Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За агітацыю супраць рэфэрэндуму СК завёў крымінальныя справы. Адзін зь фігурантаў — брат Паўла Латушкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт паведаміў пра затрыманьне некалькіх чалавек, у якіх знайшлі ўлёткі з агітацыяй супраць рэфэрэндуму. На іх завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 191 КК (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме).

Першапачаткова сілавікі прыйшлі да 45-гадовага мужчыны і дзьвюх жанчын за тое, што тыя быццам «неаднаразова наносілі надпісы экстрэмісцкага характару на паштовыя скрыні ў пад’ездах», а ў сьнежні 2021 году яны нібыта сарвалі дзяржаўны сьцяг з будынка крамы на вуліцы Арлоўскай у Менску і спалілі яго.

Падчас ператрусаў, паводле СК, у іх знайшлі і канфіскавалі «мноства ўлётак з заклікамі аб зрыве рэфэрэндуму шляхам псаваньня бюлетэняў». Яны нібыта пасьпелі распаўсюдзіць улёткі ў падʼездах жылых дамоў на вуліцы Карастаянавай у Менску. Людзей узялі пад варту.

Як удакладняе праваабарончы цэнтар «Вясна», пад апісаньне ведамства падыходзяць затрыманыя раней брат Паўла Латушкі Анатоль Латушка, Лілія Ананян і Алена Маліноўская. Паводле «Белсату», сваякі пазналі Анатоля на відэа, якое сёньня апублікавала МУС (твар затрыманага быў заблюраны). Вядома, што Анатоля білі пасьля затрыманьня. Праваабаронцы прызналі ўсіх траіх палітычнымі зьняволенымі.

Аналягічную справу расьсьледуе Фрунзэнскі (г. Менск) раённы аддзел СК. Паводле ведамства, 59-гадовая жанчына, «дзейнічаючы па папярэдняй змове зь іншымі асобамі, зрабіла ўлёткі, якія зьмяшчаюць загадзя падрыхтаваны тэкст з заклікамі аб зрыве і парушэньнях пры правядзеньні будучага рэфэрэндуму».

Жанчына працуе выхавальніцай дзіцячага садку; падчас агляду яе працоўнага месца канфіскавалі ўлёткі з заклікамі прыводзіць у непрыдатнасьць бюлетэні для галасаваньня, паведамляе СК. Жанчыну затрымалі.

Намесьнік начальніка УСК па Менску Андрэй Грыб паведаміў 11 лютага, што ў Менску завялі ўжо 5 крымінальных спраў аб перашкодзе праву на ўдзел у рэфэрэндуме, піша БЕЛТА.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG