Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 студзеня: 3 гады калёніі за адзін камэнтар; 14 дзён арышту і канфіскацыя тэлефону за рэпост з сацсетак Свабоды

абноўлена

Суд у Менску
Суд у Менску

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

У судзе Ленінскага раёну Менску 12 студзеня арыштавалі менчука за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Як паведамляе «Вясна», падставай для яго затрыманьня стаў рэпост 15 сьнежня ў сторыз на сваёй старонцы ў Instagram паста з Радыё Свабода пра акцыю пратэсту супраць выракаў фігурантам «справы Ціханоўскага».

Падсудны на судзе прызнаў, што ведаў пра прызнаньне ўладамі старонкак Свабоды ў Instagram экстрэмісцкімі.

Судзьдзя Анастасія Ачалава прызнала падсуднага вінаватым па арт. 19.11 КаАП і пастанавіла арыштаваць яго на 14 сутак, а таксама канфіскаваць ягоны тэлефон.

Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку.

25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу.

Журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня ў Менску ў ягонай кватэры людзі ў масках. Як паведаміў жонцы сьледчы Коласаў, Алега Грузьдзіловіча перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Паводле сьледчага, Алег праходзіць па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, і мера стрыманьня яму зьмененая на арышт. За час пасьля папярэдняга арышту ніводнага допыту Алега Грузьдзіловіча не было.

3 гады калёніі за адзін камэнтар

38-гадовага палітвязьня Руслана Кузьміча прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Паводле зьвестак сьледзтва, як піша «Вясна», 3 кастрычніка 2021 году ў адным з «дэструктыўных тэлеграм-каналаў» ён пакінуў камэнтар «у падтрымку экстрэмісцкай дзейнасьці і выкарыстаньня зброі» пад відэа, у якім дэманструецца выкарыстаньне зброі.

Згодна з паведамленьнямі пракуратуры, у камэнтары «Ок, пришло время дастовать оружие. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!» абвінавачаны «падахвочваў іншых грамадзян да гвалтоўных супрацьпраўных дзеяньняў, у тым ліку з выкарыстаньнем зброі».

Імаверна, справа зьязаная з камэнтаром пасьля перастрэлкі Андрэя Зельцара з КДБ ва ўласнай кватэры. Пасьля гэтага сілавікі затрымлі некалькі чалавек па ўсёй краіне, іх трымалі некалькі тыдняў у ізалятарах безь перадач і зьменнага адзеньня.

Цягам 2020 года Кузьміча двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 23.34.

У Менску затрымалі грамадзянку РФ — яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах

27 студзеня ў Менску затрымалі грамадзянку Расейскай Фэдэрацыі, якая мае від на жыхарства ў Беларусі, Веру Цьвікевіч.

Папярэдне, яе абвінавачваюць па арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

У Віцебску затрымалі актывіста Міколу Качурца

У яго сілавікі 26 студзеня правялі ператрус, забралі камп'ютар. Цяпер Качурац знаходзіцца ў Віцебскім ІЧУ, паведамляе «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG