Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зь беларускага экспарту ва Ўкраіну трапіць налета пад абмежаваньні?


Будынак ураду Ўкраіны
Будынак ураду Ўкраіны

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю заявіла аб увядзеньні на пяць гадоў мыта памерам 45,14% на пастаўкі ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі.

Пад антыдэмпінгавыя абмежаваньні на пяць гадоў таксама падпаў крухмал з бульбы. Пры яго пастаўках будзе спаганяцца мыта ў памеры 23,8% ад мытнай вартасьці пастаўкі.

Абодва гэтыя рашэньні, ухваленыя па выніках правядзеньня антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў на падставе скаргаў украінскіх вытворцаў, набудуць моц з 23 студзеня 2022 году.

Адначасова Міжведамасная камісія абвясьціла аб пачатку расьсьледаваньня ў сувязі з дэмпінгавымі пастаўкамі шклатары беларускіх вытворцаў. Такое рашэньне ўхвалена па выніках разгляду скаргі Асацыяцыі прамысловых прадпрыемстваў Украіны «Скло України» на падставе адпаведных заяў сямі ўкраінскіх вытворцаў шкла.

Міжведамасная камісія паведаміла, што ў скарзе выкладзеныя дастаткова абгрунтаваныя доказы, якія сьведчаць аб дэмпінгавых аб’ёмах і цэнах паставак шклотары, а гэта, у сваю чаргу, можа нашкодзіць вытворцам аналягічнай прадукцыі ва Ўкраіне.

У прыватнасьці, вядзецца пра шкляныя слоікі для кансэрвацыі ад 0,15 літра і большыя (таварны код у замежным гандлі 7010 90 10 90), бутэлькі зь нефарбаванага шкла аб’ёмам ад 0,15 літра і большыя, але ня меншыя за 2,5 літра (7010 90 41 00, 7010 90 43 00, 7010 90 45 00), а таксама бутэлькі з каляровага шкла аб’ёмам звыш 0,33 літра (7010 90 53 00).

Згодна з заканадаўствам Украіны, тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а ў надзвычайных абставінах можа быць падоўжаны да 330 дзён. Цяпер Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны абвясьціла рэгістрацыю зацікаўленых бакоў, якія цягам двух месяцаў мусяць у пісьмовым выглядзе накіраваць камэнтары да сытуацыі з пастаўкамі фанэры зь Беларусі.

Якая прадукцыя зь Беларусі знаходзіцца ў цэнтры расьсьледаваньняў

Сёлета ў красавіку Міжведамасная камісія паведаміла пра пачатак антыдэмпінгавага расьсьледаваньня аб пастаўках зь Беларусі вырабаў з асфальту. Паводле ўкраінскіх вытворцаў аналягічнай прадукцыі, якія і зьвярнуліся са скаргамі, беларускія кампаніі пастаўляюць гэтую прадукцыю па дэмпінгавых цэнах і ў вялікіх аб’ёмах.

У верасьні пачалі расьсьледаваць факты дэмпінгавых паставак ва Ўкраіну алюмініевых драбін з шэрагу краін, у тым ліку і зь Беларусі.

Што ўжо знаходзіцца пад абмежаваньнямі ва Ўкраіне

У сьнежні 2021-га Ўкраіна на 5 гадоў увяла антыдэмпінгавае мыта на імпарт цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі. У прыватнасьці, для вытворчага акцыянэрнага таварыства «Гомельбудматэрыялы» і іншых беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў будзе дзейнічаць мыта ў памеры 35,41%.

Сёлета яшчэ на тры гады падоўжылі абмежаваньні на пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «Гродна Азоце». Адпаведныя абмежаваньні былі ўведзеныя з 1 верасьня 2018 году, а сёлета іх мусілі перагледзець.

З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнага кошту прадукцыі. У траўні 2020 году Ўкраіна абклала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.

У траўні 2020-га Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.

У лістападзе 2020 году Ўкраіна ў адказ на «дыскрымінацыйныя дзеяньні Беларусі» (увядзеньне забароны і абмежаваньня паставак ва Ўкраіну адходаў чорных мэталаў) абмежавала мытам у памеры 16,08% вад мытнай вартасьці пастаўкі сталёвых прутоў зь Беларусі. Гэтыя абмежаваньні Ўкраіна абяцае зьняць толькі пасьля скасаваньня адпаведных забарон на пастаўку лому чорных мэталаў ва Ўкраіну.

1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).

У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкераў і портляндцэмэнту мытам у памеры 57,03%.

Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавы збор, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG