Дадзеныя леташняга лістападаўскага апытаньня брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House сьведчаць пра глыбокі раскол беларускага грамадзтва, пра тое, што мноства людзей паабапал палітычнага водападзелу ня проста нязгодныя адзін з адным, яны не прымаюць адзін аднаго, знаць ня хочуць адзін аднаго, можна нават сказаць — ненавідзяць адзін аднаго.
Інфармацыя менавіта пра гэты аспэкт дасьледаваньня, мяркуючы па ўсім, ня выклікала вялікага рэзанансу ў грамадзтве. І зразумела чаму. Адны — прыхільнікі ўлады — вераць у мантру аб народнай еднасьці, маўляў, народ адзіны, ну, за выключэньнем купкі адшчапенцаў, экстрэмістаў, «змагарышаў», ад якіх Беларусь чысьціць доблесны ГУБАЗІК.
Але дзіўным чынам і для іхных апанэнтаў — для праціўнікаў улады — карціна ў нечым падобная, толькі перакуленая: ёсьць народ (ну, яго пераважная большасьць) і ёсьць купка прыслужнікаў рэжыму, катаў з таго ж ГУБАЗІКу, словам, «Саша3%».
А народ, сапраўдны народ, пераважная большасьць — ён і праўда адзіны. І на думку адных, і на думку другіх.
Дык вось — гэта ня так.
У лістападаўскім 2021 году апытаньні Chatham House задавалася пытаньне пра стаўленьне рэспандэнтаў да розных грамадзкіх групаў — этнічных, сацыяльных, палітычных. З дапамогай так званай шкалы сацыяльнай дыстанцыі Багардуса вымяралася, настолькі блізкія, прымальныя для апытаных прадстаўнікі тых ці іншых групаў.
На гэтай шкале адказу «гатовы прыняць як сваяка» даваўся 1 бал, «як сябра» — 2 балы, «як суседа» — 3 балы, «як калегу» — 4 балы, «як грамадзяніна Беларусі» — 5 балаў, «як турыста ў Беларусі» — 6 балаў, «ні ў якім выглядзе не хацеў бы бачыць у Беларусі» — 7 балаў.
Чым вышэйшыя балы, тым больш непрымальныя, непрыемныя, чужыя апытанаму прадстаўнікі той ці іншай групы.
Самая блізкая ўсім апытаным група — расейцы. Самыя далёкія, чужыя, непрымальныя — арабы, цыганы, геі і асобы, якія не асацыююць сябе ні зь якім полам. А групы людзей пэўных, выразна акрэсьленых палітычных поглядаў — «перакананыя праціўнікі Лукашэнкі» і «перакананыя прыхільнікі Лукашэнкі» — наводдаль ад краёў, як ад самых прымальных, гэтак і ад самых непрымальных. Але гэта — для ўсіх апытаных.
Аднак у дасьледаваньні сацыёлягі вылучылі сярод апытаных гэтых самых асобаў выразна акрэсьленых палітычных поглядаў. У адпаведнасьці з клясыфікацыяй у лістападаўскім 2021 году апытаньні «ядро пратэсту» (перакананыя праціўнікі Лукашэнкі) склалі 30%, «бастыён Лукашэнкі» (зразумела хто) — 27%, а людзі прамежкавых або невыразных палітычных поглядаў, «нэўтралы», склалі 43%.
Сацыёлягі паглядзелі, як выглядае герархія самых прымальных і самых непрымальных групаў для апанэнтаў — для «ядра пратэсту» і «бастыёну Лукашэнкі». Хто ж для іх самыя непрымальныя, чужыя, непрыемныя? А яны ж самыя, адны для другіх. Для «бастыёну Лукашэнкі» праціўнікі Лукашэнкі — горшыя амаль за ўсіх, горшыя за цыганоў і геяў, для «ядра пратэсту» прыхільнікі Лукашэнкі — горшыя за абсалютна ўсіх.
Прычым у сілу канструкцыі шкалы гаворка не ідзе проста пра недастатковую сымпатыю ці абыякавасьць, гаворка ідзе пра актыўную і магутную эмацыйную рэакцыю, пра непрыманьне літаральна на фізіялягічным узроўні.
Народная еднасьць, кажаце? Яшчэ раз нагадаю: гаворка ідзе не пра стаўленьне народу да «купкі» (той ці другой), гаворка ідзе пра ўзаемнае стаўленьне прыкладна роўных групаў беларускага грамадзтва — 27% супраць 30%. Апытаньне праводзілася сярод інтэрнэтызаванага гарадзкога насельніцтва. Магчыма, і хутчэй за ўсё, апытаньне ўсяго дарослага насельніцтва паказала б крыху іншыя прапорцыі групаў прыхільнікаў і праціўнікаў улады. Але наўрад ці прынцыпова, кардынальна іншыя.
Зразумела, апытаньні — ня ісьціна ў апошняй інстанцыі. Але хіба палітычная практыка сёньняшняй Беларусі супярэчыць гэтай карціне прорвы, бездані паміж бакамі палітычнага супрацьстаяньня ў краіне?
Што прапанаваў Лукашэнка сваім апанэнтам падчас выступу са штогадовым пасланьнем? «Кайцеся, паўзіце на каленях», можа генпракурор і Азаронак вас і памілуюць. Адна з прычын такой пазыцыі — гэта асаблівасьці асобы Лукашэнкі. Але ня толькі. Ён адчувае, разумее, чуе пачуцьці сваіх прыхільнікаў, для якіх тыя, іншыя — чужыя, непрымальныя, ненавісныя. Зь іншага боку, ён адчувае подых прорвы, пачуцьці, эмоцыі, настроі іншай часткі грамадзтва, якая ненавідзіць і яго, і яго прыхільнікаў.
Поўнай сымэтрыі рэакцыяў няма, бо пратэставая частка грамадзтва ня мае інструмэнтаў караць. Але стаўленьне падобнае. Для пацьверджаньня гэтага прывяду прыклад з, так бы мовіць, ідэйнай сфэры.
Вядомы пісьменьнік, мастак, вэтэран дэмакратычнага руху Артур Клінаў у інтэрвію шэрагу выданьняў выказаў думкі наконт таго, што добра было б знайсьці беларусам нейкае паразуменьне, фігуральна кажучы, вярнуцца ў 2019 год. Падобныя тэзы выказаў у інтэрвію «Эўрапейскаму радыё» сябра каманды Віктара Бабарыкі, эмігрант Іван Краўцоў.
І які быў адказ прагрэсіўнай, пратэставай публікі? Цэнзурны — простае «не», нам гэта не падыходзіць. Зрэшты, не было недахопу і ў больш энэргічных і рэзкіх адказах, але з тым жа сэнсам.
Арцём Шрайбман, камэнтуючы недахопы прапановаў Краўцова, адзначыў, сярод іншага, што яны проста ня будуць прынятыя, будуць салідарна адпрэчаныя пратэставай часткай грамадзтва.
Менавіта. І гэта мы і назіралі ў рэакцыі на «тэст Клінава-Краўцова». Якая вельмі пераканаўча пацьвердзіла высновы сацыёлягаў Chatham House.
У папярэдніх дасьледаваньнях Chatham House былі паказаныя розныя аспэкты і мэханізмы гэтага расколу. У прыватнасьці, у супрацьлеглых групаў фактычна няма агульных пляцовак, інстытутаў камунікацыі: яны глядзяць, чытаюць, слухаюць розныя СМІ. Пасьля разгрому Tut.by у краіне, па сутнасьці, няма агульнанацыянальных СМІ, якія ў той ці іншай ступені ўсё ж інтэгравалі б беларусаў розных палітычных поглядаў, забясьпечвалі б нацыянальную камунікацыю.
Сацыёлягі Chatham House для характарыстыкі сытуацыі скарысталіся мэтафарай «рэха-камэры». Людзі (з кожнага лягера) чуюць толькі сябе, толькі сваё і ня чуюць, дый не жадаюць чуць чужое, непрымальнае, ненавіснае.
Што вынікае з усяго сказанага? — спытае чытач. Парада ката Леапольда — давайце жыць дружна? Не пазбаўленая сэнсу парада, дарэчы. Але для пачатку варта як мінімум усьвядоміць сытуацыю і ня цешыць сябе ілюзіямі.
Насамрэч у гэтым сэнсе беларусы дваццатых гадоў ХХІ стагодзьдзя трапілі ў сытуацыю зусім не ўнікальную. Бурныя палітычныя падзеі прыкладна такое стаўленьне частак грамадзтва адно да аднаго спараджалі і раней. Наўрад ці гугеноты і каталікі ў Францыі пасьля Барталямэеўскай ночы ставіліся адзін да аднаго лепш, чым беларусы адзін да аднаго цяпер. І хоць тады забівалі каталікі гугенотаў, а ня ўсе адзін аднаго, але нянавісьць пры гэтым была ўзаемная.
Як гэта пераадолець? Ну, адзін з варыянтаў сфармуляваў Лукашэнка: «Кайцеся, паўзіце на каленях». На яго можа разьлічваць, спадзявацца, няхай і ў пэрспэктыве, і іншы бок: «Прыйдзе наш час, і папаўзяце на каленях». Глыбіня прорвы расколу стварае моцную спакусу такога рашэньня. І справа менавіта ў спакусе, а ня толькі ў капрызе, у прыватнасьці, Лукашэнкі.
Ну, а калі ня гэта, калі не трыюмф аднаго з бакоў, прычым вечны, тады, мусіць, надзея на час. Час засыпае прорвы расколаў. А ці можна дапамагчы часу, паскорыць яго? І ці трэба? Бо спакуса такая моцная.
Перадрук з парталу Zerkalo.io
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.