200 дзён Стэфановіча, Лабковіча і Бяляцкага
Больш за 200 дзён за кратамі ўтрымліваюць старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага, намесьніка старшыні Валянціна Стэфановіча і юрыста Ўладзімера Лабковіча. Іх затрымалі 14 ліпеня 2021 году за праваабарончую дзейнасьць, абвінаваціўшы ў нясплаце падаткаў у буйным памеры. 28 студзеня суд Партызанскага раёну Менску разгледзеў чарговую скаргу Алеся Бяляцкага на падаўжэньне тэрміну заключэньня пад варту, піша «Вясна».
Дэталі працэсу невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме, а адвакат даў падпіску аб неразгалошваньні.
У адным зь лістоў на волю Бяляцкі выказаўся пра страту сябра Рады арганізацыі Сяргея Гоўшы:
«Зь вялізным жалем даведаўся, што пайшоў з жыцьця мой даўні сябра і блізкі мне чалавек Сяргей Гоўша. Гэта вялікая і невымерная страта для нас, для мяне асабіста. Вялікае спачуваньне ягонай жонцы і дзецям. Сыход Сяргея не павінен уводзіць нас у беспрасьветны сум. Зразумелая прычына ягонай сьмерці. Жыцьцё з сэнсам, актыўнае жыцьцё і вера ў тое, што жыцьцё перамагае сьмерць, мусіць рухаць нас далей, дзе б мы ні знаходзіліся. Памятаю, як мы разам зь ім за сталом любілі сьпяваць „Зорку Вэнэру“. Вось такім, узрушана сьветлым, ён застаецца ў маёй памяці».
Таксама праваабаронца расказаў пра свой настрой за кратамі:
«У мяне ўсё па-старому. Дні праходзяць, дні лятуць. Увесну настрой у мяне заўсёды весялейшы. Таму чакаю даўжэйшых дзён, сьпеваў птушак і ярчэйшага сонца».
Уладзімер Лабковіч таксама даслаў ліст, у якім расказаў пра свой стан здароўя і пра кнігі, прачытаныя апошнім часам:
«Прачытаў я тут раман Артура Клінава „Шклатара“. Гэта такі шыкоўны твор пра Мінск-Менск 2010 году з адсылкай да Беларусі XIX ст. Такі раман пра разбурэньне нашай Атлянтыды. У 2010 годзе мы яе разбурылі, а ў 2020-м яна канчаткова сышла на дно з усімі сваімі руінамі. Даўно мяне прачытанае настолькі ня ўражвала. Заўважыў, што па-беларуску ўсе творы пра катастрофу, тугу і сьмерць. Беларуская мова ўвогуле не пра радасьць і каханьне, а пра боль, пакуты, катастрофу, а затым і сьмерць».
Ад намесьніка старшыні «Вясны» Валянціна Стэфановіча навінаў пакуль няма.
Марфа Рабкова 500 дзён у зьняволеньні
Каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова знаходзіцца ў СІЗА-1 ужо больш за 500 дзён. На гэты момант справа супраць яе ўжо ў Менскім гарадзкім судзе, але дата разгляду яшчэ не прызначаная. Праваабаронцу абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу за падзеі 2016–2020 гадоў, ёй пагражае да 20 год зьняволеньня. У нядаўнім лісьце Марфа расказала, што ў яе ўсё ў парадку:
«Перажылі шэраг сьвятаў, настрой не разгубіла, а нават назапасіла! Гляджу ў будучыню зь вялікім запасам аптымізму! Бо наша Вясна так блізка!
Са здароўем усё нармальна, трохі сваволяць ціск і зубы, але нічога звышкрытычнага. Учора [11 студзеня. — заўв. „Вясны“] прыйшла папера, што справа перададзена ў Менскі гарадзкі суд. Прыблізна ў лютым ужо можа пачацца судовы працэс, пачынаю да яго маральна рыхтавацца. Люты ў нас наогул насычаны месяц. Азнаёмілася з тэкстам Канстытуцыі, але лепш камэнтаваць яго ня буду. Сочым за падзеямі ў Казахстане і перамовамі паміж Расеяй і ЗША. Спадзяюся, што сьвет рушыць да прагрэсу, а не рэгрэсу. Час усё расставіць па сваіх месцах».
Леаніда Судаленку этапавалі ў калёнію
26 студзеня палітзьняволенага праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку этапавалі ў папраўчую калёнію № 3 «Віцьба». Леаніда асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і ў «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў іх, а таксама фінансаваньні такіх дзеяньняў» (ч. 2 арт. 342 КК).
14 студзеня Гомельскі абласны суд пакінуў апэляцыйную скаргу праваабаронцы без задавальненьня, а прысуд бязь зьменаў. Праваабаронца знаходзіцца за кратамі ўжо больш за год.
За мінулы тыдзень не было навінаў пра валянтэрку «Вясны» з Рэчыцы Тацяну Ласіцу. Вядома, што яе ў хуткім часе павінны этапаваць у папраўчую калёнію № 4. Ласіцу асудзілі на 2,5 года па тых самых артыкулах і іх падпунктах, што і Судаленку.