Францускі парлямэнт 15 лютага аднагалосна ўхваліў законапраект аб рэстытуцыі твораў мастацтва з габрэйскіх калекцый, разрабаваных акупацыйнымі войскамі да і падчас ІІ усясьветнай вайны. Закон прадугледжвае вяртаньне за 2022 год пятнаццаці твораў, якія на дадзены момант знаходзяцца ў францускіх дзяржаўных зборах. Сярод іх — «Партрэт бацькі» пэндзьля ўраджэнца Беларусі Марка Шагала, піша RFI.
У пачатку І усясьветнай вайны Марк Шагал пакінуў Францыю на доўгі час. Да яго вяртаньня ў 1922 годзе карціны, якія знаходзіліся ў яго парыскай майстэрні, зьніклі, у тым ліку і «Партрэт бацькі», напісаны ў 1911 годзе. Затым сьляды твору выявілі ў Польшчы, дзе партрэт выставіў на таргі буйны варшаўскі гандляр. У 1928 годзе яго купіў музыка і скрыпічны майстар Давід Сэндэр. У 1940 годзе ўсю сям’ю перавялі ў гета ў Лодзі, маёмасьць Сэндэра засталася ў пакінутым доме. Страціўшы жонку і дачку, Сэндэр у 1958 годзе пераехаў у Францыю, дзе жыла ягоная сястра.
У гэты час Нямеччына пачала пошук і рэстытуцыю выкрадзеных з габрэйскіх калекцый твораў мастацтва. Сэндэр дэкляраваў зьнікненьне карціны і апісаў яе ў дэталях. Аднак расьсьледаваньне зацягнулася, і лёс карціны высьветліўся толькі ў 2020 годзе, празь сем гадоў пасьля сьмерці Сэндэра.
Як высьветліла расьсьледаваньне, Марк Шагал, які ня меў уяўленьня аб тым, якім чынам яго твор трапіў на рынак, сам набыў уласную карціну прыкладна ў 1947 — 1953 гг. Паводле ягонага запавету палатно стала часткай дарэньня, прызначанага францускай дзяржаве, і ў 1988-м увайшло ў калекцыю Музэю мастацтва і гісторыі юдаізму.
Цяпер партрэт перададуць унучатым пляменьнікам Сэндэра.
Сярод іншага, спадчыньнікам законных уладальнікаў плянуюць вярнуць, у прыватнасьці:
- Карціну Марыса Ўтрыла «Скрыжаваньне ў Саннуа», якую ў 1942 скралі нацысты, але Герынгу яна падалася занадта мадэрнісцкай, і ён памяняў яе ў калекцыянэраў на іншую. У 2004 годзе на аўкцыёне карціну купіў горад Саннуа;
- Працу Густава Клімта «Ружовыя кусты», якую ўладальніцу прымусілі прадаць нацысты пасьля аншлюсу Аўстрыі, прычым выкупіў яе былы сябра сям’і, які ўступіў у нацысцкую партыю. Пасьля 60-х гадоў палатно трапіла ў галерэю Peter Nathan у Цюрыху;
- Калекцыю Армана Давіля, які памёр у 1941 пад нямецкай акупацыяй у Францыі, а ў 1942 яго калекцыю распрадалі.
Закон аб рэстытуцыі ў Францыі
Францыя значна пазьней за іншыя эўрапейскія краіны пачала праводзіць працэс вяртаньня ўласнасьці. Аддзел па рэстытуцыі стварылі пры Міністэрстве культуры ўсяго два гады таму. У 1990-я гады развал Савецкага Саюзу і зьнікненьне сацыялістычнага лягеру паспрыялі адкрыцьцю новых архіўных дакумэнтаў.
У 1995 годзе прэзыдэнт Жак Шырак прызнаў адказнасьць францускай дзяржавы за злачынную дэпартацыю габрэяў Францыі. Спадчыньнікі 13 з 15 твораў былі знойдзены дзякуючы расьсьледаваньню, якое праводзіла адмыслова створаная яшчэ ў 1999 годзе Камісія па кампэнсацыі шкоды ахвярам раскраданьняў габрэйскай уласнасьці (CIVS).
Падчас ІІ сусьветнай вайны ў Францыі выкралі 100 000 твораў мастацтва з габрэйскіх калекцый. 60 тысяч знайшлі ў Нямеччыне адразу пасьля заканчэньня вайны і адпраўлены ў Францыю. 45 тысяч зь іх былі вярнулі ўладальнікам або іх спадкаемцам. 2200 перадалі Дзяржаўнаму музэйнаму аб’яднаньню (MNR). Прыкладна 13 тысяч дзяржава прадала ў 1950-я гады, таму яны зноў апынуліся на мастацкім рынку.
Адабраньне габрэйскай уласнасьці праходзіла ў розных формах. Творы падвяргаліся мэтадычнай канфіскацыі («арыянізацыі») і прамому рабаваньню, а ў шматлікіх выпадках гаспадароў прымушалі прадаваць зборы за бясцэнак.