Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 лютага: 2 гады калёніі за абразу Лукашэнкі і сілавікоў, ператрус у маці Касінеравай за заклікі да санкцыяў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Прайшло больш за паўтара года пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і пачатку мірных пратэстаў, аднак улады працягваюць перасьледаваць беларусаў за іхную грамадзка-палітычную пазыцыю. Свабода працягвае весьці хроніку рэпрэсій.

Ператрус у маці Касінеравай

15 лютага стала вядома пра ператрус у маці анархісткі і стваральніцы сайта падтрымкі палітзьняволеных Марыны Касінеравай паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэксу — гэта прыняты нядаўна артыкул пра пакараньне за заклікі да санкцый. Пакараньне паводле яго — да 12 гадоў зьняволеньня.

Пра ператрус напісала ў Facebook сама Марына Касінерава, якая знаходзіцца за мяжой.

Паводле «Вясны», ордэр на ператрус быў па арт. 361 Крымінальнага кодэксу — «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» — быў выпісаны з прычыны нейкіх гомельскіх падзей.

Ператрус праводзілі каля гадзіны трое супрацоўнікаў бабруйскага КДБ з санкцыі пракурора.

Два гады калёніі за абразу Лукашэнкі і сілавікоў

За абразу салдата тэрміновай службы, дзьвюх супрацоўніц МУС і Лукашэнкі віцебскаму прадпрымальніку далі два гады калёніі, паведамляе «Вясна».

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску вынес вырак па крымінальнай справе палітвязьня Аляксандра Міхайлава, якога абвінавачвалі паводле трох артыкулаў: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч.1 арт. 366 (Гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадзкі абавязак) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).

Пацярпелымі прызналі чатырох чалавек: Мікіту Навакоўскага, Натальлю Ермалінскую, Вікторыю Ляхаву і Аляксандра Лукашэнку.

Пацярпелыя супрацоўніцы прызналі, што з прычыны камэнтара пілі таблеткі, не хацелі ісьці на працу і пачуваліся зьняважанымі — «быў зьдзейсьнены інфармацыйна-псыхалягічны ціск у сувязі з ажыцьцяўленьнем службовых паўнамоцтваў, чым была нанесеная маральная шкода».

Што да абразы Лукашэнкі, то гаворка ідзе пра наступны камэнтар:

«Адзін чалавек не павінен кіраваць усёй краінай. Тут павінны быць незалежныя галіны ўлады: парлямэнт, суд, пракуратура. Хай усе яны робяць сваю працу, а не дэкрэты, указы сярэднявечча выконваюць. Хітразачасаны ўказы толькі і раздае. Царок хрэнаў».

Ператрус на «хіміі»

15 лютага раніцай да палітвязьня Станіслава Паўлінковіча, які адбывае тэрмін на «хіміі» ў Крупках, прыехалі супрацоўнікі КДБ, паведамляе «Вясна».

У яго пакоі зрабілі ператрус, прымусілі разблякаваць тэлефон, пасьля чаго павезьлі ў невядомым кірунку. Дзе цяпер Паўлінковіч і ў якім ён статусе — невядома.

Пазьней праваабаронцы напісалі, што, паводле непацьверджанай інфармацыі, Паўлінковіч стаў фігурантам крымінальнай справы аб тэрарызьме. Вядома, што летам 2021 году Паўлінковіча апытвалі як сьведку па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча аб тэрарызьме, аднак да самога палітвязьня прэтэнзій не было.

У Горадні невядомыя схапілі актывістку Саюзу палякаў

У Горадні невядомыя схапілі актывістку Саюзу палякаў Рэнату Дземянчук. Трое чалавек у зялёнай форме заштурхалі яе ў цёмны мікрааўтобус, паведамляе «Hrodna Life» са спасылкай на яе суседзяў.

Позна увечары зьявілася інфармацыя, што Рэнату Дземянчук адпусьцілі і што яна стала падазраванай у крымінальнай справе аб зьнявазе Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG