Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія праваабаронцы патрабуюць расьсьледаваць напад на актывістаў з Казахстану ў Кіеве


Каардынатар праекту «Без кордонів» («Бязь межаў») Максім Буткевіч
Каардынатар праекту «Без кордонів» («Бязь межаў») Максім Буткевіч

Ва Ўкраіне прадстаўнікі праваабарончых арганізацый патрабуюць ад уладаў правесьці незалежнае расьсьледаваньне факту нападу на двух грамадзян Казахстану, каардынатараў руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» Заманбека Тлеўліева і Елдоса Насіпбекава.

Актывіст Заманбек Тлеўліеў увечары 6 студзеня паведаміў пра сілавы напад на яго нібыта супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны. Яго моцна зьбілі, выбілі зубы. Ягоны паплечнік Елдос Насіпбекаў, калі да яго ў кватэру прыйшлі прадстаўнікі СБУ, пад пагрозамі дэпартацыі з Украіны быў вымушаны падпісаць дакумэнт аб адмове каардынаваць пратэсты ў Казахстане.

Увечары 6 студзеня прэсавая служба СБУ пацьвердзіла, што ў сувязі з пратэстамі ў Казахстане праводзіла праверку «асобных грамадзян Казахстану», каб «эфэктыўна абараніць бясьпеку грамадзян Украіны». Але там падкрэсьлілі, што размаўлялі з казахстанскімі актывістамі «ветліва і карэктна».

Заманбек Тлеўліеў заявіў, што запомніў прозьвішча аднаго з супрацоўнікаў СБУ, калі той паказаў пасьведчаньне. Пасьля рэзанансу і выкліку паліцыі супрацоўнікі СБУ зьехалі, а актывіст з Казахстану ў вызначаным парадку засьведчыў факты свайго зьбіцьця.

«Наша задача зараз, па-першае, каб праваахоўныя органы правялі належнае расьсьледаваньне. Калі гэтага не адбудзецца, мы будзем абскарджваць такую пазыцыю», — сказаў выканаўчы дырэктар Украінскага Гельсынскага саюзу з правоў чалавека Аляксандар Паўлічэнка на онлайн-брыфінгу, арганізаваным шэрагам украінскіх і міжнародных праваабарончых арганізацый — Цэнтрам правоў чалавека ZMINA, Open Dialogue Foundation, плятформай «Правозахисний порядок денний» і праектам «Без кордонів».

Каардынатар праекту «Без кордонів» («Бязь межаў») Максім Буткевіч ня выключыў, што цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны будзе намагацца выкарыстаць супраць казахстанскіх актывістаў працэдуру «прымусовага выдварэньня ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі», як гэта было ў выпадку зь беларускім анархістам Аляксеем Балянковым . Пры гэтай працэдуры вельмі складана юрыдычна дапамагчы грамадзянам, адносна якіх яна прымяняецца.

«Ва Ўкраіне сыстэма прытулку вельмі неэфэктыўная, больш за тое, у цэлым шэрагу выпадкаў яна накіраваная не на тое, каб выканаць свае абавязкі па абароне людзей, якія зьвяртаюцца па прытулак, а часта яна падпарадкаваная мэце, каб такой абароны не даваць і мінімізаваць колькасьць людзей са статусам уцекача, і зрабіць іх жыцьцё складаным ва Ўкраіне», — мяркуе Максім Буткевіч.

Ён падкрэсьліў, што абодва актывісты знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны легальна і абодва зьвярнуліся па атрыманьне статусу ўцекача. Заманбек Тлеўліеў цяпер абскарджвае ў судовым парадку адмову міграцыйных органаў у наданьні прытулку, а заяву Елдоса Насіпбекава органы міграцыйнай службы пакуль яшчэ не разгледзелі.

Дзьмітры Маргун, адвакат казахстанскіх актывістаў, перакананы, што супрацоўнікі СБУ перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы.

«Неабходныя заявы мы ўжо падалі для рэгістрацыі крымінальных правапарушэньняў, каб прыцягнуць да адказнасьці гэтых супрацоўнікаў. Але мы разумеем, што СБУ ўжо спрабавала скарэктаваць дзеяньні сваіх супрацоўнікаў, заявіўшы, што гэта былі нібыта прафіляктычныя размовы. Але пра тое, што СБУ плянуе і хоча правесьці службовае расьсьледаваньне, каб кваліфікаваць паводзіны супрацоўнікаў СБУ і праваахоўных органаў, мы так і не пабачылі ў афіцыйнай заяве», — удакладніў адвакат.

Дзьмітры Маргун дадаў, што цяпер чакаюць рэакцыі на гэты выпадак з боку амбудсмэна Ўкраіны Людмілы Дзянісавай.

Што актывісты кажуць наконт пратэстаў у Казахстане

Заманбэк Тлеўліеў і Елдос Насіпбэкаў зьвязваюць прыход супрацоўнікаў СБУ з тым, што абодва яны сапраўды каардынавалі акцыі пратэсту ў Казахстане. Але акцыі былі мірныя.

«Я ва Ўкраіне знаходжуся тры гады, і тры гады я займаюся каардынацыяй мірнага супраціву рэжыму Назарбаева. Мы вывучылі досьвед, калі ў Армэніі зьмянілі рэжым, ва Ўкраіне. Ужо ўсе ведаюць, што калі 3–5% насельніцтва выходзяць на мірныя мітынгі, можна зьмяніць уладу бяскроўна і мірна. І мы заклікалі людзей змагацца з рэжымам Назарбаева», — сказаў Заманбэк Тлеўліеў.

Паводле яго, за тры дні паўстаньня актывісты ў Казахстане «запоўнілі» адміністратыўныя будынкі (акіматы) амаль у 20 гарадах, і яшчэ ў 60-ці дзясяткі тысяч людзей выходзілі менавіта да акіматаў. «Заставалася толькі Астана».

Заманбэк Тлеўліеў падкрэсьліў, што ўдзельнікі акцый дакладна дзейнічалі на падставе іхных інструкцый.

«А гэта — мірна зьбірацца на плошчах, перад акіматамі, заклікаць супрацоўнікаў паліцыі пераходзіць на бок народу. І калі ёсьць тысячы людзей, мы можам мірным шляхам запаўняць акіматы і абвяшчаць, што мы зьмянілі мірна ўладу ў Казахстане і ўзялі ўладу ў свае рукі. Дзясяткі тысяч людзей дзейнічалі дакладна, арганізавана. І калі ўжо зайшлі ў (акімат) Алматы, снайпэры пачалі страляць. Назарбаеў у гэты момант зразумеў, што ня можа кантраляваць сытуацыю, што ягонаму праўленьню канец і ён прайграе, і ён увёў войскі акупантаў з Расеі».

Заманбэк Тлеўліеў падкрэсьліў, што, на яго думку, дзеяньнямі ўлады ў Казахстане кіруе не прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў, а Нурсултан Назарбаеў.

«Такаеў — проста галава-выканаўца. Усё ў руках Назарбаева. І Назарбаеў цяпер дамаўляецца з Пуціным. Такаеў нічога не вырашае. Ён лялька. І тэксты зваротаў яму пішуць, і ён іх чытае з суфлёра».

У сваю чаргу, кіраўніца фонду «Адкрыты дыялёг» Людміла Казлоўская дадала, што Канстытуцыя Казахстану прадугледжвае для Нурсултана Назарбаева асаблівы статус, які, па сутнасьці, дазваляе яму пажыцьцёва кіраваць краінай. У прыватнасьці, ён мае безумоўную і бестэрміновую недатыкальнасьць за ўсе дзеяньні, якія ён зьдзяйсьняў у часе свайго прэзыдэнцтва.

«Ён цалкам кантралюе ўсе органы ўлады. Ён можа і прызначыць прэзыдэнта Казахстану, і зьняць яго. І нават цяпер так званы сыход Назарбаева (з пасады кіраўніка Рады бясьпекі. — РС) — гэта спроба пазьбегнуць пагрозы пэрсанальных санкцый за масавы расстрэл, палітычны перасьлед і забойствы ў Казахстане. Фактычна ён зрабіў Такаева „гарматным мясам“. Назарбаеў цяпер сапраўды ў цені, але ўсё кіраваньне ў ягоных руках», — патлумачыла Людміла Казлоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG