Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Віцяблянін у сваім кіеўскім пабе «Торвальд» арганізаваў начлег і бясплатную вячэру для 120 беларусаў і ўкраінцаў


Віталь Броўка, архіўнае фота
Віталь Броўка, архіўнае фота

Другі дзень працягваюцца баявыя дзеяньні ва Ўкраіне. У Кіеве чуваць выбухі снарадаў, але па-ранейшаму шмат беларусаў застаюцца ва ўкраінскай сталіцы. Спыталі ў некаторых зь іх, як яны спраўляюцца з ваеннымі буднямі.

«Гэта паўнавартасная вайна ў самых страшных праявах»

Віталь Броўка вядомы ў Віцебску чалавек, яму належаў паб «Торвальд» у цэнтры гораду. Гэта было месца для мноства канцэртаў і культурных падзеяў. Пасьля пратэстаў 2020 году паб давялося закрыць. Броўка з гэтым не зьмірыўся і перавёз бізнэс у Кіеў, дзе адкрыў установу з такой жа назвай.

Падчас вайны «Торвальд» стаў месцам ратунку для многіх кіяўлян розных нацыянальнасьцяў.

«Мы стварылі паб «Торвальд» у колішнім бамбасховішчы. Гэта такі падземны бункер. У выпадку нападу непрынцыповая розьніца, куды спускацца — да нас ці ў мэтро. Вядома, мы запрасілі да нас беларусаў праз лякальныя чаты, а таксама жыхароў суседніх раёнаў. Хоць беларусы Кіева і так ведалі, што ў нас бамбасховішча. Прытулак учора ў нас знайшлі каля 120 чалавек», — расказвае Броўка.

Рэстаратар кажа, што людзі спалі як давядзецца. На наступныя ночы плянуюць даць большасьці прысутных пледы.

«Высокая мабілізацыя, людзі моцна дапамагаюць адно аднаму, думаю, знойдуць магчымасьць разжыцца коўдрай ці нечым такім. Сырэны пэрыядычна гучаць. Кажуць пра вялікую небясьпеку ракетных удараў. Гэта сапраўдная, паўнавартасная вайна, як Другая сусьветная, у самых страшных праявах», — працягвае віцяблянін.

Для тых, хто начаваў у «Торвальдзе», арганізавалі нават бясплатную вячэру — падавалі рагу з гародніны і мяса з грэчкай.

«Многія нашы хлопцы прынялі рашэньне пайсьці ў тэрытарыяльную абарону, некаторыя ўжо паехалі на фронт. Пакуль ёсьць патрэба забясьпечваць працу «бамбасховішча», то ня маю права зьяжджаць з Кіева, як бы патасна гэта ні гучала. Усе вераць ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Людзі кажуць, што агрэсія Расеі будзе адбітая, усе аптымісты. Ні страху, ні панікі няма».

У бамбасховішчы з трыма дзецьмі

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі жыве ў Кіеве зь лета 2021 году. Нядаўна да яго пераехала жонка з трыма непаўналетнімі дзецьмі. Гэтую ноч ім давялося хавацца ў бамбасховішчы.

«Калі ўвечары пачаўся абстрэл, то мы зь сям’ёй пайшлі ў бамбасховішча. Раніцай сырэны трывогі гучалі, мы вырашылі тэрмінова выбірацца з гораду, чэргі на выезд аграмадныя. Шмат які транспарт ня ходзіць. Мэтро ходзіць толькі да пэўных станцыяў. У мэтро неймаверная колькасьць людзей: шмат хто начаваў там», — кажа Гарэцкі.

Барыс Гарэцкі, архіўнае фота
Барыс Гарэцкі, архіўнае фота

А вось фатограф Вадзім Заміроўскі вырашыў начаваць у кватэры, бо лічыць, што імавернасьць трапляньня снараду ў дом ня дужа вялікая.

«Людзі амаль жывуць у мэтро: шмат дзяцей, людзей з хатнімі жывёламі (сабакі, каты, пацукі). Некаторыя людзі робяць там столікі, дзе можна харчавацца. Горад пусты, крамы амаль не працуюць. Людзей на вуліцах мала. Хаця я зараз бачыў двух хлопцаў на лаўцы, якія пілі піва, дзесьці яго знайшлі. Значыць, нешта працуе», — кажа Заміроўскі.

Вадзім Заміроўскі, архіўнае фота
Вадзім Заміроўскі, архіўнае фота

На думку фатографа, баяцца, калі побач нешта ўзрываецца, — гэта нармальна. «Калі раптам сюды зойдуць расейцы, то заставацца ў Кіеве не пляную. Але буду заставацца столькі, наколькі гэта магчыма», — гаворыць Вадзім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG