Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане новы расейскі пасол Грызлоў Бабічам-2?


Барыс Грызлоў, архіўнае фота
Барыс Грызлоў, архіўнае фота

Менавіта палітыку такой цяжкай вагавой катэгорыі даручылі справу «абсаюзьніваньня» Беларусі і ўтаймаваньня Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Частая зьмена амбасадараў Расеі ў Беларусі — адлюстраваньне няпэўнасьці, зыгзагаў палітыкі РФ на беларускім кірунку.
  • Прызначэньне Барыса Грызлова азначае рост удзельнай вагі Беларусі ў замежнай палітыцы Расеі.
  • Узьнікла неабходнасьць прывесьці ўзровень дыпляматычнага прадстаўніцтва РФ у адпаведнасьць з новым статусам Беларусі, з палітычнай вагой Расеі ў саюзе зь Беларусьсю.
  • Барыс Грызлоў — адлюстраваньне новай рэальнасьці ў беларуска-расейскіх адносінах.

Цякучасьць дыпляматычных кадраў Расеі на беларускім кірунку ўражвае. З 2018 году Барыс Грызлоў — пяты амбасадар РФ у Беларусі. Такі кадратрус стаў пэўным адлюстраваньнем няпэўнасьці, зыгзагаў палітыкі Расеі адносна Беларусі. Яна даволі заўважна мянялася.

У 2018 годзе Крэмль моцна хацеў рэальнага аб’яднаньня Беларусі з Расеяй, каб вырашыць праблему працягненьня паўнамоцтваў Пуціна як прэзыдэнта РФ. Таму ў ажыцьцяўленьне палітыкі «прымусу да інтэграцыі» быў залучаны «дыпляматычны спэцназ» у выглядзе пасла Міхаіла Бабіча. Калі праблема зьнікла, на гэтай пасадзе зьявіліся іншыя, больш ураўнаважаныя людзі (Дзьмітрый Мезенцаў, Яўгеній Лук’янаў).

Пасьля жніўня 2020 году беларуска-расейскія адносіны значна памяняліся, Беларусь аказалася адзіным хаўрусьнікам РФ у яе ўсё мацнейшым канфлікце з Захадам. Прызначэньне палітычнага цяжкавагавіка Барыса Грызлова новым расейскім амбасадарам у Беларусі азначае рост удзельнай вагі Беларусі ў замежнай палітыцы Расеі.

Зь іншага боку, залежнасьць Беларусі ад Расеі рэзка ўзрасла. Узьнікла неабходнасьць прывесьці ўзровень дыпляматычнага прадстаўніцтва РФ у адпаведнасьць з новым статусам Беларусі, з палітычнай вагой Расеі у саюзе зь Беларусьсю. Каб хвост больш не круціў сабакам.

У савецкі час паслы СССР у сацыялістычных краінах ці «краінах сацыялістычнай арыентацыі» выконвалі ролю паралельнага ўраду, другога цэнтру ўлады. Мяркую, такую сытуацыю Масква хацела б сканструяваць і ў адносінах зь Беларусьсю.

Такую задачу павінен быў выканаць у 2018–2019 гадах тагачасны расейскі амбасадар Міхаіл Бабіч. Але ягоная праблема была ў тым, што ён імкнуўся адыгрываць гэтую ролю публічна. Што і выклікала скандал.

Цяпер такую функцыю Барыс Грызлоў паспрабуе выканаць кулюарна. Дасюль на пасадзе амбасадара РФ у Беларусі людзей з такой біяграфіяй не было. Грызлоў быў мінстрам ўнутраных справаў, сьпікерам Думы. А галоўнае — ён чалавек з блізкага атачэньня Пуціна. Таму менавіта палітыку такой цяжкай вагавой катэгорыі даручылі справу «абсаюзьніваньня» Беларусі і ўтаймаваньня Лукашэнкі.

Такім чынам, Барыс Грызлоў — адлюстраваньне новай рэальнасьці ў беларуска-расейскіх адносінах.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG