У судзе Чыгуначнага раёну Гомля яшчэ 6 сакавіка 2024 году над Вольгай Маёравай адбыўся суд паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Судзьдзя Ганна Сакалова прызнала яе вінаватай і прызначыла яшчэ 1,5 года зьняволеньня ў дадатак да 20 гадоў калёніі.
Пра вырак даведаліся праваабаронцы.
Вольга ўжо адбывае тэрмін у папраўчай калёніі № 24 у Зарэччы.
Маёрава — грамадзкая дзяячка, раней актыўная сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яе затрымалі 4 студзеня 2021 году ў сваім доме ў так званай «справе Мікалая Аўтуховіча». Прызналі вінаватай паводле шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «замаху на захоп дзяржаўнай улады» (арт. 357 КК).
Горадзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 году агучыў прысуд 12 фігурантам «справы Аўтуховіча». Вольгу асудзілі да 20 гадоў калёніі і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў). На судзе яна не прызнала віны.
У зьняволеньні Маёраву неаднаразова зьмяшчалі ў карцар і выдалялі з судовых пасяджэньняў. У адным зь лістоў яна паведаміла, што ў яе падазраюць цукрыцу.
У Гомельскім абласным судзе 29 траўня адбыўся разгляд апэляцыйнай скаргі Вольгі. Рашэньне прымала судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Анатоля Тозіка.
Адрас палітзьняволенай Вольгі Маёравай: ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласьць.
Форум