Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вашынгтон падзяліўся зьвесткамі выведкі з уладамі Украіны «не каб пачаць, а каб спыніць вайну»


Дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван
Дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван

Дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван у нядзелю, 13 лютага, падкрэсьліў, што адміністрацыя ЗША пакуль не бярэцца пацьвярджаць зводкі разьведвальных службаў аб тым, што Расея плянуе ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў найбліжэйшыя дні, але што Злучаныя Штаты пастараюцца дапамагчы прадухіліць любую раптоўную атаку. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі»

«Мы ня ў стане дакладна прадказаць дзень [уварваньня], але мы гаворым ужо на працягу нейкага часу, што надышоў пэрыяд, калі ўварваньне і сур’ёзныя баявыя дзеяньні паміж Расеяй і Украінай могуць пачацца ў любы дзень, уключаючы і наступны заключны тыдзень Алімпійскіх гульняў», — сказаў Саліван, выступаючы ў праграме тэлеканалу CNN «Аб становішчы ў краіне».

Ён зноў папярэдзіў, што расейскія ўзброеныя сілы нарасьцілі свой патэнцыял на мяжы настолькі, што маюць магчымасьць учыніць атаку, выкарыстоўваючы ў якасьці падставы любую нагоду, якая выстаўляе Ўкраіну ў якасьці агрэсара.

«З таго, як яны (улады Расеі) нарошчваюць свае сілы, як гэтыя сілы манэўруюць, выразна вымалёўваецца магчымасьць буйных ваенных дзеяньняў у самы бліжэйшы час», — адзначыў дарадца прэзыдэнта ЗША.

У сувязі з гэтым адміністрацыя Байдэна заклікала амэрыканскіх грамадзян, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, як мага хутчэй пакінуць краіну праз пагрозу ўварваньня.

«Калі вы амэрыканцы ва Украіне, то вы павінны адтуль выбірацца», — заявіў прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі, выступаючы на тэлеканале Fox News.

Джэйк Саліван ня стаў агучваць дэталяў патэнцыйнай ваеннай апэрацыі сіл РФ, але падкрэсьліў, што ЗША падзяліліся сваімі разьведвальнымі зьвесткамі з Украінай і саюзьнікамі па NATO. Ён папярэдзіў, што расейскае ўварваньне прывядзе да цяжкіх пакут людзей з абодвух бакоў і вялікай колькасьці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва.

У апошнія тыдні ЗША і іх саюзьнікі па NATO апублікавалі сэрыю справаздач выведкі, у якіх падрабязна апісаны меркаваныя дзеяньні Расеі па парушэньні працы ўкраінскіх кібэрсыстэм і крытычна важнай інфраструктуры, распаўсюджваньні дэзынфармацыі і ўводу войскаў.

Гэта выклікала некаторую крытыку з боку ўкраінскіх лідэраў, якія апасаюцца, што публікацыя такіх зьвестак можа выклікаць паніку.

Тым ня менш, прадстаўнікі адміністрацыі Байдэна падтрымліваюць такі падыход.

«Мы не даем гэтыя зьвесткі выведкі, каб пачаць вайну, як здаралася ў мінулым. Мы даем гэтыя зьвесткі, каб спыніць вайну», — сказаў Саліван.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG