Не таму, што ён сказаў нешта новае ці важнае. Тут якраз ніякіх новых ідэй не прагучала. Нечаканасьцю стаў сам факт правядзеньня такой прэсавай канфэрэнцыі.
Такія імпрэзы праводзяцца звычайна напярэдадні ці пасьля нейкай важнай падзеі, знакавага замежнага візыту. Або каб паведаміць пра значныя перамены ва ўнутранай ці замежнай палітыцы. Або ўвогуле паводле традыцыі, звыклага графіку, напрыклад, раз на месяц.
У нашым выпадку ніводзін з гэтых чыньнікаў не працуе. Нічога новага Макей не сказаў. Ніякіх перамен не анансаваў. Цяжка ўзгадаць, каб кіраўнік МЗС адмыслова прыходзіў у Нацыянальны прэс-цэнтар, каб даць прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў. Тады што гэта было? Зь якога перапуду?
Падаецца, тут спрацавалі два чыньнікі. Найперш, прэсавая канфэрэнцыя Макея пакліканая была паказаць, што МЗС Беларусі ўсё яшчэ існуе і ў яго ёсьць кіраўнік. Бо для беларуска-расейскіх дачыненьняў Міністэрства замежных спраў непатрэбнае. Адносіны паміж саюзьнікамі разьвіваюцца ў кірунках іншых ведамстваў. А пра існаваньне іншых напрамкаў замежнай палітыкі краіны можна толькі здагадвацца.
Больш за тое, на тле апошніх падзеяў узьнікла сумненьне ўвогуле ў існаваньні замежнапалітычнай суб’ектнасьці Беларусі. Бо плягіят ці дрэнная копія расейскай замежнай палітыкі канчаткова сапсавалі рэпутацыю Беларусі як самастойнай дзяржавы.
Прэсавая канфэрэнцыя была пакліканая даказаць, што ёсьць такая краіна — Беларусь. І ў яе ёсьць свая ўласная замежная палітыка. Сам факт таго, што гэта трэба даказваць, вельмі яскрава дэманструе сытуацыю, у якой апынулася краіна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.