Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Клайпедзе цяпер 700 вагонаў „Беларуськалію“». Што адбываецца на чыгунцы пасьля забароны транзыту беларускіх угнаеньняў


Забарона пачала дзейнічаць з 1 лютага. Апошні беларускі цягнік з угнаеньнямі заехаў у Літву ўвечары 31 студзеня.

  • Пра намер Літвы забараніць транзыт прадукцыі «Беларуськалію» праз сваю тэрыторыю стала вядома ў канцы 2021 году.
  • Гэтаму папярэднічала некалькі скандалаў, у выніку якіх у адстаўку падалі адразу некалькі міністраў літоўскага ўраду.
  • Страціў працу і кіраўнік «Літоўскіх чыгунак», а транзыт беларускіх угнаеньняў з дапамогай дзяржаўнага перавозчыка мусіў быць цалкам спынены з 1 лютага.
  • З прапановай наладзіць перавозкі беларускіх угнаеньняў да ўладаў Літвы і ў «Літоўскія чыгункі» зьвярнулася пяць іншых кампаній, аднак усім ім было адмоўлена.

Расказваем, што вядома пра цягнікі зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі сёньня.

У асноўным саставы з вагонамі «Беларуськалію» да Клайпеды транспартаваліся праз Слуцак, Баранавічы і Ліду. Часткова таксама іх шлях ляжаў да Асіповічаў і далей па электрыфікаванай лініі празь Менск, Маладэчна і Гудагай.
Сытуацыю зь цягнікамі «Беларуськалію» ранкам 1 лютага пачалі актыўна абмяркоўваць на чыгуначных форумах. Паводле агучаных там зьвестак, у першай палове дня па лініі Слуцк — Баранавічы — Ліда заўважылі два саставы з вагонамі «Беларуськалію», яшчэ адзін быў зафіксавалі ў раёне Маладэчна. Усе яны накіроўваюцца ў Літву. Да забароны транзыту ў Літву зь Беларусі штодня прыбывала 6-7 саставаў з прыкладна 50 вагонамі «Беларуськалію» кожны.

Цяпер на тэрыторыі Літвы знаходзіцца каля 1000 чыгуначных вагонаў, якія належаць «Беларуськалію», гэта прыкладна 20 саставаў.

«Толькі ў Клайпедзе зараз каля 700 вагонаў «Беларуськалію», — паведаміў у чыгуначнай групе адзін зь літоўскіх удзельнікаў. Усе беларускія вагоны зь Літвы плянуюць вярнуць у Салігорск да 7 лютага.

Што будзе з саставамі «Беларуськалію», якія паспрабуюць трапіць на тэрыторыю Літвы 1 лютага, пакуль незразумела. Усе таварныя чыгуначныя саставы, якія прыбываюць у Літву зь Беларусі, праходзяць мытны кантроль на станцыі «Вайдотай» ля Вільні. Паводле інфармацыі «Эўрарадыё», у першыя дні пасьля забароны транзыту на тэрыторыю Літвы могуць заехаць некалькі саставаў, што перавозяць іншую прадукцыю «Беларуськалію», якая ня трапіла пад заходнія санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG