Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар гісторыі Алена Маркава: цьверджаньні, што ў 90-я гады мела месца гвалтоўная беларусізацыя, не адпавядаюць сапраўднасьці


Алена Маркава
Алена Маркава

32 гады таму, 26 студзеня 1990 году, Вярхоўны Савет БССР 11-га скліканьня прыняў «Закон аб мовах у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы», які абвясьціў беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай, а расейскай мове надаў статус мовы міжнацыянальных зносін.

Выкладчыца Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, доктар гісторыі Алена Маркава вывучае абставіны прыняцьця таго закону і яго імплемэнтацыю, а таксама рэакцыю на прымяненьне моўнага заканадаўства ў розных слаях беларускага грамадзтва. Яна адказала на пытаньні Свабоды.

— Што прывяло да прыняцьця «Закону аб мовах у БССР»? Гэта была ініцыятыва намэнклятуры або патрабаваньні зьнізу?

— Канец 80-х – пачатак 90-х — гэта былі гады, калі патрабаваньні беларускага нацыянальнага руху былі нарэшце пачутыя і атрымалі вялікую падтрымку насельніцтва. Бо насельніцтва, і ня толькі ў Беларусі, зьвязвала з распадам Савецкага Саюзу надзею на перамены і лепшую будучыню.

І неад’емнай часткай гэтых патрабаванняў было разьвіцьцё беларускай мовы як галоўнай мовы беларускай дзяржавы і дзяржаўнасьці. Людзі чакалі перамен, бо хацелі размаўляць на сваёй мове.

Па-беларуску размаўлялі «нефармалы» — так тады называлі людзей, якія падтрымлівалі демакратычныя перамены. Гэта сапраўды былі нефармальныя, але пры тым масавыя моладзевыя суполкі і рухі. Дзякуючы іх намаганьням беларуская мова стала мовай новай культуры, сьвежага паветра і перамен. Узьнік беларускі рок, пачалі даваць канцэрты гурты «Мроя», «Крама», «Уліс» і іншыя.

Вядома, за плячыма маладых актывістаў стаялі больш сталыя беларускія інтэлектуалы зь пісьменьніцкіх, навуковых, мастацкіх і журналісцкіх колаў. Перад прыняцьцем закону некалькі гадоў вяліся дыскусіі пра мову ў друку, друкаваліся агляд чытацкіх лістоў на тэму мовы.

Асабліва актыўнымі былі пісьменьнікі, які двойчы ініцыявалі калектыўныя звароты аб стане беларускай мовы і патрэбе яе разьвіцьця ў ЦК КПСС.

У 1989 годзе былі створаныя адысловыя камісіі пры Вярхоўным савеце БССР 11-га скліканьня з мэтай падрыхтоўкі закону аб дзяржаўнасьці беларускай мовы, які б замацаваў яе статус як адзінай дзржаўнай.

Сярод гэтых камісій было дзьве галоўныя — Камісія міжнацыянальнай палітыкі і міжнацыянальных зносін, у склад якоў уваходзіў, напрыклад, Ніл Гілевіч, і Камісія падрыхтоўкі моўнага заканадаўства. Яны пачалі сваю дзейнасьць, каб ужо фармальна замацаваць хвалю абуждэньня нацыяльнай мовы.

Тэлеграма ад прафэсара-матэматыка Васіля Берніка
Тэлеграма ад прафэсара-матэматыка Васіля Берніка

— Ці былі праблемы з прыняцьцем гэтага закону ў Вярхоўным савеце і ў кіраўніцтве БССР наогул?

— Закон прынялі 26 студзеня 1990 году. Але памылкова думаць, што той закон аб адзінай дзяржаўнай мове ў БССР прасунулі толькі «агалцелыя нацыяналісты ды інтэлігенты». Не.

Згаданыя камісіі правялі падрыхтоўчую працу для вывучэньня стаўленьня насельніцтва да пытаньня дзяржаўнасьці беларускай мовы, вельмі сур’ёзна вывучалі настроі і думкі. Фактычна былі зробленыя замеры public opinion, і толькі потым падвялі вынікі і прадставілі іх на разгляд у ЦК КПБ і ў Вярхоўны Савет. І толькі тады закон быў падтрыманы.

— Дык былі пратэсты супраць увядзеньня ў сілу новага закону? Цяпер можна з самых розных бакоў пачуць заявы пра гвалтоўную беларусізацыю 90-х гадоў і гвалтоўнае насаджэньне беларускай мовы?

— Сёньня можа й цяжка ўявіць, але беларуская мова і ўвядзеньне закону адназначна падтрымлівалі і віталі ў беларускім грамадзтве.

Гвалтоўнай беларусізацыі не было, як гэта ні выгадна сьцьвярджаць праціўнікам беларускай мовы сёньня. Ды яе і не магло быць з сутнасці самога закону. Чаму? Таму што «Закон аб мовах у Беларускай ССР» быў вельмі ляяльны. Ён, напрыклад, не перакрываў 100-адсоткавае выкарыстаньне расейскай мовы ў рэспубліцы і нават даваў ёй значныя палёгкі. Перавод справаводзтва і сыстэмы адукацыі на беларускую мову, напрыклад, меўся адбыцца толькі праз 10 гадоў.

Таму часта закон нават крытыкаваўся вялікай колькасьцю людзей як нерашучы. Ці можна наогул казаць пра гвалт і нейкія гвалтоўныя дзеяньні ў справе ўкараненьня і пашырэньня беларускай мовы, калі большасьць людзей у лістах, тэлеграмах у камісіі, на радые і ў рэдакцыі газэт крытыкавалі менавіта мяккасьць, памяркоўнасьць закон.

Адзін зь лістоў у падтрымку беларускай мовы
Адзін зь лістоў у падтрымку беларускай мовы

Людзі, наадварот, прасілі скараціць тэрміны пераводу той ці іншай галіны на беларускую мову. І гэта была думка ня толькі настаўнікаў беларускай мовы — гэта было масавае меркаваньне, што добра відаць па лістах, артыкулах і іншых крыніцах. Можна сказаць, што была масавая падтрымка ўвядзеньня беларускай мовы на ўсіх узроўнях грамадства.

Вядома, на гэтым фоне гучалі і рэдкія галасы ў падтрымку расейскай мовы ці супраць беларускай мовы, але часта гэта былі людзі, якія, напрыклад, пісалі аб кансьпіралягічных тэорыях — маўляў, за прасоўваньнем беларускай і іншых нацыянальных моваў у СССР стаіць ЦРУ на чале Аленам Даласам, які асабіста наглядае за гэтым працэсам.

Таксама былі лісты ці думкі, якія б сёньня можна было б назваць hate speech — мовай нянавісьці, бо ў іх не прыводзіліся нейкіх аргумэнтаў, але проста абражалі нейкіх людзей, думкі якіх адрозьніваліся ад настрояў аўтараў лістоў. Былі нават пагрозы «зацягнуць і патапіць менскіх пісьменнікаў у нашым балоце».

Тэлеграма калектыву Менскага інстытуту замежных моваў
Тэлеграма калектыву Менскага інстытуту замежных моваў

Але такія зьявы не была масавымі, наадварот — масавай была гарачая падтрымка беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы Беларусі.

Працэс быў запушчаны і пайшоў даволі ўдала. Па-беларуску загаварылі ня толькі міністры, але і міліцыянты, і дзеткі ў дзіцячых садках. Усё гэта перакрэсьліў рэфэрэндум 14 траўня 1995 году, арганізаваны тагачасным прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, які дазволіў уладам надаць расейскай мове статус другой дзяржаўнай мовы ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG