«Беларуськалій» трапіў пад амэрыканскія санкцыі, таму супрацоўніцтва зь ім пагражала непрыемнасьцям і літоўскаму боку.
Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка ў камэнтары для дзяржаўнага агенцтва БелТА зазначыў, што Беларусь пераарыентавала транзыт зь Літвы на Расею.
«Мы даўно рыхтаваліся да дадзенай сытуацыі, гэта было анансавана. Мы, як і абяцалі, свае пастаўкі пераарыентавалі. За кошт больш доўгага лягістычнага пляча нашы вытворцы крыху страцілі ў маржынальнасьці, але яна будзе кампэнсаваная ростам сусьветных цэнаў», — сказаў Галоўчанка.
Тым ня менш расейскае выданьне «Коммерсантъ» піша, што альтэрнатыўных шляхоў паставак на сусьветны рынак беларускага калію папросту не існуе. «Менск нават не спрабаваў дамовіцца аб новых схемах з ключавымі расейскімі кампаніямі, у якіх ёсьць транспартныя магутнасьці», — піша выданьне.
Таксама «Коммерсантъ» лічыць, што беларускі калій на сусьветным рынку можа дастаткова хутка замяніць канадзкая кампанія Nutrien.
«Мне здаецца, што беларускі бок у пытаньні пераарыентацыя калію зь Літвы на Расею выдае жаданае за сапраўднае, — кажа расейскі экспэрт, кіраўнік аналітычнага аддзелу парталу Portnews Віталь Чарноў. — Транспартаваньне празь Літву таньнейшае за расейскі варыянт, але пытаньне нават ня ў гэтым, а ў магчымасьцях расейскіх партоў».
Паводле Чарнова, на сёньняшні дзень Расея ня можа сама абысьціся ў пытаньнях транспартаваньня мінэральных угнаеньняў без замежных партоў.
«У партах Расеі захоўваецца дэфіцыт магутнасьцяў для працы зь мінэральнымі ўгнаеньнямі: каля 8 мільёнаў тон на год перагружаецца праз Латвію і Эстонію. Адпаведна, калі расейская інфраструктура ня можа пакуль забясьпечыць пераарыентацыю ўласных угнаеньняў, то гаварыць, што яна зможа прымаць 11 мільёнаў тон беларускіх, дастаткова цяжка».
Як вэрсію Чарноў гаворыць, што тэарэтычна беларускія аб’ёмы калію зможа прыняць тэрмінал «Ультрамар» у порце Усць-Луга, што ў Ленінградзкай вобласьці.
«Сёлета гэты тэрмінал выйдзе на магутнасьць у 12 мільёнаў тон у год, аднак трэба ўлічваць, што празь яго будуць ісьці і расейскія ўгнаеньні. Прыняць значны аб’ём беларускіх угнаеньняў, на мой погляд, на гэты момант можна толькі за кошт выцясьненьня расейскіх назад у парты Латвіі і Эстоніі, а гэта было б дастаткова дзіўным».
А ці ня будуць для расейскіх партоў стрымальным фактарам амэрыканскія санкцыі супраць «Беларуськалію»?
«Ніводзін прыватны стывідор (спэцыялізаваныя кампаніі, якія займаюцца пагрузкай і разгрузкай суднаў) не захоча зьвязвацца з санкцыямі. Хіба што толькі на на яго адміністрацыйна націснуць», — лічыць Віталь Чарноў.