Экіпажы расейскіх шматмэтавых зьнішчальнікаў Су-35С Усходняй ваеннай акругі пачалі пералёт у Беларусь у рамках праверкі сіл рэагаваньня «саюзнай дзяржавы», паведамляе прэс-служба Мінабароны Расеі.
Яны адпрацуюць палёты на максымальную далёкасьць, пасадку на беларускія аэрадромы і сумесную зь беларускімі спэцыялістамі падрыхтоўку да паўторных вылетаў.
Паводле ведамства, у рамках першага этапу праверкі сіл рэагаваньня «саюзнай дзяржавы» (да 9 лютага) пройдзе перакідваньне і стварэньне ў найкарацейшыя тэрміны груповак войскаў на тэрыторыі Беларусі, арганізацыя аховы і абароны важных дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў, ахова мяжы ў паветранай прасторы, праверка гатоўнасьці і здольнасьці дзяжурных па СПА сіл і сродкаў выканаць задачы па прыкрыцьці важных абʼектаў на тэрыторыі Беларусі.
На другім этапе з 10 па 20 лютага правядуць сумеснае вучэньне «Саюзная рашучасьць — 2022». У яго рамках плянуюць адпрацаваць пытаньні стрымліваньня і адбіцьця зьнешняй агрэсіі і супрацьдзеяньня тэрарызму і абароны інтарэсаў «саюзнай дзяржавы».
«Колькасьць вайскоўцаў і тэхнікі, што прыцягваюцца на вучэньне, якое трапляе пад дзеяньне Венскага дакумэнту 2011 году, не перавышаюць вызначаныя ім парамэтры, якія падлягаюць апавяшчэньню», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінабароны Расеі.
Вайсковыя экспэрты мяркуюць, што Расея можа такім чынам рыхтаваць напад на Ўкраіну або правакацыі. Расейцы перамяшчаюцца па чыгунцы і аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня. Акрамя гэтага, расейская авіяцыя ўжо выкарыстоўвае беларускія вайсковыя аэрадромы.
З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў, разьмешчаных ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны. Аднак расейскія войскі заўважылі блізка да ўкраінскай мяжы ў месцах, якія не фігуравалі ў анонсе вучэньняў.
Паводле зьвестак тэлеграм-каналу «Live. Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», за 7 дзён у Беларусь ужо прыбылі больш як 33 вайсковыя эшалёны з вайсковай тэхнікай і вайскоўцамі, а паводле распрацаванага графіку руху вайсковых эшалёнаў, агулам у Беларусь прыбудуць 200 эшалёнаў, прычым сярэдняя колькасьць вагонаў у вайсковых эшалёнах роўная 50.