Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі МЗС заявіў пра спыненьне літоўскага транзыту празь Беларусь


 Беларуская чыгунка
Беларуская чыгунка

Беларусь увяла санкцыі ў адказ на спыненьне транзыту сваіх калійных угнаеньняў празь Літву з 1 лютага.

«Намі прынятае рашэньне аб забароне перавозак транзытам па сваёй тэрыторыі, якія сьледуюць зь Літвы чыгуначным транспартам, нафтапрадуктаў, хімічных і мінэральных угнаеньняў, пагружаных на станцыях «Літоўскіх чыгунак», — заявіў 2 лютага прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Забарона набудзе моц 7 лютага 2022 году. Як сьцьвярджае прадстаўнік МЗС, па тэрыторыі Беларусі перавозіцца каля 1,5–1,6 млн тон такіх грузаў на суму больш за 1 млрд даляраў ЗША штогод.

Анатоль Глаз адзначыў, што рашэньне стала адказам на забарону транзыту беларускіх тавараў празь літоўскія парты. Паводле яго, беларускі бок прапаноўваў кансультацыі для ўрэгуляваньня пытаньняў, але Літва не пайшла на гэта.

На думку Глаза, рашэньне ўраду Літвы аб спыненьні транзыту беларускіх калійных угнаеньняў «найгрубейшым чынам парушае нормы права, прамыя двухбаковыя і шматбаковыя абавязаньні літоўскага боку» і ёсьць «элемэнтам гібрыднай агрэсіі ў адносінах да Беларусі». Паводле яго, пагадненьне ад 3 красавіка 2000 году аб умовах транзыту беларускіх грузаў з выкарыстаньнем партоў і іншай транспартнай інфраструктуры Літвы, а таксама Канвэнцыя ААН па марскім праве «юрыдычна абавязваюць Літву даць Беларусі транзыт як краіне, якая ня мае выхаду да мора».

З 1 лютага Літва спыніла транзыт прадукцыі «Беларуськалію». У гэты дзень на тэрыторыі Літвы яшчэ заставаліся каля 1000 вагонаў зь беларускай калійнай прадукцыяй.​

  • Пра намер Літвы забараніць транзыт прадукцыі «Беларуськалію» праз сваю тэрыторыю стала вядома ў канцы 2021 году.
  • Гэтаму папярэднічала некалькі скандалаў, у выніку якіх у адстаўку падалі адразу некалькі міністраў літоўскага ўраду.
  • Страціў працу і кіраўнік «Літоўскіх чыгунак», а транзыт беларускіх угнаеньняў з дапамогай дзяржаўнага перавозчыка мусіў быць цалкам спынены з 1 лютага.
  • З прапановай наладзіць перавозкі беларускіх угнаеньняў да ўладаў Літвы і ў «Літоўскія чыгункі» зьвярнуліся пяць іншых кампаній, аднак усім ім адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG