Павал Жук нарадзіўся ў 1956 годзе, у 1989 годзе ўваходзіў у выдавецкую групу часопіса «Літаратура», які заснавалі Сяргей Дубавец і Алесь Бяляцкі. Потым браў удзел у выданьні «Навін БНФ», «Нашай нівы», выхаду ў сьвет першай незалежнай тэлевізійнай кампаніі ММ4. У сакавіку 1990 году разам з Дубаўцом і Алесем Гурковым выдаў «Дзень Волі — 90», прымеркаваны да 72-х угодкаў стварэньня БНР, піша БАЖ.
«Дзень Волі» стаў пралогам легендарнай газэты «Свабода», першы нумар якой пабачыў сьвет у красавіку 1990 году.
Газэту «Свабода» Жук выдаваў да лістапада 1997 году, пакуль яе не закрылі пасьля неаднаразовых папярэджаньняў за публікацыю крытычных да палітыкі Лукашэнкі артыкулаў. У студзені 1998 году газэта адрадзілася пад назвай «Навіны», выдаўцом зноў стаў Жук.
Павал Жук як выдавец першых незалежных газэт
Пра пачатак дзейнасьці Паўла Жука як незалежнага выдаўца згадвае Сяргей Дубавец:
«1990 год, яшчэ СССР. Недзяржаўны друк яшчэ нелегальны. Кур’еры з усяго саюзу едуць у Вільню, дзе ў Інстытуце фізыкі Акадэміі навук Літвы ёсьць рызограф, а галоўнае, на ім друкуюць вялікія наклады незалежных нелегальных газэт. Тут ужо можна. За грошы, натуральна, бо гэта бізнэс. У шматнацыянальнай чарзе — Павал Жук зь Беларусі. Неўзабаве ён загрузіць наклады беларускіх выданьняў у свой «Запарожац» і паедзе ў Менск, дзе газэты імгненна разыдуцца па руках. На той час гэта была адзіная альтэрнатыва афіцыйнай прапагандзе, калі не лічыць заходніх радыёстанцый.
Справа разьвівалася імкліва. І першыя нумары газэты «Свабода» выходзілі ўжо не на рызографе, а высокім друкам у латыскім мястэчку Лімбажы за 18 км ад Балтыйскага мора. Там яшчэ стаяў помнік Леніну (адна толькі агромністая галава), але на дамах ужо віселі нацыянальныя сьцягі. Жук арандаваў маленькую мясцовую друкарню на ноч. Мы прыяжджалі на тым самым «Запарожцы», а раніцай 45-тысячны наклад ехаў у Менск ужо на грузавіку.
Павал умудраўся знаходзіць друкарні і арганізоўваць увесь гэты працэс у самыя неспрыяльныя часы і ў самых невераемных абставінах. Першы нумар «Нашай Нівы» друкаваўся ў ягоных родных Баранавічах, якія акурат сьвяткавалі Дзень гораду, а нумар «Свабоды» ў дні жнівеньскага путчу дзівам выйшаў з друку ў Магілёве.
Пасьля шматлікіх забаронаў газэты выходзілі ў Літве і ці вядома дзе яшчэ. Трэба ўяўляць маштаб гэтага працэсу, калі наклад аднаго нумару «Свабоды» дасягаў 100 тысяч асобнікаў. Арганізоўваў увесь гэты працэс па сутнасьці адзін чалавек — выдавец Павал Жук».