Такім чынам, мыта ў памеры 57,03% ад мытнай вартасьці паставак фактычна прывядзе да спыненьня паставак беларускага цэмэнту ва Ўкраіну. У дачыненьні аналягічнай прадукцыі з Малдовы і Расеі прымяняюцца больш істотныя памеры антыдэмпінгавага мыта — 94,46% і 114,95% адпаведна.
«Рашэньне Вярхоўнага суду сьведчыць аб важнасьці працэсу абароны нацыянальнага вытворцы ад парушэньняў канкурэнцыі замежнымі вытворцамі. Украінскія прадпрыемствы аб’ядналіся ў барацьбе за справядлівыя ўмовы гандлю адпаведна правілам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі», — заявіла прадстаўніца юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка, якая абараняла ў судзе інтарэсы ўкраінскіх прадпрыемстваў.
Скасаваньня абмежавальных захадаў у дачыненьні да беларускай прадукцыі праз суд дабіваліся дзьве кампаніі — Беларуская цэмэнтная кампанія і ўкраінская кампанія зь беларускім капіталам, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Бєлбудматеріали — Україна». Яны прайгралі ў судзе першай, апэляцыйнай, і цяпер касацыйнай інстанцыі.
Што папярэднічала
Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю 21 траўня 2019 году ўхваліла рашэньне аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на імпарт ва Ўкраіну цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.
Камісія «выявіла наяўнасьць дэмпінгавага імпарту з гэтых краін на працягу 2015–2018 гадоў. Разам з тым долі імпарту цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту з РФ, Беларусі і Малдовы ў агульным аб’ёме імпарту гэтых тавараў ва Ўкраіну на працягу ўсяго пэрыяду дасьледаваньня пастаянна расьлі, што сьведчыць пра намер далейшага павелічэньня аб’ёму дэмпінгавага імпарту з гэтых краін», — адзначалася ў паведамленьні Міністэрства эканамічнага разьвіцьця.
Згодна з рашэньнем, былі ўведзеныя мыты ў памеры 114,95% на прадукцыю з Расеі; 57,03% — зь Беларусі; 94,46% — з Малдовы.
Адразу пасьля абвяшчэньня рашэньня ў суд зьвярнулася Беларуская цэмэнтная кампанія. Пасьля ейнага пройгрышу з новым пазовам у суд зьвярнулася таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Бєлбудматеріали — Україна». Але пазоў і гэтай кампанія ня быў задаволены.