Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нехарызматычны, але паслухмяны выканаўца». Хто такі Барыс Грызлоў, новы амбасадар Расеі ў Беларусі?


Барыс Грызлоў
Барыс Грызлоў

МЗС Беларусі зацьвердзіла кандыдатуру Барыса Грызлова ў якасьці новага амбасадара Расеі ў Беларусі.

71-гадовы Грызлоў зьменіць на гэтай пасадзе 70-гадовага Яўгена Лук’янава, які не прабыў у Менску і году.

Адняклясьнік Патрушава

Грызлоў нарадзіўся ў 1950 годзе ва Ўладзівастоку, ягоны бацька быў супрацоўнікам Міністэрства абароны. Літаральна праз чатыры гады сям’я пераехала ў Ленінград — горад, адкуль выйшла значная частка цяперашніх расейскіх чыноўнікаў. Тым ня менш Грызлоў да пачатку 2000-х не сябраваў з Уладзімірам Пуціным і нават ніколі не працаваў разам зь ім.

Узыходжаньне Грызлова ў расейскую палітычную эліту зьвязваюць зь імем цяперашняга сакратара Рады бясьпекі, былога кіраўніка ФСБ Мікалая Патрушава, які якраз быў блізкі з Пуціным. Справа ў тым, што Грызлоў і Патрушаў вучыліся ў адной клясе.

Барыс Грызлоў за савецкім часам шукаў сябе ў навуцы, займаўся распрацоўкай касьмічных сыстэм сувязі, працаваў на прадпрыемстве «Электронпрыбор». Ад моманту развалу СССР ён спрабуе свае сілы ў бізнэсе. Цікава, што ў адной зь ягоных фірмаў «Борг» у падначаленьні была жонка Патрушава.

Разгромна прайграў першыя выбары

Інтарэс да палітыкі ў Грызлова зьнянацку прачнуўся ў канцы 90-х. Тады ён балятаваўся ў Заканадаўчы сход Санкт-Пецярбургу, але набраў усяго каля 3% галасоў, саступіўшы прадстаўніку дэмакратычнага «Яблыка».

Пра Грызлова ўспомнілі, калі пачалі ствараць рэгіянальную піцерскую суполку партыі «Адзінства», якую пазьней рэарганізуюць у «Адзіную Расею». Грызлоў зарэкамэндаваў сябе добрым арганізатарам на выбарах у Пецярбургу, сам трапіў у Думу. Месца кіраўніка фракцыі ў парлямэнце было вольнае.

Некаторыя расейскія палітычныя аглядальнікі мяркуюць, што Грызлову гэтае месца аддалі па рэкамэндацыі якраз Патрушава.

Ініцыяваў справу «пярэваратняў у пагонах»

У 2001 годзе Грызлова прызначаюць новым міністрам унутраных спраў Расеі, хоць з гэтым ведамствам ён ня быў ніяк зьвязаны.

«Гэта быў цалкам нехарызматычны, але паслухмяны выканаўца», — пісаў пра Грызлова Міхаіл Зыгар у кнізе «Ўся каралеўская раць».

На пасадзе міністра чыноўнік запомніўся яркай піяр-кампаніяй па барацьбе з карупцыяй ва ўласным ведамстве. У той час у расейскіх СМІ было мноства публікацый пра так званых «пярэваратняў у пагонах». Менавіта зь ягонай падачы на расейскім ТБ пачынаюць зьяўляцца шматлікія сэрыялы пра міліцыянтаў кшталту «Вуліцы разьбітых ліхтароў». Усё гэта рабілася з мэтай вярнуць давер насельніцтва да МУС.

Ад 2003 да 2011 гадоў Барыс Грызлоў быў сьпікерам Дзяржаўнай Думы. Менавіта яму належыць славуты выраз: «Парлямэнт — гэта ня месца для дыскусій». Увогуле ж палітык запомніўся цэлым шэрагам недарэчных выказваньняў, поўную падборку рабіла выданьне «Коммерсант».

Казаў, што расейскія грошы ў Беларусі ідуць на стварэньне міту

Былі ў гэты час у Грызлова і сутычкі зь беларускім кіраўніцтвам. Ад палітыка рэдка былі чуваць выказваньні пра «братэрскую любоў». У 2007 годзе Грызлоў рэзка сказаў: «Мы ня хочам, каб расейскія грошы ішлі не на рэальнае будаўніцтва саюзнай дзяржавы, а на стварэньне міту, што яна ёсьць».

У траўні 2009 году Грызлоў таксама неадназначна выказаўся, што Беларусь «занадта доўга рыхтуецца да прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі». Яшчэ адзін раз сьпікер Дзярждумы выказваў незадаволенасьць, калі на беларускім тэлебачаньні выйшла інтэрвію зь Міхаілам Саакашвілі.

Пасьля 2011 году кар’ера Барыса Грызлова пачала ісьці на спад. Высокіх пасадаў ён больш не займаў. У 2015 годзе стаў прадстаўніком Пуціна ў кантактнай групе па Ўкраіне, але на цяперашні час яна амаль спыніла сваю працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG