Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепей адседжу, але ўцякаць ня буду». Анжаліка Агурбаш у дэталях расказала пра «футравы пазоў» на $82 000 і новую крымінальную справу


Анжаліка Агурбаш
Анжаліка Агурбаш

«Праўладныя тэлеграм-каналы павярнулі сытуацыю так, што нібыта я, бессаромная хлусьлівая зладзейка, наўмысна падтрымала беларускую рэвалюцыю, каб выкруціцца з крымінальнага перасьледу».

Заслужаная артыстка Беларусі, беларуская і расейская сьпявачка і грамадзкая дзяячка Анжаліка Агурбаш расказала пра новую крымінальную справу, заведзеную супраць яе ў Беларусі, а таксама пра тое, як перасьлед беларускіх уладаў уплывае на яе жыцьцё і працу ў Расеі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • Мяне абмежавалі ў маіх перасоўваньнях, у маёй працы, бо я ня маю магчымасьці выяжджаць за тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Але пакуль я знаходжуся ў Расеі, я ў адноснай бясьпецы.
  • Гэта капсульная, дэманстрацыйная калекцыя, яе ня шылі на продаж. Я была запрошаным дызайнэрам і як вядомая асоба тры гады пасьпяхова прасоўвала гэты прадукт.
  • Я маўчала, калі прапагандысты крычалі: «Зладзейка, вярні футры». Я разумела, што мне трэба захоўваць спакой, што прыехаць у Беларусь і абараняць сябе ў судзе я не магу, бо адразу траплю за краты.
  • Па рашэньні суду я павінна па меры сваіх магчымасьцяў вяртаць грошы за калекцыю, якую я сама і стварыла. Такая сытуацыя, іншага варыянту няма. Першы транш перад Новым годам я адправіла ў «Белкаапзьнешгандаль».
  • Я ня ведаю, чым гэта ўсё скончыцца, але захоўваю спакой. Я разумею, што мне баяцца няма чаго, хавацца мне няма ад каго, уцякаць мне няма куды.


«Я цудоўна разумею, чаму гэта зроблена»


— Я найперш папрасіла б вас пракамэнтаваць інфармацыю, якая зьявілася ў СМІ, пра тое, што пасьля судовага пазову «Белкаапсаюзу» з вас у Расеі зьбіраюцца спагнаць 6,1 мільёна расейскіх рублёў (амаль 82 тысячы даляраў). Такі рахунак выставіла Фэдэральная служба судовых прыставаў Расеі, і квітанцыя на аплату зьявілася ў базе судовых вядзеньняў.

— Усім вядомая гучная справа пра футры, зьвязаная з маім імем, якая перарасла ў хадзячы анэкдот. Я цярпліва маўчала, не рэагавала на правакацыі і гучныя загалоўкі прапагандыстаў кшталту «Зладзейка, вярні футры», на троляў, якія прыходзілі паўсюль, у тым ліку ў мае сацсеткі. Я цудоўна разумею, чаму гэта зроблена. Былі два запыты на маю экстрадыцыю ў Беларусь, Расея адмовілася гэта зрабіць. Як грамадзянка Расеі я ў бясьпецы, бо Расейская Фэдэрацыя не выдае сваіх грамадзянаў.

Але гэта ўсё нішто ў параўнаньні з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, зь людзьмі, якія сядзяць у турмах у нечалавечых умовах, у холадзе і голадзе. У мяне яшчэ лайтовая сытуацыя на гэтым тле.

Прычапіцца да мяне не было да чаго — ані рэпутацыйна, ані юрыдычна. Дакумэнты, якія прыслалі ў Генэральную пракуратуру Расеі, гэтая аграмадная справа была нікчэмная, не было ніякай доказнай базы. Мае некалькі выхадаў да амбасады Беларусі ў Маскве ня маюць дачыненьня да тых страшных абвінавачаньняў і артыкулаў, якія мне прад’явілі.

«Чытаеш, што „будуць дапушчаныя дыпляматы і адвакаты“ і „ня будуць прымяняць катаваньні і псыхатропныя прэпараты“»


— Расея неаднаразова выдавала ўладам Беларусі грамадзянаў Беларусі, якія знаходзіліся ў Расеі. Калі ў вас захавалася беларускае грамадзянства, то менавіта яно прызнаецца беларускімі ўладамі. Ці перакананыя вы ў цяперашняй, неадназначнай сытуацыі ў Расеі, што вас ня выдадуць?

— У мяне ёсьць беларускі пашпарт сэрыі РР, і я стаю на ўліку ў амбасадзе. Я не магу сказаць, што я абсалютна спакойная. Усё непрадказальна ў гэтым сьвеце. Я разумею, што ня проста так Лукашэнка даў указаньне распачаць дзьве крымінальныя справы. Мяне абмежавалі ў маіх перасоўваньнях, мяне абмежавалі ў маёй працы, бо я ня маю магчымасьці выяжджаць за тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Пакуль я знаходжуся ў Расеі, я ў адноснай бясьпецы. Калі ня будзе ніякіх дывэрсій... Канечне, гэта ўсё выбівае з жыцьця, бʼе па нэрвах.

Я адважная, харахоруся, але, канечне, гэта ўсё няпроста. У тым ліку паходы ў Генпракуратуру, іншыя органы, тлумачэньні, так званыя допыты, натуральна, у паважлівай, лёгкай форме. У мяне бездакорная рэпутацыя. Я ў Расеі жыву ўжо 20 гадоў. У мяне тут напрацаваны статус, імідж, павага ў грамадзтве. Я ніколі не была датычная да палітычных арганізацый, партый, ніколі ня ўдзельнічала ў перадвыбарчых кампаніях. Прычапіцца не было да чаго.

Але фармулёўкі ўражвалі. Калі чытаеш, што патрабуюць твайго арышту ў Расеі і перадачы ў СІЗА № 1 у Менску, на «Валадарку», з рэмаркай, што «будуць дапушчаныя дыпляматы і адвакаты» і «ня будуць прымяняць катаваньні і псыхатропныя прэпараты», то цябе пачынае «падкалочваць». Мы ж разумеем, што адбываецца ў Беларусі, што там абсалютнае беззаконьне і няма ніякага сэнсу абараняць сябе ў судах. Гэта тычыцца і справы пра футры.

«Са мной доўга вялі перамовы, і я пагадзілася, бо праект быў цікавы, маштабны, дзяржаўны — беларускае футра, беларуская вытворчасьць, беларускі дызайнэр»

— Давайце пяройдзем да гэтай справы, якая зьявілася неўзабаве пасьля вашых публічных заяваў пра сытуацыю ў Беларусі. З чаго ўсё пачалося?

— Усім зразумела, што гэта палітычная замова. Я даведалася з сацсетак пра тое, што эканамічны суд Менску абавязаў мяне вярнуць калекцыю. Гэта было ў чэрвені 2021 году. Паседжаньне суду было прызначанае на 10 гадзіну, а ў 10 гадзін 21 хвіліну, калі суд яшчэ працягваўся і рашэньне не было вынесена, вядома якія тэлеграм-каналы ўжо напісалі: «Зладзейка, вярні футры». У мяне быў культурны шок. Я спрабавала датэлефанавацца да кіраўніцтва «Белкаапзьнешгандлю», мне адказалі толькі на наступны дзень. «Вы што творыце», — запыталася. «Анжаліка Анатолеўна, — мне адказалі, — вы ж разумееце, гэта ўказаньне зьверху, мы нічога ня можам зрабіць».

Гэтая гісторыя, якая павінна была мець прыгожую пэрспэктыву, пачалася восеньню 2018 году. Я прыехала ганаровай госьцяй на адкрыцьцё выставы «Белагра». Прэмʼер адкрываў выставу, а я сьпявала песьню «Белая Русь», далей дэлегацыяй пайшлі па стэндах. Адзін зь іх быў кампаніі GNL, якая займаецца вырабамі з футра і ўваходзіць у склад «Белкаапзьнешгандлю». Мяне запрасілі прымераць беларускія футры. Якасьць футравіны была выключная. Мне расказалі пра пушны саюз, пра новыя тэхналёгіі, па якіх у нас вырошчваюць норку.

Я кажу: што ж дызайн такі, мякка кажучы, састарэлы, футры чорныя і карычневыя? Вам патрэбны добры дызайнэр, нешта сучаснае, каб прасунуць пушную галіну Беларусі ў сьвеце. І мне прапанавалі стварыць калекцыю. Са мной доўга вялі перамовы, і я пагадзілася, бо праект быў цікавы, маштабны, дзяржаўны. Беларускае футра, беларуская вытворчасьць, беларускі дызайнэр.

Валеры Іваноў тады ўзначальваў «Белкаапсаюз». У рамках нашых дамоўленасьцяў было прынятае рашэньне, што «Белкаапсаюз» і «Белкаапзьнешгандаль» бяруць на сябе ўсю адказнасьць за стварэньне першай капсульнай, прадстаўнічай калекцыі, а я бяру на сябе абавязаньні і адказнасьць па дызайне, аўтарскім наглядзе за калекцыяй. Паколькі я публічная, вядомая асоба, вырашылі, што я буду і прасоўваць гэтую калекцыю. Мог бы сумеснымі намаганьнямі атрымацца прыстойны праект, які дазволіў бы Беларусі выйсьці на сусьветны ўзровень. І ўсё б атрымалася, калі б не цяперашняя сытуацыя ў Беларусі. Як толькі я выказала сваю грамадзянскую пазыцыю... Я калекцыю захавала, і перакананая, што так і адбудзецца ў будучыні.

Мы заключылі пагадненьне аб намерах аб супрацы. Наступным этапам павінна было быць заключэньне афіцыйнай дамовы аб супрацоўніцтве паміж мной і «Белкаапзаюзам» ды «Белкаапзьнешгандлем» і дамовы аб выкарыстаньні майго імя ў рамках брэнда «GNL by ANGELICA». Мы стварылі гэты брэнд, я прыдумала і распрацавала калекцыю. Мы яе пашылі, я зрабіла аўтарскі нагляд. Валеры Іваноў тады пацьвердзіў, што будуць выкананыя ўсе абавязаньні з боку «Белкаапсаюзу», пачынаючы ад маіх камандзіровачных, якія павінны былі мне аплаціць, калі я прыяжджала на фабрыку, на адбор футравіны. У выніку зрабілі зь мяне «зладзейку»... А я выканала ўсе свае абавязаньні.

Афіцыйныя дамовы даручылі скласьці юрыдычным аддзелам «Белкаапзьнешгандлю». І да гэтага моманту ўсё рабілася на даверы, дамовы не падпісваліся, бо мянялася кіраўніцтва ў «Белкаапзьнешгандлі», ішлі нейкія праверкі, потым юрыдычныя аддзелы не маглі заключыць дамову са мной як з грамадзянкай Расеі. Тады я замовіла юрыдычнай кампаніі ў Расеі дамову, якая была б дзейная для грамадзянкі Расеі і дзяржаўных структураў Беларусі, адпраўляла ім на ўзгадненьне і дапрацоўку. Тым часам калекцыя ўжо была пашытая, бо мы яе стваралі паралельна, нягледзячы ні на што, на поўным даверы.

Рабілі ўсё зь вялікім энтузіязмам і шчырай любоўю. Мая задача была ня толькі стварыць калекцыю, якая была б канкурэнтаздольная на эўрапейскім рынку, але для мяне было абавязкова ўдыхнуць туды беларускі калярыт. Былі створаныя выдатныя футравыя клатчы з выкарыстаньнем беларускага арнамэнту, бомбэры з бусламі...

Калекцыя была створаная, дамовы ўсё не заключаліся, а ў мяне ўжо былі абавязаньні ў Расеі — калекцыю павінны былі прадставіць на конкурсе «Місіс Масква». Калекцыю ня шылі на продаж. Гэта капсульная, дэманстрацыйная калекцыя. Наступным этапам яе прасоўваньня на рынку павінны былі быць замовы на вытворчасьць, шыцьцё на фабрыцы, павінна была пачацца камэрцыйная вытворчасьць. І ніякіх дамоўленасьцяў пра тое, што я буду прадаваць футры, не было. Я была запрошаным дызайнэрам і як вядомая асоба тры гады пасьпяхова прасоўвала гэты прадукт.

«Гэта рабілася на абсалютным даверы, мне і ў галаву не магло прыйсьці, што потым гэтым скарыстаюцца»

— Атрымліваецца, што ўвесь гэты час ніякіх афіцыйных дамоваў зь «Белкаапсаюзам» у вас не было?

— Калі калекцыю трэба было вывезьці на конкурс «Місіс Масква», а афіцыйнай дамовы аб супрацоўніцтве не было, мне прапанавалі (паколькі ў мяне ёсьць ІП) зрабіць дамову на рэалізацыю — толькі для таго, каб вывезьці яе ў Расею. Як бы я ўзяла ў «Белкаапзьнешгандлю» вырабы на рэалізацыю. Гэта рабілася на абсалютным даверы. Мне і ў галаву не магло прыйсьці, што потым гэтым скарыстаюцца, што і адбылося. Яны ўчапіліся за гэта. Немагчыма ўявіць, што я гандлярка, якая ўзяла на рэалізацыю вырабы, якія павінна была прадаць у Маскве. Вельмі сьмешна.

Я павінна была іх прадстаўляць, рэклямаваць і набіраць замовы, што я і рабіла. У Лёндане больш за 40 вырабаў чакалі, дэманстрацыйныя мадэлі былі прадстаўленыя на вітрынах у многіх буціках Масквы, каб прыходзілі кліенты і мы атрымлівалі замовы. Калекцыя была прызнаная брэндам году ў Расеі, была на вокладках модных часопісаў. Гэта ўсё можна лёгка прагугліць.

«Як толькі я выказала сваю грамадзянскую пазыцыю, мне патэлефанавалі і запатрабавалі вярнуць калекцыю»


— А ці вы памятаеце, на якім этапе спыніўся кантакт з вамі ў беларускага боку? Ці выклікалі вас у суд? Ці інфармавалі?

— Як толькі я выказала сваю грамадзянскую пазыцыю, як толькі мяне некалькі разоў пабачылі ля амбасады Беларусі ў Маскве, як толькі я падтрымала народ і выступіла супраць рэжыму Лукашэнкі і сыстэмы, мне патэлефанавалі і запатрабавалі вярнуць калекцыю. Я ўсё зразумела і сказала, што вярну калекцыю, але разьлічыцеся са мной за маю працу тры гады, за дызайн, за распрацоўку калекцыі, за ўсе камандзіроўкі. Мне адказваюць: Анжаліка Анатолеўна, у нас з вамі няма дамоваў, па якіх мы будзем з вамі разьлічвацца.

— Дык, атрымліваецца, вы ўсё рабілі бясплатна?

— Так, бясплатна, у выніку аказалася яшчэ і зладзейкай, якая скрала футры. Я патраціла шмат часу, рэсурсаў, магчымасьцяў, грошай на захоўваньне і на прадстаўленьне калекцыі. Але паколькі не было афіцыйных дамоваў на стварэньне, то калекцыя належыць мне як дызайнэру. Адзінае, што яны зачапіліся за ўмоўную дамову пра рэалізацыю і падалі ў суд, які абавязаў мяне вярнуць калекцыю.

— Якім вы бачыце магчымае вырашэньне гэтай сытуацыі?

— Я маўчала, калі прапагандысты крычалі: «Зладзейка, вярні футры». Я разумела, што мне трэба захоўваць спакой. Я разумела, што прыехаць у Беларусь і абараняць сябе ў судзе я не магу, бо адразу траплю за краты. Знайсьці адваката і юрыста ў Беларусі практычна немагчыма цяпер. Мне пашанцавала, я знайшла сумленных і сьмелых людзей, якія пагадзіліся проста прадставіць мае інтарэсы паводле дамовы, хаця б прыйсьці і забраць рашэньне суду. Я прапаноўвала тры варыянты. Першы — заплаціць мне за працу, і я вяртаю калекцыю. Другі — яны аддаюць мне палову калекцыі. Трэці — яны робяць зьніжку, і я выкупляю калекцыю.

«Я думаю, яны ўсё гэта прыдумалі, каб абмежаваць мой выезд з Расеі»


— Як вы гледзіце цяпер на сытуацыю ў Беларусі, на тое, што вы можаце зрабіць у гэтых варунках?

— Я спакойная, як вы бачыце. Я думаю, яны ўсё гэта прыдумалі, каб абмежаваць мой выезд з Расеі. Калі адбыўся першы суд і мяне абавязалі вярнуць калекцыю, і я напісала, што я яе не вярну, то адзінае выйсьце для мяне было, каб памянялі рашэньне суду. І яго зьмянілі. Цяпер я па рашэньні суду павінна па меры сваіх магчымасьцяў вяртаць грошы за калекцыю, якую я сама і стварыла. Нічога ня зробіш. Такая сытуацыя, іншага варыянту няма. Першы транш перад новым годам я адправіла ў «Белкаапзьнешгандаль». Напісала ім ліст, што буду разьлічвацца за калекцыю, каб яны былі спакойныя, каб мне далі спакойна жыць і працаваць.

Пакуль сытуацыя ў Беларусі не стабілізуецца, я не магу сябе абараняць у прававым полі Беларусі. Я магу сябе абараняць толькі ў прававым полі Расеі, і я буду гэта рабіць. Я працую з адвакатамі і юрыстамі. У мяне ёсьць усе правы, каб падаць сустрэчныя пазовы на кампэнсацыю маёй працы і маёй шкоды і маіх выдаткаў. Але я цудоўна разумею, што цяпер гэта ня мае сэнсу. Мяне абавязалі вяртаць грошы, і я іх вяртаю.

Але гэтага аказалася мала. Юрыста, майго прадстаўніка, некалькі разоў выклікалі ў Сьледчы камітэт. Супраць мяне завялі яшчэ адну крымінальную справу аб крадзяжы і махлярстве ўсё па тых жа футрах. Юрыстка дала падпіску аб неразгалошваньні, таму яна мне ня можа да канца сказаць, што там робіцца. Я ня ведаю, чым гэта ўсё скончыцца, але захоўваю спакой. Я разумею, што мне баяцца няма чаго, хавацца мне няма ад каго, уцякаць мне няма куды.

Калі было першае патрабаваньне аб маёй экстрадыцыі з Расеі ў Беларусь, мне шмат тэлефанавалі — прапаноўвалі адкрыць візы, незнаёмыя людзі з Амэрыкі казалі, што прышлюць самалёт і, пакуль ёсьць магчымасьць, вывезуць мяне, званілі сябры з Грузіі, прапаноўвалі на прыватным самалёце забраць з Расеі, каб са мной нічога ня здарылася.

Сьпявачка Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве. 2020 год.
Сьпявачка Анжаліка Агурбаш ля беларускай амбасады ў Маскве. 2020 год.

Я прыняла рашэньне, што нічога рабіць ня буду, што я ўцякаць ня буду, бо я нічога дрэннага не рабіла. Я толькі падтрымала свой народ, выказала сваё стаўленьне да сытуацыі, да рэпрэсій, выказала сваё стаўленьне да Лукашэнкі. Я маю на гэта абсалютнае грамадзянскае і канстытуцыйнае права. Ніякіх законаў я не парушала. Статус уцякачкі — гэта ня мой статус. Статус палітуцякачкі — таксама ня мой. Я вырашыла, што лепей адседжу ў турме, але ня буду нікуды ўцякаць. Я не мяняла сваёй грамадзянскай пазыцыі, якую выказала яшчэ да выбараў.

Калі было другое рашэньне Менскага эканамічнага суду, што я мушу вярнуць грошы, а не калекцыю, праўладныя тэлеграм-каналы напісалі, што нібыта я, такая нягодніца, зладзейка без сумленьня і сораму, скарысталася сытуацыяй з рэвалюцыяй і спэцыяльна падтрымала беларускі народ, каб выкруціцца з сытуацыі з футрамі і не вяртаць ані футры, ані грошы.

Я не камэнтавала, бо калі б я зрэагавала на «зладзейка, вярні футры», я б дала ім нагоду разьвіваць гэтую гісторыю і тэму. Дзякуй, што запрасілі на інтэрвію, я ўсё ж вырашыла выкласьці сваю пазыцыю, бо на мяне пайшла атака і з боку расейскіх СМІ, каб я пракамэнтавала сытуацыю, бо многім яна невядомая.

Дзякуй Богу, што тут судовыя прыставы разумеюць, што гэта палітычная замова, што гэта палітычная справа. Я спраўлюся з гэтай сытуацыяй і буду захоўваць спакой. І я ўсіх заклікаю захоўваць спакой і берагчы сябе найперш, захоўваць сябе, каб потым было каму аднаўляць нашую любую Беларусь.

  • Рахунак амаль на 6,1 мільёна расейскіх рублёў (амаль 82 тысячы даляраў) выставіла беларускай сьпявачцы Анжаліцы Агурбаш Фэдэральная служба судовых прыставаў Расеі. Квітанцыя на аплату зьявілася ў базе судовых вядзеньняў.
  • Грошы са сьпявачкі спаганяюць на падставе пастановы Эканамічнага суду Менску, які абавязаў сьпявачку вярнуць «Белкаапзьнешгандлю Белкаапсаюзу» 49 адзінак тавару, які яна павінна была прадаць у Маскве і атрымаць камісійныя. Гэта ў асноўным футры, а таксама шалікі, шапкі, камізэлькі і іншыя вырабы.
  • Першае рашэньне ў «справе аб футрах» прынялі яшчэ ў чэрвені 2021 году. У судзе адказчык сьцьвярджаў, што Анжаліка Агурбаш у 2018 годзе заключыла з прадпрыемствам дамову аб рэалізацыі тавару і да чэрвеня 2020 году павінна была пералічыць грошы за прададзеныя футравыя вырабы або вярнуць тавар. Аднак ні таго, ні другога не адбылося. Суд стаў на бок кампаніі.
  • Расейскія судовыя прыставы першапачаткова налічылі сьпявачцы для выплаты больш як 197,9 тысячы расейскіх рублёў (каля 2,7 тысячы даляраў). Цяпер яны вырашылі спагнаць асноўны кошт тавару.
  • Паміж Расеяй і Беларусьсю дзейнічае пагадненьне аб прызнаньні актаў арбітражных судоў. Яны выконваюцца ў такім жа парадку, што і рашэньні сваёй дзяржавы.
  • На радзіме супраць Анжалікі Агурбаш, якая даўно жыве ў Маскве, завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі і распальваньне варажнечы. Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG