Паводле Бурэля, ён скліча нечарговае пасяджэньне ЭЗ для ўвядзеньня санкцыяў толькі «калі прыйдзе час», — паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.
Таму ЭЗ адхіліў заклікі міністра замежных справаў Украіны Дзьмітра Кулебы да Захаду прыняць неадкладныя меры супраць Масквы, якія, паводле яго, дапамогуць перадухіліць вайну, а не чакаць магчымага расейскага ўварваньня.
«Мы лічым, што ёсьць важкія і законныя прычыны ўвесьці хаця б частку санкцыяў зараз, каб паказаць, што ЭЗ ня толькі кажа пра санкцыі, але і гатовы дзейнічаць», — сказаў Кулеба перад сваім выступам на пасяджэньні міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ.
Тым часам Бурэль кажа, што міністры ЭЗ цяпер падтрымліваюць дыпляматычны шлях, у тым ліку крокі Францыі дзеля пасярэдніцтва паміж прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
«Сустрэчы на найвышэйшым узроўні, на ўзроўні лідэраў, на ўзроўні міністраў, у любым фармаце, любым спосабам, каб гаварыць, сядзець за сталом і старацца ўнікнуць вайны, вельмі неабходныя», — сказаў высокі прадстаўнік ЭЗ у справах вонкавай палітыкі Жузэп Бурэль.
Замест гэтага міністры замежных справаў ЭЗ падтрымалі абвешчаныя ў студзені пляны аб фінансавай дапамозе Ўкраіне на 1,36 мільярда даляраў.
Яны таксама ў цэлым пагадзіліся на просьбу Кіева накіраваць групу вайсковых інструктараў для дапамогі ў рыхтаваньні афіцэраў.