Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве некалькі гадзінаў працягваецца тэрміновае пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. Зяленскі рыхтуе зварот


Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі найбліжэйшым часам зьвернецца з заявай у сувязі з прызнаньнем Расеяй «незалежнасьці» самаабвешчаных народных рэспублік на ўсходзе Ўкраіны.

«Цяпер адбываецца апрацоўка вялікай колькасьці дакумэнтаў, згодна з нашым заканадаўствам», — сказаў Аляксей Данілаў на брыфінгу ў Кіеве пасьля тэрміновага пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны на чале з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленсікм.

На пытаньне журналістаў, ці плянуецца ва Ўкраіне ўводзіць ваеннае становішча, сакратар РНБА адказаў: «Яшчэ раз падкрэсьліваю. Цяпер мы апрацоўваем усе дакумэнты, якія ёсьць на тэрыторыі нашай краіны, якія дзейныя. Мы дакладна разумеем, што тэрыторыя нашай краіны — гэта Аўтаномная Рэспубліка Крым, усе вобласьці».

«Афіцыйная рэакцыя Кіева на рашэньне Пуціна... Па-першае, дачакайцеся выступу прэзыдэнта, таму што наша пасяджэньне не завершанае, і пасьля ўхваленьня рашэньня і іх апублікаваньня вы пабачыце нашу рэакцыю на тыя падзеі, якія адбываюцца на сёньняшні дзень. Як толькі рашэньні будуць, мы абавязкова паінфармуем пра іх», — падкрэсьліў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў.

Пасьля анэксіі Крыму і акупацыі часткі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіна ўводзіла ваеннае становішча з 25 лістапада да 26 сьнежня 2018 году ў сувязі з «актам агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сілаў Украіны».

Тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны ўказ, а Вярхоўная Рада зацьвердзіла яго адпаведным законам.

На час дзеяньня ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, прадугледжаныя 12 артыкуламі Канстытуцыі Ўкраіны:

  • на недатыкальнасьць жыльля;
  • на тайну ліставаньня, тэлефонных размоў, тэлеграфнай і іншай карэспандэнцыі;
  • на неўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё;
  • на свабоду перамяшчэньня, выбар месца пражываньня, выезд з Украіны;
  • на свабоду думкі і слова, вольнае выказваньне сваіх поглядаў і перакананьняў;
  • на ўдзел у кіраваньні дзяржаўнымі справамі, у рэфэрэндумах і выбарах;
  • на мірныя сходы, мітынгі і дэманстрацыі;
  • на сваю ўласнасьць і вынікі сваёй інтэлектуальнай і творчай дзейнасьці;
  • на прадпрымальніцкую дзейнасьць;
  • на свабоду выбару працы;
  • на страйкі для абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў;
  • на адукацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG