Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 лютага: асудзілі дальнабойніка і актывіста зь Вялейкі; затрыманьне на «хіміі»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода зьбірае ў адзін матэрыял зьвесткі пра ператрусы, пагрозы і іншыя рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў супраць беларусаў.

Двум хлопцам зь Берасьця, якіх зьбілі пасьля затрыманьня, прысудзілі «хатнюю хімію»

Суд Берасьця разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да Аляксея Куфко і Максіма Чыжэўскага, якіх абвінавачвалі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 342 К), а Аляксея яшчэ і ў «незаконным нашэньні халоднай зброі, зьдзейсьненым на працягу году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такія ж дзеяньні» (ч. 1 арт. 296 КК РБ), паведамляе «Вясна».

Вядома, што абвінавачаных праслухоўвалі і з размоваў, якія хлопцы вялі паміж сабой 9–10 жніўня, сілавікі зрабілі выснову, што яны маюць намер прымяніць фізычную сілу ў дачыненьні да міліцыянтаў.

Хлопцаў моцна зьбілі пасьля затрыманьня — судмэдэкспэртыза налічыла ў Аляксея 42 пашкоджаньні — аднак крымінальнай справы з гэтай нагоды не завялі.

У выніку судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў Куфко 1 год 8 месяцаў «хатняй хіміі», Чыжэўскаму — 1,5 года «хатняй хіміі».

Дальнабойніка асудзілі за налепкі на машыне

Дальнабойніка Аляксандра Крэйдзіча 26 студзеня аштрафавалі на 1280 рублёў за дзьве налепкі з Пагоняй на ягонай машыне. Віну Крэйдзіч не прызнаў. Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Грушко, піша «Вясна».

Кіроўца-міжнароднік, які працуе ў польскай фірме, у той дзень знаходзіўся ў пункце пропуску «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы. На шкле ягонага аўтамабіля супрацоўнікі мытні заўважылі дзьве бел-чырвона-белыя налепкі. На мужчыну адразу склалі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП, бо нібыта ён такім чынам «правёў пікетаваньне, каб выказаць свае грамадзка-палітычныя погляды».

На «хіміі» затрымалі палітвязьня Дзяніса Граханава

Асуджанага на 1,5 года «хіміі» 43-гадовага Дзяніса Граханава 15 лютага затрымалі ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 45 пад Камянцом. Яго туды накіравалі 15 кастрычніка мінулага году адбываць пакараньне за нанясеньне надпісу «Не забудзем» каля станцыі мэтро «Пушкінская». Да суду яго ўтрымлівалі 1,5 месяца пад вартай.

15 студзеня супрацоўнікі КДБ прыехалі ў ПУАТ № 45, забралі ва ўсіх тэлефоны, дапытвалі «палітычных». Праваабаронцам стала вядома, што супраць Граханава пачалі новую крымінальную справу, але артыкул пакуль невядомы. Паводле папярэдняй інфармацыі, палітвязьня перавезьлі ў СІЗА ў Гомлі.

Актывіста зь Вялейкі асудзілі на 2 гады калёніі за ўдзел у акцыях пратэсту

У судзе Заводзкага раёну Менску агучылі прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) супраць палітзьняволенага актывіста зь Вялейкі, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Кудзіка, піша «Вясна».

Судзьдзя Алег Каляда асудзіў яго на 2 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такога пакараньня прасіў пракурор.

Кудзіка неаднаразова перасьледавалі за пікетаваньне і выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі на працягу 2020 і 2021 гадоў: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. 9 жніўня 2021 году яго зноў затрымалі і агулам асудзілі на 90 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасьля адбыцьця арышту Андрэй на волю так і ня выйшаў.

На судзе Кудзік не прызнаў віны і адмовіўся даваць паказаньні. Пад вартай ён правёў ужо паўгода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG