Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і колькі страціць ад транзытнай вайны Беларусі і Літвы


Беларуськалій, Салігорск
Беларуськалій, Салігорск

Што згубіць Літва ў выніку адмовы ад транзыту беларускіх калійных угнаеньняў? Якія выдаткі — грашовыя і палітычныя — давядзецца плаціць Беларусі за перанакіраваньне свайго калійнага транзыту на Расею? Куды Вільня перанакіруе транзыт празь Беларусь, які будзе спынены 7 лютага? Ці скампэнсуе Эўразьвяз Літва яе выдаткі ад транзытнай вайны зь Беларусьсю?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Асноўныя тэзісы Яраслава Раманчука

  • Былі падлікі Міністэрства фінансаў Літвы. Паводле іх, страты ад спыненьня беларускага калійнага транзыту складаюць 100–150 мільёнаў даляраў. Гэта шмат, асабліва для бюджэту Клайпеды. Але для Эўразьвязу кампэнсаваць гэтыя страты для Літвы нескладана, ЭЗ на гэта грошы знойдзе.
  • Калі на пачатку 90-х Расея ціснула на Літву цэнамі на паліва, Літва выстаяла, хоць і холадна было ў кватэрах.
  • Калі Расея закрывала свой рынак для грузінскага віна і для польскіх мяса і яблыкаў, то гэта было балюча, але праз 3–5 гадоў знайшліся новыя рынкі, а вытворчасьць гэтых прадуктаў нават павялічыліся.
Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
  • Страты ад транзытнай вайны Беларусі і Літвы — гэта страты вайны цывілізацыяў: Эўразьвязу — і аўтарытарных, калі не таталітарных, Беларусі і Расеі. Беларускі бок разьлічвае, што Расея скампэнсуе яго страты.
  • Прозьвішча, якое часта прыгадвае Лукашэнка і яго атачэньне, — гэта Баўмгертнэр, топ-мэнэджар «Уралкалію», які на пачатку 10-х гадоў правёў некалькі месяцаў у беларускай турме.
  • Сёньня ёсьць інфраструктура, каб перанакіраваць паток беларускіх нафтапрадуктаў у расейскія парты, і ёй і скарысталіся. А вось інфраструктура чыгункі і марскіх тэрміналаў для транзыту калійных угнаеньняў — гэта інвэстыцыйны плян, які трэба было рабіць на працягу 5 гадоў. Хутка гэта зрабіць для 8–10 мільёнаў тонаў угнаеньняў немагчыма. З нафтапрадуктамі была інфраструктура, якую прафінансавалі расейскія кампаніі.
  • Дзьмітры Мазепін, уладальнік «Уралкалію», пойдзе да Пуціна і скажа: Гэта ж мы — расейская кампанія. Дык давайце мы ўзгоднім, колькі беларускіх угнаеньняў мы будзем прапускаць праз нашыя парты. І, магчыма, у гэтай сытуацыі і Крэмль, і «Ўралкалій» у абмен на гэтыя паслугі запатрабуюць долі ў «Беларуськаліі».
  • І джокера ў гэтай гульні будзе мець Расея. І расейская чыгунка можа запатрабаваць долі ў беларускай чыгунцы за такія паслугі. Гэта для расейцаў шанец паглынуць стратэгічныя кампаніі Беларусі.
  • Мазепін — гэта ня Сечын, не Нарышкін, гэта ня кола Пуціна, ён не кіраўнік дзяржкарпарацыі. Гэта проста вялікі бізнэс. Пуцін ня стане загадваць Мазепіну рабіць нешта дзеля Беларусі на шкоду яго бізнэсу. Такое эканамічнае паглынаньне будзе ў адным рэчышчы з умацаваньнем расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі.
  • Сытуацыя з транзытам калійных угнаеньняў прымушае Лукашэнку паўзьці на каленях у Крэмль.
  • Наконт індыйскага кантракту на ўгнаеньні — а як яны іх будуць да сябе перавозіць? На сланах хіба. Ды няма ў іх столькі сланоў. Гэта жарт, але практычна як даставіць туды гэтыя ўгнаеньні?
  • Пасьля таго як Беларусь спыніла літоўскі транзыт праз сваю тэрыторыю, Літва можа скарыстацца шляхамі абыходу як праз Польшчу, гэтак і праз Латвію і далей праз Расею.
  • Зразумела, хутка перанакіраваць гэтыя транзытныя патокі не атрымаецца. І частку транзыту літоўцы страцяць. Аднак яны могуць разьлічваць на кампэнсацыю з боку ЭЗ, бо гэта канфлікт не Літвы зь Беларусьсю, а Эўразьвязу зь Беларусьсю.
  • Калі стане зразумела, што гэтая сытуацыя надоўга, то Эўразьвяз можа прыняць інфраструктурны праект будаўніцтва чыгуначных шляхоў у абыход Беларусі.
  • Беларускі бок дарма спадзяецца, што страта транзыту празь Беларусь прымусіць Літву аднавіць калійны транзыт.
  • На рынку няма рэсурсаў — чыгункі, вагонаў, каб хутка перавезьці нават дадатковыя паўмільёна тон грузаў. Вайна бяз стратаў ня можа быць.
  • Калі Літва паспрабуе перанакіраваць транзыт зь Беларусі на Расею, то Расея наўрад ці адмовіцца ад гэтага. Гэта заробак, гэта бізнэс. І тое самае будуць рабіць і азэрбайджанцы, і казахі — уся Азія.
  • Рашэньне Літвы спыніць транзыт беларускіх калійных угнаеньняў ляжыць у рэчышчы выкананьня агульнаэўрапейскай санкцыйнай палітыкі.
  • Былі ж нават скандалы, калі пасьля прыняцьця адпаведнага пакету санкцыяў Літва працягвала калійны транзыт. Так што я ня думаю, што гэта было аднаасобнае рашэньне Вільні, ня ўзгодненае з Брусэлем.
  • Таму Літва можа разьлічваць на кампэнсацыю Эўразьвязам сваіх стратаў ад гэтага гандлёвага канфлікту.

Што было раней

Ад 1 лютага Літва спыніла транзыт прадукцыі «Беларуськалію» праз сваю тэрыторыю. Яшчэ ў першай палове студзеня літоўскі ўрад пастанавіў, што гэта не адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны.

«Беларуськалій» трапіў пад амэрыканскія санкцыі, таму супрацоўніцтва зь ім пагражала непрыемнасьцямі літоўскаму боку.

Беларусь увяла санкцыі ў адказ на спыненьне транзыту сваіх калійных угнаеньняў празь Літву з 1 лютага.

«Намі прынятае рашэньне аб забароне перавозак транзытам па сваёй тэрыторыі, якія сьледуюць зь Літвы чыгуначным транспартам, нафтапрадуктаў, хімічных і мінэральных угнаеньняў, пагружаных на станцыях «Літоўскіх чыгунак», — заявіў 2 лютага прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Забарона набудзе моц 7 лютага 2022 году. Як сьцьвярджае прадстаўнік МЗС, па тэрыторыі Беларусі перавозіцца каля 1,5–1,6 млн тон такіх грузаў на суму больш за 1 млрд даляраў ЗША штогод.

Анатоль Глаз адзначыў, што рашэньне стала адказам на забарону транзыту беларускіх тавараў празь літоўскія парты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG