Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект Радыё Свабода «Крим.Реалії» адмовіўся выдаляць матэрыялы на патрабаваньне ўладаў Расеі


Лягатып «Крим.Реалії»
Лягатып «Крим.Реалії»

Расейскі рэгулятар Раскамнагляд (Роскомнадзор — рас.) патрабаваў ад праекту Радыё Свабода аб Крыме выдаліць навіны з камэнтарамі расейскага апазыцыйнага палітыка Гары Каспарава і матэрыялы аб прызыве на вайсковую службу ў акупаваным Расеяй Крыме.

Праект «Крим.Реалії» паведаміў, што атрымаў 12 новых паведамленьняў з патрабаваньнем выдаліць матэрыялы, у асноўным пра прызыў у расейскае войска на акупаваным Крымскім паўвостраве.

Раскамнагляд лічыць, што гэтыя артыкулы, напісаныя ў 2019-2021 гадах, «зьмяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой у Расеі забаронены рашэньнем суду». Расейскае ведамства ўдакладніла, што «забаронены» матэрыял не прызнае вынікаў «крымскага рэфэрэндуму».

Раскамнагляд таксама расцэньвае камэнтар расейскага апазыцыянэра Гары Каспарава, які заклікаў неадкладна вярнуць анэксаваны Крым пад кантроль Украіны, як «заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці».

4 і 5 лютага Раскамнагляд накіраваў паведамленьне ў рэдакцыю «Крим.Реалії». Аднак рэдакцыя ня выдаліла матэрыялаў, пра якія ідзе гаворка, бо яны адпавядаюць рэдакцыйным стандартам.

Раскамнагляд таксама запатрабаваў выдаліць матэрыялы аб расьсьледаваньні ФБК з расейскай службы Радыё Свабода, тэлеканалу «Настоящее время», сайтаў «Сибирь.Реалии», «Север.Реалии», «Идель.Реалии» і іншых праектаў RFE/RL.

«Крим.Реалії» — крымскі праект украінскай службы Радыё Свабода, запушчаны ў сакавіку 2014 году, пасьля акупацыі Крымскага паўвострава Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG