Улады Беларусі далі адказ на запыт Літвы, Латвіі і Эстоніі з просьбай патлумачыць вайсковую актыўнасьць на сваёй тэрыторыі і даць адказы ў рамках Венскага дакумэнту АБСЭ.
У адказе гаворыцца, што агульная колькасьць войскаў і ўзбраеньняў, якія ўдзельнічаюць у цяперашніх вучэньнях, не перавышае парогаў паведамленьня, вызначаных Венскім дакумэнтам АБСЭ.
Пры гэтым адзначаецца, што шэраг расейскіх падразьдзяленьняў выконваюць задачы па-за межамі вучэньняў — у прыватнасьці, ахоўваюць паўднёвую мяжу Беларусі, дзе ахову нібыта немагчыма ўзмацніць за кошт беларускіх войскаў. «Выкананьне дадзеных задачаў не зьяўляецца ваеннай дзейнасьцю і не трапляе пад дзеяньне палажэньняў Венскага дакумэнту 2011 году», — гаворыцца ў адказе.
Таксама адзначаецца, што ўсе расейскія вайсковыя падразьдзяленьні пасьля вучэньняў маюць пакінуць тэрыторыю Беларусі, а «парадак вываду войскаў знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня».
Паводле беларускіх уладаў, яны далі дастатковую інфармацыю пра вучэньні і запрасілі назіральнікаў і мэдыя «з 17 краін».
9 лютага Літва, Латвія і Эстонія даслалі запыт Беларусі з патрабаваньнем патлумачыць вайсковую актыўнасьць на сваёй тэрыторыі і даць адказы ў рамках Венскага дакумэнту АБСЭ.
Яны адзначылі, што ў пазачарговыя маштабныя вайсковыя вучэньні ўцягнутыя практычна цалкам узброеныя сілы Беларусі, пры гэтым дзяржавам — сябрам АБСЭ была прадстаўленая вельмі абмежаваная інфармацыя. Так, няма інфармацыі ні пра дакладную колькасьць войскаў, ні пра ўзбраеньне, якое будзе выкарыстоўвацца, ні пра плянаваную дату вяртаньня расейскіх войскаў. Такім чынам, не забясьпечаная неабходная празрыстасьць вучэньняў, як таго патрабуе Венскі дакумэнт АБСЭ, — адзначалася ў запыце.
- Венскі дакумэнт аб мерах умацаваньня даверу і бясьпекі (2011 г.) тычыцца мер даверу ў рэгіёне АБСЭ. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца, што краіны — удзельніцы пагадненьня абавязаныя супрацоўнічаць адносна «любой незвычайнай і незаплянаванай дзейнасьці іх вайсковых сіл па-за месцамі іх звычайнай дысьлякацыі ў мірны час». Любая дзяржава — удзельніца АБСЭ, якая адчувае заклапочанасьць незвычайнай вайсковай актыўнасьцю іншай дзяржавы-ўдзельніцы, мае права накіраваць ёй запыт аб тлумачэньнях.
- Паводле Венскага дакумэнту АБСЭ таксама трэба інфармаваць іншыя краіны і запрашаць назіральнікаў, калі ў вучэньнях бярэ ўдзел 13 тысяч і больш вайскоўцаў.
У запыце нагадвалася, што Беларусь праігнаравала патрабаваньне Латвіі правесьці двухбаковую інспэкцыю вайсковых сіл у рамках «Мераў па ўмацаваньні даверу і бясьпекі». Прычынай адмовы афіцыйны Менск назваў імклівы рост эпідэміі ковіду, пры гэтым адначасова арганізуючы шчыльную канцэнтрацыю войскаў на сваёй тэрыторыі.
Запрашэньне ўдзельнічаць у назіраньні за другой фазай вучэньняў, якое Беларусь даслала 9 лютага Літве і Латвіі, краіны Балтыі разглядаюць як пазытыўны крок, але лічаць, што такія меры ня могуць замяніць сабой паўнавартаснае выкананьне Венскага дакумэнту. Краіна, на чыёй тэрыторыі праводзяцца вучэньні, павінна паведаміць пра гэта сама меней за 42 дні, нагадваецца ў запыце. Краіны Балтыі заклікалі Беларусь адкрыць вучэньні для назіральнікаў, каб разьвеяць заклапочанасьць надзвычайнай вайсковай актыўнасьцю.