Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Львоўшчыне беларус сарваў дзяржаўны сьцяг Украіны з дому культуры. Як яго пакаралі


Сьцяг Украіны, ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Украіны, ілюстрацыйнае фота

Украінскі суд прызнаў гэта дробным хуліганствам і абмежаваўся вуснай заўвагай.

Стрыйскае раённае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі ў Львоўскай вобласьці зьвярнулася ў суд з пазовам супраць грамадзяніна Беларусі, які 2 лютага зьняў дзяржаўны сьцяг Украіны з дому культуры «Цэмэнтнік» у горадзе Мікалаеў (Стрыйскі раён, Львоўская вобласьць).

Гэта адбылося ўдзень 2 лютага, прыкладна а 15 гадзіне. На беларуса склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні паводле артыкула 173 — дробнае хуліганства, за якое суд можа пакараць штрафам, грамадзкімі работамі на 40–60 гадзін, выхаваўчымі работамі на тэрмін ад аднаго да двух месяцаў з адлічэньнем 20% заробку, або адміністратыўным арыштам на тэрмін да 15 сутак.

На судовым пасяджэньні беларус прызнаў сваю віну і прасіў суд строга яго не караць. У той жа час у судовым рашэньні не ўдакладняецца, як ён патлумачыў свой учынак і чым яго матываваў.

Абвяшчаючы рашэньне аб закрыцьці справы супраць беларуса і вынясеньні яму вуснай заўвагі, суд спаслаўся на норму Кодэксу Ўкраіны аб адміністрацыйных парушэньнях, згодна зь якой можна зрабіць гэта і вызваліць ад адказнасьці.

У Мікалаеве Стрыйскага раёну Львоўскай вобласьці пражывае больш як 14 тысяч чалавек. Мясцовы дом культуры — культурна-забаўляльны цэнтар для моладзі. У ім арганізоўваюць канцэрты, кірмашы, урачыстыя цырымоніі выпуску школьнікаў. Там працуюць некалькі гурткоў, творчыя студыі, цэнтар вывучэньня замежных моў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG