Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 11 лютага: 10 дзён арышту за аватарку са сьцягам у Viber; МУС заявіла пра затрыманьне «радыкалаў-экстрэмістаў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прайшло паўтара года пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і пачатку мірных пратэстаў, аднак улады працягваюць перасьледаваць беларусаў за іхную грамадзка-палітычную пазыцыю. Свабода працягвае весьці хроніку рэпрэсій.

У Вілейцы мужчыну арыштавалі на 10 дзён за фота зь бел-чырвона-белым сьцягам на аватарцы

Жыхара Вілейкі ў канцы студзеня затрымалі за тое, што ён у групах Viber разьмяшчаў інфармацыю са свайго акаўнта, на аватарцы якога было ягонае фота зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках. Міліцыянты мясцовага РАУС расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаваньне» і склалі на яго пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

На судзе 26 студзеня жыхар Вілейкі пацьвердзіў, што гэта быў публічны пратэст супраць дзейнай улады, і цалкам прызнаў віну. Суд Вілейскага раёну прызнаў мужчыну вінаватым і арыштаваў яго на 10 дзён, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна» 11 лютага.

МУС заявіла, што сілавікі затрымалі групу «радыкалаў-экстрэмістаў»

МУС Беларусі 11 лютага заявіла, што спэцпадразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» затрымала ў Менску групу «радыкалаў-экстрэмістаў». Як сьцьвярджае МУС, яны наносілі «пратэставыя надпісы» на фасады будынкаў, у пад’ездах жылых дамоў, у грамадзкіх месцах, пашкоджвалі банэры, «у тым ліку з выявамі міліцыянтаў і вайскоўцаў», а таксама спалілі дзяржаўны сьцяг. Відэа яны публікавалі ў інтэрнэце.

Пры ператрусах у іх знайшлі «пратэставую сымболіку», балёнчыкі з фарбай і трафарэты. Паводле МУС, узрост затрыманых — ад 30 да 60 гадоў, і «ўсе яны беспрацоўныя».

УСК па Менску завяло на іх крымінальныя справы за хуліганства, учыненае групай асобаў, і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў. Акрамя пазбаўленьня волі, ім пагражае «абавязаньне кампэнсаваць шкоду, прычыненую гарадзкой маёмасьці, у стакротным памеры», дадае прэс-служба МУС.

Усе рэсурсы «Вясны» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі

Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» усе рэсурсы праваабарончага цэнтру «Вясна», у тым ліку ягоных рэгіянальных прадстаўніцтваў. Рашэньне аб гэтым прынялі яшчэ 27 студзеня.

СК заводзіць крымінальныя справы за агітацыю супраць рэфэрэндуму

Сьледчы камітэт паведаміў пра затрыманьне некалькіх чалавек, у якіх знайшлі ўлёткі з агітацыяй супраць рэфэрэндуму. На іх завялі крымінальныя справы па ч. 2 арт. 191 КК (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме).

Падчас вобшукаў, паводле СК, у 45-гадовага мужчыны і дзьвюх жанчын знайшлі і забралі «мноства ўлётак з заклікамі аб зрыве рэфэрэндуму шляхам псаваньня бюлетэняў». Яны нібыта пасьпелі распаўсюдзіць улёткі ў падʼездах жылых дамоў на вуліцы Карастаянавай у Менску. Іх узялі пад варту. Паводле 191 артыкула ім пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Аналягічную справу расьсьледуе Фрунзэнскі раённы аддзел СК супраць 59-гадовай жанчыны, якая, «дзейнічаючы па папярэдняй змове зь іншымі асобамі, вырабіла ўлёткі, што зьмяшчаюць загадзя падрыхтаваны тэкст з заклікамі аб зрыве і парушэньнях пры правядзеньні будучага рэфэрэндуму». Жанчына працуе выхавацелькай дзіцячага садку; падчас агляду яе працоўнага месца канфіскавалі ўлёткі з заклікамі прыводзіць у непрыдатнасьць бюлетэні для галасаваньня, паведамляе СК. Жанчыну затрымалі.

Затрыманьні ў Менску і Ваўкавыску

Сёньня ў Ваўкавыску затрымалі дваіх чалавек, паведамляе Hrodna.Life. Мэдсястру і адзінокую маці Марыну Сталярчук абвінавачваюць у распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзеле ў мітынгах. Аўтаэлектрыка Руслана Гусейнава затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боте «Перамога», распаўсюджваньне экстрэмісцкай інфармацыі і ўдзел у мітынгах у 2020 годзе.

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 10 лютага ў Менску затрымалі Вольгу Цыбульскую. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя, але ёсьць інфармацыя, што Вольга цяпер на Акрэсьціна.

Былая дырэктарка музэю, якая абвясьціла галадоўку ў ізалятары, выйшла на волю

Рэгіна Лавор выйшла на волю пасьля 10 дзён арышту, піша «Вясна». Стваральніцу і першую дырэктарку Івейскага музэю нацыянальных культур Рэгіну Лавор у верасьні мінулага году асудзілі на два гады «хатняй хіміі». Яе абвінавацілі ў абразе начальніка Івейскага РАУС і старшага інспэктара.

2 лютага стала вядома, што жанчыну арыштавалі на 10 сутак за парушэньне рэжыму адбываньня «хатняй хіміі». На «сутках» Рэгіна абвясьціла галадоўку. Паведамляецца, што жанчыну зьмяшчалі ў ШЫЗА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG