Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у інтэрвію Свабодзе тлумачыць, чаму лічыць анансаваныя Лукашэнкам і Пуціным вайсковыя вучэньні акупацыяй Беларусі, расказвае, што мог бы зрабіць для Беларусі Захад у такой сытуацыі, адказвае на пытаньні пра канстытуцыйны рэфэрэндум і пра тое, ці верыць ён, што Лукашэнка рыхтуе транзыт улады.
Цалкам гутарку глядзіце ў відэаінтэрвію. Ніжэй прыводзім фрагмэнт размовы.
«Рэжым нелегітымны і ня мае права распараджацца лёсам нацыі»
— Шмат шуму нарабіла вашая заява пра акупацыю Беларусі. Лукашэнка і Пуцін называюць прыбыцьцё войскаў у Беларусь падрыхтоўкай да вучэньняў. Вучэньні адбываюцца ў Беларусі нярэдка, чаму цяпер гэта акупацыя?
— Гаварыць можна што хочаш. Тое, што гэта названа вучэньнямі, не мяняе сутнасьці. Акупацыяй называецца ўвод узброеных сілаў у іншую краіну ў інтарэсах акупанта. У міжнародным сэнсе мае вялікае значэньне, у якім стане знаходзіцца ўлада краіны, куды ўводзяцца войскі. Калі ўлада легітымная, то могуць быць розныя віды акупацыі. Можа быць па дамоўленасьці, можа быць пасьляваенная акупацыя, можа быць на нейкі тэрмін, нават увядзеньне ваенных базаў. Гэта таксама віды акупацыі.
Тое, што здарылася ў Беларусі, — гэта тыповая акупацыя. Па-першае, рэжым зьяўляецца нелегітымным, і таму ў яго няма ніякага права распараджацца лёсам нацыі. Па-другое, гэты рэжым зьяўляецца рэжымам унутранай акупацыі. Гэта значыць, што 27 гадоў таму Масква паставіла свайго стаўленіка, яна цалкам яго кантралюе, і эканамічна, і палітычна. Рэжым праводзіў палітыку цалкам у інтарэсах РФ — закрыцьцё школаў, мова, эканоміка, шмат што. Тыя вучэньні, якія праводзіліся раней, ня маюць ніякай патрэбы для нашай краіны. Гэта пэрманэнтная акупацыя.
Наконт гэтых вучэньняў беларусы заўсёды вельмі непакоіліся, таму што няма гарантый, што войскі не застануцца, што ня будуць уплываць. А гэта была дэманстрацыя таго, што вы не дзяржава, а мы што хочам, тое і робім. І што той чалавек, які вамі ня выбраны, вырашае пад нашым ціскам нашыя пытаньні.
Цяпер гэта ўсё больш небясьпечна. Гэтыя вучэньні не былі заплянаваныя. Яны імгненна зьявіліся ў выніку абставінаў. Уводзіцца вялізарная армада войскаў і разьмяркоўваецца па ўсёй Беларусі, ня толькі на палігонах, але і ўздоўж украінскай мяжы. Акрамя таго, выкарыстаны цяжкі момант у адносінах з Украінай. Уся грамадзкая думка, у тым ліку і міжнародная, накіраваная на Ўкраіну.
«Беларуская тэрыторыя зараз — пад кантролем расейскага войска, і Лукашэнка нічога ня можа зрабіць»
— Многія тлумачаць гэтае прыбыцьцё войскаў той вайной нэрваў, якая трывае апошні час. Каб напалохаць Захад, каб прымусіць пайсьці на саступкі, каб Байдэн сеў за стол перамоваў з Пуціным.
— Гэты элемэнт ёсьць, але не забывайце, што Пуцін вылучаў Захаду ўльтыматум, які Захад ня мог прыняць. Звычайна такія ўльтыматумы выстаўляюцца тады, калі рыхтуецца вайна. І Пуцін сказаў, што ў яго будзе моцны адказ на адмову. Ён пачынае сьцягваць войскі, ідзе прапаганда, нагнятаецца абстаноўка вакол Украіны. А гэтым часам, ціха і спакойна, велізарная армада войскаў, нават з Далёкага Ўсходу, перакідваецца ў Беларусь, займае ўсе ключавыя месцы, і ніхто пра гэта не гаворыць. А гэта і ёсьць «моцны адказ» Пуціна.
Фактычна, беларуская тэрыторыя цяпер — пад кантролем расейскага войска, і Лукашэнка нічога ня можа зрабіць. І рэальна гэты «беларускі гаўбец» знаходзіцца ў руках Пуціна. Гэтыя войскі могуць быць часткова выведзеныя, застануцца частковыя базы, але, як кажуць, цнатлівасьці ўжо няма. У любы час гэтыя войскі могуць вярнуцца, нават дастаткова тых, што застануцца, і наладзіць кантроль над прадпрыемствамі і г. д. А калі ўзьнікнуць нейкія дэмакратычныя рухі ў Беларусі, то гэтыя войскі будуць пушчаныя ў ход.
Па такім прынцыпе былі акупаваныя краіны Балтыі. Там бальшавікі зрабілі свае вайсковыя базы. Калі вялікая краіна з моцным войскам робіць базы ў краіне, дзе фактычна няма войска, то гэта акупацыя. Яны выкарысталі камуністаў у Балтыі, сфальсыфікавалі выбары, і Вярхоўныя Саветы краін Балтыі прынялі рашэньне, што яны ўваходзяць у СССР. Гэта была акупацыя, бо ўсё было зроблена нелегітымнай уладай, пад ціскам. І Захад не прызнаў гэтую рэальнасьць, што балтыйскія краіны ўвайшлі ў СССР.
«Ня думаю, што Пуцін увяжацца ў вайну ва Ўкраіне»
— А навошта Пуцін сёньня ідзе на такі крок, калі, па вашых жа словах, Лукашэнка 27 гадоў «пад каўпаком» Масквы? Калі гэтыя войскі застануцца, гэта можа выклікаць санкцыі супраць Расеі. Што Расея гэтым здабудзе, калі са Смаленску да мяжы з Польшчай пару хвілін палёту?
— Ёсьць міжнароднае заканадаўства, пэўныя фармальнасьці. Тое, што зрабіў Пуцін, зроблена нечакана для Захаду і дастаткова прафэсійна. Яны зрабілі шум вакол Украіны, але нападаць Пуціну на Ўкраіну і ўвязвацца ў вайну — вельмі рызыкоўна. Я ня думаю, што ён у яе ўвяжацца. Але пад гэтае шоў яны занялі «беларускі гаўбец». Гэта ўжо зусім іншая сытуацыя, гэта ўжо ня войскі ў Смаленску. Яны будуць стаяць пад Бугам, яны будуць стаяць каля Горадні, іхная стратэгічная авіяцыя ўжо ўведзена ў Беларусь. Гэта ціск на ўвесь Захад і на Ўкраіну.
Яны пакінуць тут частку войскаў для Ўкраіны, каб развальваць яе знутры. Будуць выкарыстаныя пэўныя сытуацыі, пэўныя людзі, якія супрацоўнічаюць з Расеяй. Пусьцілі вялікія грошы на подкуп, у Расеі шмат такіх грошай, яна купляе з патрахамі і заходніх палітыкаў. Гэта тая самая палітыка, якую праводзіў урад Кацярыны ІІ. Калі Расея развальвала Рэч Паспалітую, то яна рабіла тое самае. Узьнікла Таргавіцкая канфэдэрацыя, запрасілі войскі, акружылі з усіх бакоў Сэйм у Горадні і чакалі, пакуль прымуць рашэньне. Гэта стандарты, якія выпрацаваныя Расейскай імпэрыяй. А ў Захаду інфантыльная палітыка. Яна ня бачыць рэальнага, а чуе тое, што ёй гавораць.
«Нават калі Расея цалкам выведзе зь Беларусі свае войскі — гэта нічога не азначае»
— Група заходніх палітыкаў прыняла ўжо заяву, якая сьведчыць аб тым, што яны бачаць пагрозу акупацыі Беларусі. Але, зь іншага боку, у іх пакуль няма падставаў гаварыць пра факт акупацыі, бо анансаваныя вучэньні, а войскі маюць вярнуцца ў Расею. Што, на вашу думку, павінен цяпер рабіць Захад, калі ўсё гэта можа аказацца блефам і войскі пазьней пакінуць Беларусь?
— Нават калі яны пакінуць Беларусь — гэта акупацыя. Яны пакінулі свае вучэбныя цэнтры. Факт адбыўся, як з Казахстанам. Увялі войскі АДКБ, і стварылі прэцэдэнт, і Такаеў цяпер цалкам падначалены Маскве. Гэтыя войскі сталі фактычна «жандарам СНД». Цяпер яны могуць уводзіцца ў любыя краіны, калі там пачнуцца дэмакратычныя рэвалюцыі. Нават калі яны поўнасьцю выведуць зь Беларусі свае войскі — гэта нічога не азначае. Гэта факт акупацыі адбыўся, і яна ёсьць. Але гэтыя войскі поўнасьцю выведзеныя ня будуць. Ёсьць вучэбныя цэнтры, а гэта шырма для вайсковых базаў.
Хай Захад ня робіць выгляд. Іх гвалцяць, а яны што? Вы ж самі не прызналі Лукашэнку, не было выбараў, гэта самазванец, ён цалкам пад кантролем Пуціна, і вы сваімі санкцыямі яго туды загналі. І гаварыць пра тое, што ёсьць нейкія дамовы? Якія могуць быць дамовы з тэрарыстам? У краіне няма ніякіх законаў.
«Страта „беларускага гаўбца“ для Захаду стратэгічна горшая, чым страта Ўкраіны»
— Каля Кітаю ўжо дзесяцігодзьдзі існуе Паўночная Карэя, дзе людзі паміраюць ад голаду, дзе іх расстрэльваюць, дзе існуюць канцлягеры. І ніхто нічога ня можа зрабіць. Ані прэзыдэнт Трамп ня мог, ані Захад.
— Для Захаду Паўночная Карэя — ці яна ёсьць, ці яе няма...
— Але там распрацоўваецца ядзерная зброя.
— Так, гэта адзіная праблема. А для Эўропы Беларусь — гэта цэнтральная краіна, гэта вельмі важны вузлавы пункт. Калі яны страцяць гэты «гаўбец», то стратэгічна для Захаду гэта будзе яшчэ горш, чым страціць Украіну.
Каб не разумець такія рэчы, відаць, трэба быць дэпутатам Эўрапарлямэнту. Тыя дзяржавы, якія гэта зразумелі і зрабілі заяву, — слава ім, што яны ўбачылі, што адбываецца. Мэтады ўзьдзеяньня ёсьць, перш за ўсё на Расею. Гэта акупант. Яны казалі, што будзе моцны адказ, калі Расея пойдзе на Ўкраіну. Пуцін фактычна забраў Беларусь, дык зрабіце моцны адказ. Ён сьцягнуў войскі з усёй Расеі ў Беларусі, і яны яшчэ ідуць. Ніхто нават ня ведае, колькі гэтага будзе. Чыгуначнікі паведамілі, што будзе 200 вагонаў. Цалкам магчыма. І ў Захаду ёсьць магчымасьці, яны пра гэта заяўляюць. У іх няма волі і рашучасьці. І калі так будзе далей, то паўторыцца як зь фюрэрам. Хацелі яго ўласкавіць, аддалі Судэты, Аўстрыю. Так нельга абыходзіцца з дыктатарамі, ворагамі чалавецтва. Гісторыя паказвае, што трэба абыходзіцца па-іншаму. І цяпер ёсьць такая магчымасьць.
— Які сёньня галоўны крок можа зрабіць Захад, каб супрацьстаяць плянам Пуціна ў Беларусі?
— Папярэдзіць Расею, зрабіць заяву пра вывад войскаў зь Беларусі. Калі гэта ня будзе зроблена, то прыняць тыя моцныя меры, пра якія казаў Байдэн, і Столтэнбэрг, і ўсе астатнія, што ў выпадку атакі на Ўкраіну яны прымуць моцныя меры. Павінен быць ультыматум Расеі, каб вывесьці войскі, бо гэта акупацыя Беларусі.
«Словы Лукашэнкі я не ўспрымаю, гэта не самастойны чалавек»
— А як вы ўспрынялі словы Лукашэнкі ў ваш бок, што гэта ніякая не акупацыя, што 200 эшалёнаў — проста нерэальна?
— Я ніяк не рэагую на тое, што ён кажа. Я не ўспрымаю гэта сур’ёзна. Па-першае, гэта несамастойны чалавек, а па-другое, ягоныя словы нічога ня значаць. Ён можа праз гадзіну сказаць: — А я гэтага не казаў. Але чаму ён так выказаўся? Усе заўважылі, што ён апраўдваўся. Ён убачыў, што тая таемная апэрацыя, якую яны з Пуціным робяць — таемны захоп Беларусі — што маска сарваная, што гэта абнародавана і ня стала нейкім незаўважаным крокам. У гэты ж самы час, калі я казаў пра гэта, выступілі і 10 краін. Яны самастойна прыйшлі да такой думкі. І ў гэты ж час амэрыканскія дыпляматы ў Нью-Ёрку папярэдзілі беларускіх дыпляматаў, што калі будзе напад на Ўкраіну з боку Беларусі, то будуць прынятыя вельмі жорсткія меры. Мы ня ведаем канкрэтыкі, але было сказана, відаць, здорава, бо пра гэта згадаў і самазванец. Ён хацеў дэзавуяваць маю заяву перад насельніцтвам, маўляў, гэта проста вучэньні, і ашукаць такім чынам Захад, супакоіць, што мы проста робім вучэньні. Але хто яму паверыць?