З 2014 году ў «Беларусском журнале» выходзілі аналітычныя артыкулы і агляды, друкаваліся меркаваньні палітолягаў, эканамістаў і культуролягаў, піша БАЖ.
На сайце ёсьць такія разьдзелы, як «Палітыка», «Грошы», «Жыцьцё» і «Арт», таксама даступны архіў матэрыялаў.
Праект перастаў абнаўляцца пасьля затрыманьня Андрэя Аляксандрава год таму. Але калегі журналіста аднавілі доступ да сайту journalby.com.
Хто такі Андрэй Аляксандраў
Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў межах іхнай справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Спачатку Аляксандрава абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 году ў Ніжнім Тагіле.
- Дзяцінства прайшло ў Паставах. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».
- У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
- Вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане.
- Быў штатным супрацоўнікам міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацыяў Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся ў Беларусь.
- У 2015–2018 быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля працаваў у агенцтве мэдыякансультантам на дамове.
- Андрэй любіць футбол (заўзее за «Лівэрпуль»), літаратуру, піша вершы.