Сьпявачка заявіла, што нікуды не зьбіраецца зьяжджаць з Расеі, адрэагавала на рашэньне суду па так званай «футравай справе», які адбыўся безь яе ўдзелу ў Менскім эканамічным судзе, і заклікала ўсіх далучацца да яе ініцыятывы правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму.
- Анжаліка Агубаш нарадзілася ў Менску. У 1988 годзе выйграла першы ў Беларусі конкурс прыгажосьці «Менская прыгажуня». У пачатку кар’еры выступала як Ліка Ялінская. Расейская і беларуская сьпявачка, актрыса, мадэль і тэлевядоўца. Заслужаная артыстка Беларусі (2006). Былая ўдзельніца ВІА «Верасы». Удзельніца Эўравізіі ад Беларусі ў 2005 годзе. Каля 20 гадоў жыве і працуе ў Маскве.
Сьцісла
- Мяне запрасілі ў міжраённую пракуратуру і паведамілі, што Генэральная пракуратура Беларусі завяла супраць мяне дзьве крымінальныя справы.
- Расейская Фэдэрацыя не выдае сваіх грамадзянаў. Цяпер ідзе экстрадыцыйная праверка. Гэта звычайная справа. Ніхто не зьбіраецца мяне арыштоўваць і экстрадзіраваць.
- Калі паўгоду ці год гэта працягнецца, пацерпіць вялізарная колькасьць беларусаў, людзі згубяць калі не жыцьцё, то здароўе, згніюць зажыва ў гэтых турмах.
- Я даведалася пра слуханьне ў эканамічным судзе Менску, адкрыўшы свой тэлефон. У 10 гадзінаў пачалося паседжаньне, а ў 10 гадзін 23 хвіліны – ужо першы артыкул: «Зладзейка, вярні футры».
«Я грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, я пад абаронай Расейскай Фэдэрацыі»
– Як вы даведаліся пра заведзеныя ў Беларусі супраць вас справы? Ці вас шукалі ў Расеі беларускія органы?
– Ніякай інфармацыі ад беларускіх органаў я не атрымлівала – ні званкоў, ні позваў. Я даведалася пра гэта непасрэдна ад расейскага боку, калі мяне запрасілі ў міжраённую пракуратуру і паведамілі, што паступілі такія дакумэнты, што Генэральная пракуратура Беларусі завяла супраць мяне дзьве крымінальныя справы.
– Ці вы адчуваеце сябе ў бясьпецы? Як паказвае практыка, Расея выдае Беларусі людзей, якія абвінавачваюць у палітычных справах? Вы грамадзянска Расеі і Беларусі, але Беларусь прызае толькі беларускае грамадзянства.
– Я грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, я пад абаронай Расейскай Фэдэрацыі. Расея не экстрадзіруе, не выдае сваіх грамадзянаў. Мяне супакоілі, сказалі, што мне няма чаго баяцца, тым больш, што ўся мая гісторыя жыцьця, мая рэпутацыя настолькі чыстая... І абвінавачваць мяне ў такіх цяжкіх злачынствах па такіх артыкулах і з такімі тэрмінамі? Я разумею, што цяпер штодня ў Беларусі адбываецца, як заводзяцца крымінальныя справы, як шмат людзей за кратамі. Поўнае беззаконьне, пачынаючы ад Канстытуцыйнага суду заканчваючы ўсімі праваахоўнымі органамі, таму глябальна не было вялікай нечаканасьцю, але былі нечаканымі гэтыя артыкулы.
– Цяпер абарона чэмпіёна Аляксея Кудзіна спрабуе ў страсбурскім судзе аспрэчыць выдачу яго з Расеі і Беларусь. Ці вы разглядаеце магчымасьць выезду з Расеі дзеля бясьпекі?
– Вы бачыце, што я сябе адчуваю абсалютна спакойна і ўпэўнена. У мяне няма ніякага страху і панікі, паколькі я абсалютна не адчуваю сябе вінаватай. Мне тэлефануюць знаёмыя і непакояцца за мяне, але нікуды не зьбіраюся ўцякаць. Я не рабіла нічога дрэннага. Я ўсяго толькі выказвала сваё меркаваньне, сваю грамадзянскую пазыцыю, якая не зьмянілася за ўвесь гэты год, толькі дадалося болі ў сэрцы і душы. Я ведаю, што я пад абаронай Расейскай Фэдэрацыі, і яна не выдае сваіх грамадзянаў. Цяпер ідзе экстрадыцыйная праверка. Гэта звычайная справа. Ніхто не зьбіраецца мяне арыштоўваць. І як мне сказалі, ніхто не зьбіраецца мяне экстрадзіраваць, бо няма падставаў абвінавачваць мяне ў распальваньні варожасьці. Усё жыцьцё я – мірны чалавек, аб'ядноўвала ўсіх, мірыла, несла толькі сьвятло і добрыя эмоцыі.
Я выступаю супраць гвалту. Гэта мая грамадзянская пазыцыя. Я беларуска, дзе б я не знаходзілася, маё сэрца і мая душа заўсёды будзе з беларускім народам. Я не магу быць абыякавай да таго, што адбываецца цяпер у Беларусі. Душа і сэрца баляць, я выматалася эмацыйна за гэты год. Думаю, што мяне зразумее кожны неабыякавы чалавек, бо немагчыма спакойна глядзець на тое, што адбываецца. Рэпрэсіўная машына настолькі зварʼяцела, што ні за што саджае столькі людзей у турмы, рэпрэсіўная машына не шкадуе ані жанчын, ані дзяцей, ані старых людзей.
«Хачу запрасіць далучыцца да гэтай ідэі ўсіх неабыякавых беларусаў, усе дыяспары, усе штабы, усе палітычныя партыі»
– Вы выступілі зь ініцыятывай утварыць Арганізацыйны камітэт дзеля стварэньня ініцыятыўнай групы, каб правесьці ў сьнежні-студзені канстытуцыйны рэфэрэндум і заклікалі да абʼяднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў. Наколькі гэтая ініцыятыва рэфэрэндуму скаардынаваная з прадстаўнікамі ўсіх дэмакратычных сілаў?
– Насьпела сытуацыя. І ў ранейшых нашых інтэрвію я казала, што толькі абʼяднаўшыся, мы зможам супрацьстаяць гэтаму рэжыму. Мы павінны былі гэта зрабіць. Цяпер сытуацыя настолькі вострая і крытычная, што калі мы не пачнем нешта рабіць, проста страцім Беларусь, страцім найлепшых прадстаўнікоў беларускага народу, якія проста загінуць у турмах. Ламаюцца лёсы людзей, і ня толькі вязьняў, але і іх блізкіх. Даколе мы будзе гэта цярпець? Мы павінны сабрацца, абʼяднацца і проста спыніць беззаконьне, тэрор і агрэсію.
Найлепшая плятформа – аргкамітэт па стварэньні ініцыятыўнай групы па правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Мы ведаем, што Лукашэнка рыхтуе рэфэрэндум і піша свае законы, абсалютна закрытыя для грамадзтва. Мы ў вялікай небясьпецы, бо цяпер ён можа напісаць любыя законы і правесьці такі ж рэфэрэндум, як ён правёў свае выбары. Я б вельмі хацела заклікаць і запрасіць далучыцца да гэтай ідэі ўсіх неабыякавых беларусаў, усе дыяспары, усе штабы, усе палітычныя партыі. Мне вельмі хацелася б запрасіць увайсьці ў склад аргкамітэту нашых знакавых і знаных людзей, якія селі б за адзін вялікі круглы стол і дапамаглі адбыцца гэтаму рэфэрэндуму.
Хочацца, каб далучыліся Вераніка і Валер Цапкалы, Павал Латушка, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Сямён Шарэцкі, Аляксандар Вайтовіч, Натальля Машэрава, Пётар Клімук, Алег Навіцкі, Андрэй Саньнікаў, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў... Усіх заклікаю. Давайце зьбяромся, адкінем асабістыя амбіцыі, лідэрскія амбіцыі, цяпер не да таго. Нам трэба абʼяднацца і выратаваць нашу родную Беларусь.
– Анжаліка, вас беларусы пазналі ня толькі як сьпявачку, а як грамадзкую дзяячку, як палітыка, можна сказаць. Ваш голас чуваць у Беларусі, пра што і крымінальныя справы сьведчаць. Вам баліць за Беларусь, і вы шмат робіце, каб гэта пачулі ў Расеі. Ці вы бачыце сябе ў грамадзка-палітычным жыцьці ў будучыні больш фарматна – як сябра каманды, як стварэньне ўласнага руху...
– Сёньня я беларуска, неабыякавая да таго, што адбываецца ў маёй краіне. І да мяне зьвярнулася наша беларуская грамадзкасьць, што трэба нешта рабіць. Цяпер у нас апошні шанец гэта зрабіць, і гэты апошні шанец выратаваць людзей і выратаваць Беларусь. Разумею, што ўсе стаміліся. І я эмацыйна стамілася. Сыстэме ўдалося агрэсіяй і беззаконьнем запалохаць людзей... Многія разгубленыя і расчараваныя, але ні ў якім разе нельга апускаць рукі і здавацца. Мы павінны гэта зрабіць хаця б дзеля тых людзей, якія цяпер у турмах знаходзяцца. Калі паўгоду, год гэта працягнецца, пацерпіць яшчэ вялізарная колькасьць беларусаў, і людзі згубяць калі не жыцьцё, то здароўе дакладна. Згніюць зажыва ў гэтых турмах. Аляксандар Рыгоравіч проста калечыць народ, найлепшых яго прадстаўнікоў і разбурае нашу Беларусь. Ужо і да мяне дакацілася гэтая рэпрэсіўная машына. Хто б мог падумаць...
«Я ж не прадавачка, я была запрошаная ў гэты праект у якасьці творчай асобы»
– Нядаўна ў судзе ў Беларусі разглядалася так званая «футравая справа». Паводле юрыдычнага аддзелу «Белкаапсаюзу», у лістападзе 2018 году з вамі была заключаная дамова аб рэалізацыі 40 футравых вырабаў. Нібыта вы атрымалі тавар і мусілі рэгулярна пералічваць грошы ад рэалізацыі, але гэтага не рабілі. У выніку эканамічны суд Менску вынес рашэньне – вам выставілі суму ў памеры блізу 83 тысяч даляраў за «прысабечаную» прадукцыю і дадаткова каля 7 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны на судовыя выдаткі. Раскажыце, у чым справа, ці ваш прадстаўнік быў у судзе, і што вы зьбіраецеся рабіць?
– Я ніяк не камэнтавала гэтую справу, таму што няма чаго камэнтаваць. Гэта была поўная нечаканасьць для мяне. Я даведалася пра тое, што адбылося першае слуханьне ў эканамічным судзе Менску, адкрыўшы свой тэлефон. Даведалася, што ў 10 гадзінаў пачалося паседжаньне суду, а ў 10 гадзін 23 хвіліны – ужо першы артыкул: «Зладзейка, вярні футры». Для мяне гэта быў шок.
Я была запрошаная ў гэты праект у якасьці творчай асобы, у якасьці запрошанага дызайнэра. Са мной доўга вялі перамовы і я пагадзілася на добрую справу – стварыць прыгожую калекцыю, каб прасоўваць наш беларускі прадукт, нашу футру на сусьветны рынак. Калекцыя атрымалася захапляльная, вельмі трэндавая і камэрцыйная ў тым ліку. Была пашытая капсульная калекцыя, прэзэентацыйная, якую мне перадалі для працы зь ёй у Маскве. Было шмат фотасэсій, рэклямы. Была прэс-канфэрэнцыя ў Менску па прадстаўленьні гэтай калекцыі. Я і прадаваць футры. Я ж не прадавачка, вы ж цудоўна гэта ўсё разумееце. Калі я пазваніла, мне сказалі : «Анжаліка Анатольеўна, вы ж усё разумееце». Я кажу: «Разумею».
У мяне вялікая доказная база, але мне і даказваць няма чаго, і апраўдвацца няма ў чым. Якая я зладзейка, гэта анэкдатычна. Калекцыя ў цэласьці і захаванасьці знаходзіцца ў Маскве. Ніхто яе ня краў, ніхто яе прадаваць не зьбіраўся, бо гэта была калекцыя для дэманстрацыі і рэклямы і далейшай рэалізацыі вялікага праекту, які павінен быў стаць маштабным. Я раблю ўсё, каб захаваць калекцыю для новай Беларусі. Я ведаю, што яна будзе папулярная і запатрабаваная ў сьвеце.
У калекцыі вельмі шмат і маёй душы і душы людзей, якія яе стваралі. Цяпер я яе проста выкуплю і захаваю. І зусім хутка раскажу, каму было выгадна сфальсыфікаваць, стварыць такую сытуацыю, каб у іх была магчымасьць называць мяне зладзейкай. Калі пра гэта даведаліся мае блізкія людзі і калегі, мне сказалі, што, напэўна, гэта першы званочак. Вось цяпер і другі званочак празьвінеў – дзьве крымінальныя справы да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
“3 ліпеня 2020 году я выступала на Дні незалежнасьці,і нават тады я не магла меркаваць, што гэты чалавек здольны на такую ступень агрэсіі”
– Давайце вернемся ў далёкія часы, калі вы жылі і працавалі ў Беларусі, выступалі ў тым ліку на мерапрыемствах, дзе быў Аляксандар Лукашэнка. Як мянялася ваша стаўленьне да яго?
– Я была ў Беларусі 3 ліпеня 2020 году на Дні незалежнасьці, мяне запрасіла Беларуская дзяржаўная філярмонія паўдзельнічаць у канцэрце. І нават тады напярэдадні выбараў я не магла нават меркаваць, што гэты чалавек здольны на такую ступень агрэсіі і на такое бесчалавечнае, пачварнае стаўленьня да людзей, да беларусаў, да ўласнага народу. Думаю, што тысячы і мільёны беларусаў таксама гэтага не чакалі. Мы разумелі, што будзе цяжка, ужо быў арыштаваны Сяргей Ціханоўскі. Потым мы ўсе цудоўна ведалі, якія ў нас будуць выбары, але ніхто ня думаў, што будзе такі тэрор і агрэсія з боку Лукашэнкі і ўсяго яго апарат. Я думаў, што і для ўсёй сусьветнай супольнасьці гэта было нечакана. Таму сусьветная супольнасьць уключаецца і спрабуе дапамагаць Беларусі і беларусам.