Улады не зрабілі ніякіх спробаў, каб ухіліцца ў прававым рэгуляваньні выбарчых працэдур ад фактараў, якія пацягнулі за сабой надыход поствыбарнага крызісу ў жніўні 2020 году, піша «Вясна».
Тэкст праекту новай рэдакцыі Канстытуцыі стаў даступны грамадзкасьці за месяц да прызначэньня рэфэрэндуму. У гэты пэрыяд улады арганізавалі абмеркаваньне прадстаўленага праекту галоўным чынам у працоўных калектывах, яно хутчэй насіла характар агітацыі.
Працэс абмеркаваньня зьменаў і дадаткаў у праект Канстытуцыі і разгляду прапаноў ніяк ня ўлічваў крытычных меркаваньняў і стаў чарговым прыкладам фармальнай практыкі «ўсенароднага абмеркаваньня», пакліканага падмяніць сабою празрыстае і інклюзіўнае абмеркаваньне прапаноў розных групаў грамадзтва.
21 студзеня ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заявіла, што ня будзе назіраць за рэфэрэндумам. Але праваабаронцы ініцыявалі экспэртную місію для кампаніі.
У сувязі з правядзеньнем рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю Беларусі прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выступілі з супольнай заявай.
У ёй, сярод іншага, праваабаронцы зазначылі, што ня змогуць накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасаваньня, аднак запусьцяць экспэртную місію для назіраньня за рэфэрэндумам.
«На жаль, у апошнія паўтара года замест эфэктыўнага дыялёгу зь людзьмі і грамадзянскай супольнасьцю па абмеркаваньні прапановаў наконт зьмены Канстытуцыі, дээскаляцыі сытуацыі ў краіне ўлады яшчэ больш раскруцілі махавік рэпрэсій і перасьледу іншадумцаў, прынялі пакет драконаўскіх зьменаў у заканадаўства», — адзначаюць прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Сытуацыю з асноўнымі правамі і свабодамі ў Беларусі яны называюць «сапраўднай катастрофай», падкрэсьліваючы, што грамадзтва цяпер знаходзіцца «ў атмасфэры татальнага страху», калі любыя крытычныя заўвагі — гэта нагода для перасьледу на працы, адвольнага пазбаўленьня волі, ужываньня гвалту і катаваньняў.