Бэрлін запатрабаваў ад Масквы вярнуць культурныя каштоўнасьці, вывезеныя зь нямецкай тэрыторыі падчас і пасьля Другой сусьветнай вайны. На заяву амбасады Нямеччыны ў Расеі спасылаецца газэта «Известия».
«Трафэі» ня могуць быць кампэнсацыяй за ваенныя страты
Нямецкі бок настойвае, што культурныя аб’екты не павінны выкарыстоўвацца ў якасьці «кампэнсацыі за ваенныя страты» і спасылаюцца на Гаагскія правілы вядзеньня вайны ад 1907 году.
У Бэрліне спадзяюцца на вяртаньне ў тым ліку некалькіх тысяч унікальных залатых прадметаў і ўпрыгажэньняў, якія адносяцца да ІХ стагодзьдзя да нашай эры, а таксама знаходак Генрыха Шлімана і Эбэрсвальдзкага скарбу. Улады Нямеччыны нагадалі, што летась мелі месца чатыры выпадкі вяртаньня расейскіх культурных абʼектаў, і чакаюць адпаведнага жэсту ў адказ.
Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой пракамэнтаваў газэце патрабаваньні нямецкага боку. Паводле яго, іх выкананьне наўрад ці магчымае да таго часу, пакуль паміж Масквой і Бэрлінам ня будзе адноўлены здаровы палітычны дыялёг.
Праблема рэстытуцыі культурных каштоўнасьцяў з Расеі актуальная і для Беларусі. Паводле дасьледнікаў, незьлічоная колькасьць бясцэнных рарытэтаў была вывезеная зь беларускіх земляў, пачынаючы з пэрыяду Расейскай імпэрыі, і працягвалася ў савецкі час.
Кожныя дзясяты твор у расейскіх музэях паходзіць зь Беларусі
На думку гісторыкаў, адзін з найвялікшых скарбаў — Крыж Эўфрасіньні Полацкай, які загадкава зьнік з прыфрантавога Магілёва ў 1941-м — можа захоўвацца ў Троіца-Сергіевай лаўры ў падмаскоўным Сергіевым Пасадзе.
Бальшыня экспанатаў выстаўляюцца ў музэях. У той жа Трацьцякоўскай галерэі, Эрмітажы, Рускім музэі ледзь ня кожны дзясяты твор паходзяць з колішніх беларускіх збораў і калекцый. Напрыклад, слыннае «Блакітнае Ўсьпеньне» лічыцца гонарам Трацьцякоўкі. У санкт-пецярбурскім Эрмітажы ёсьць партрэт Радзівіла зь дзецьмі. У Расейскім дзяржаўным гістарычным музэі захоўваюцца слуцкія паясы.
Нягледзячы на тое, што многія рэчы вывозіліся ў Маскву на «часовы дэпазыт» — як, напрыклад, вагоны са зборамі Ціханавецкіх з Пачэйкава Віцебскай губэрні — на радзіму вярнуліся толькі адзінкі прадметаў культурнай спадчыны.
Пры Беларускім фондзе культуры дзейнічае праграма: «Вяртаньне і захаваньне нацыянальных культурных каштоўнасьцяў». Аднак вярнуць з Расеі нічога не ўдалося, беларускі ўрад з такімі запытамі ў Маскву не зьвяртаўся.