкі спэцыялістаў, каб кіраваць гэтымі бесьпілётнымі комплексамі.
Магчымасьці турэцкага дрона
Украіна ў 2019 годзе набыла ў Турэччыны за 69 мільёнаў даляраў сыстэму Bayraktar, у якую ўваходзяць 6 дронаў, 3 станцыі кіраваньня, а таксама ракеты да іх.
У кастрычніку 2020 году Ўкраіна заявіла, што разглядае магчымасьць набыцьця або супольнай зборкі яшчэ 48 дронаў. Адпаведны кантракт быў падпісаны ў верасьні 2021-га.
Асаблівасьць комплексу Bayraktar, распрацаванага прыватнай турэцкай кампаніяй, тая, што гэты бесьпілётнік можна знаходзіцца ў паветры з боепрыпасамі ад 12 да 24 гадзін. Максымальная адлегласьць кіраваньня — да 150 кілямэтраў. Такія характарыстыкі дазваляюць стала чаргаваць дроны ў паветры і пасьля выяўленьня мішэняў хутка перамяшчацца на перадавую для пуску ракет.
У якіх канфліктах выкарыстоўваліся Bayraktar
Паводле папярэдняй інфармацыі, комплексы Bayraktar маюць на сваім узбраеньні 9 армій — Азэрбайджану, Туркмэністану, Кіргізстану, Украіны, Турэччыны, Катару, Лібіі, Марока і Пакістану.
Турэччына ў 2016–2018 гадах пры дапамозе гэтых комплексаў ліквідавала некалькі кіраўнікоў атрадаў Працоўнай партыі Курдыстану, якія знаходзіліся на паўднёвым усходзе Турэччыны і ў Сырыі. У лютым 2020-га таксама ў Сырыі пры дапамозе бесьпілётнікаў Bayraktar было зьнішчана багата вайсковай тэхнікі і жывой сілы ўрадавай сырыйскай арміі.
Азэрбайджан у 2020 годзе выкарыстаў турэцкія бесьпілётнікі ў часе баявых дзеяньняў у Нагорным Карабаху.
Упершыню Ўзброеныя сілы Ўкраіны выкарысталі Bayraktar 26 кастрычніка 2021 году ў баях супраць баевікоў на Данбасе. Тады зьнішчылі 122-мілімэтровую гаўбіцу Д-30, якая абстрэльвала ўкраінскія пазыцыі.
Прапанова прэзыдэнта Турэччыны
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, у сваю чаргу, заявіў, што гатовы садзейнічаць вырашэньню крызісу «дзьвюх суседніх праз мора дружалюбных дзяржаў».
«Сёньня я яшчэ раз паўтарыў, што мы з задавальненьнем прымем у Турэччыне саміт на ўзроўні лідэраў або перамовы на тэхнічным узроўні. Бо Турэччына дзейнічае зыходзячы з таго, як зьнізіць градус напружанасьці, замест таго каб разьдзьмухваць пажар», – заявіў прэзыдэнт Турэччыны.
- Сёньня кіраўнікі ўрадаў Украіны і Турэччыны падпісалі пагадненьне аб свабодным гандлі – дакумэнт, над якім працавалі некалькі апошніх гадоў. У прыватнасьці, яно прадугледжвае прымяненьне нулявых мытных ставак пры гандлі прадукцыяй па больш як 10 тысячах таварных пазыцый.