Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган: Турэччына гатовая прыняць саміт Украіны і Расеі


Прэзыдэнты Ўкраіны — Уладзімір Зяленскі і Турэччыны — Рэджэп Эрдаган падчас візыту турэцкага лідэра ва Ўкраіну, Кіеў, 3 лютага 2022 г.
Прэзыдэнты Ўкраіны — Уладзімір Зяленскі і Турэччыны — Рэджэп Эрдаган падчас візыту турэцкага лідэра ва Ўкраіну, Кіеў, 3 лютага 2022 г.

Турэччына гатовая арганізаваць сустрэчу на ўзроўні прэзыдэнтаў Украіны і Расеі. Пра гэта заявіў 3 лютага па выніках украінска-турэцкіх перамоваў у Кіеве прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў турэцкаму калегу і ўхваліў ініцыятыву Эрдагана стаць пасярэднікам паміж Украінай і Расеяй на шляху да завяршэньня вайны на Данбасе.

«Для міру ва Ўкраіне мы гатовыя рабіць усё магчымае, на ўсіх пляцоўках, ва ўсіх фарматах. Ня мае значэньня, дзе менавіта можна паставіць кропку ў вайне. Важна, каб усе былі шчыра гатовыя да гэтага», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны таксама выказаў падзяку лідэру Турэччыны за адкрытую размову і важны візыт.

«Ён яскрава дэманструе, хто сябар Украіны, хто гатовы быць з намі і заўсёды дапамагаць. Украіна заўсёды будзе памятаць аб гэтым. І таксама заўсёды будзе гатовая прыйсьці на дапамогу. Але я шчыра веру, што нашае сяброўства будуць умацоўваць не агульныя пагрозы, а агульныя перамогі», — рэзюмаваў Уладзімір Зяленскі.

«Гаворка і аб падтрымцы крымскіх татараў, і аб будаўніцтве жытла для перасяленцаў з Крыму. У гэтай справе сапраўды ёсьць прагрэс. Упэўненыя, што хутка будзе і вынік, а менавіта — імплемэнтацыя гэтага важнага праекту ў Хэрсоне, Мікалаеве і Кіеве», — падкрэсьліў кіраўнік Украіны.

У сваю чаргу, Эрдаган падкрэсьліў, што Турэччына працягвае падтрымліваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, уключна з Крымам.

Пагадненьне аб свабодным гандлі

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль і міністар гандлю Турэччыны Мэхмэт Муш пасьля пасяджэньня ўрадавых дэлегацыяў дзьвюх краінаў падпісалі пагадненьне аб свабодным гандлі.

«Нават да падпісаньня пагадненьня наш узаемны гандаль усталяваў рэкорд і вырас за мінулы год да сямі мільярдаў даляраў — больш як напалову. Гэта доказ, што нашая мэта, імкненьне прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў — а гэта дзесяць мільярдаў даляраў — больш чым рэальная. А пагадненьне аб свабодным гандлі дапаможа дасягнуць яго хутчэй, чым чакалася», — падкрэсьліў Зяленскі.

Бесьпілётнікі і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва

Украіна і Турэччына таксама падпісалі рамачнае пагадненьне, якое дасьць магчымасьць умацаваць супрацоўніцтва ў сфэры высокіх тэхналёгіяў, авіяцыйнай і касьмічнай галінах, у пытаньні распрацоўкі, вытворчасьці і эксплюатацыі бесьпілётных лятальных апаратаў сямейства Bayraktar.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG