Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вайскоўцы ў Казахстане расказалі, што ўваходзіць у іх задачы. ВІДЭА


Беларускія вайскоўцы ў Казахстане
Беларускія вайскоўцы ў Казахстане

Незалежны вайсковы аналітык пасьля выхаду рэпартажу пра працу беларускага кантынгенту АДКБ у Казахстане зьвярнуў увагу на форму вайскоўцаў.

Вайсковец зь беларускага кантынгенту міратворчых сілаў АДКБ палкоўнік Сяргей Красоўскі распавёў падрабязнасьці службы беларусаў у Казахстане, куды іх накіравалі на мінулым тыдні, піша Мінабароны Беларусі.

«Тэрыторыя ахоўнага аэрадрому — 14 кілямэтраў. Гэта пэрымэтар. Узьлётная паласа 3 кілямэтры плюс прылеглая зона бясьпекі. Ахоўваюць тэрыторыю толькі беларусы. Вось зараз прылятае чарговая група з расейскага боку, калегі будуць выконваць пэўныя задачы. І тут мы павінны забясьпечыць ім бясьпечнае прызямленьне, разгортваньне і адлёт».

У відэа ад тэлекампаніі «ВоенТВ» паказаны ўрывак працы беларускай роты ў Казахстане. У прыватнасьці паказалі, як вайскоўцы праверылі дакумэнты ў казаскіх паліцыянтаў.

Паводле словаў прэзыдэнта Казахстану Касыма-Жамарта Такаева, у краіне ад «міратворчай місіі АДКБ» знаходзяцца 2030 асабовага складу і 250 адзінак тэхнікі.

Беларускі вайсковы аналітык Ягор Лебядок заўважыў, што на прадстаўленых фота відаць, што беларускія вайскоўцы міратворчай роты ня маюць агульнапрынятых міжнароднымі нормамі апазнавальных знакаў міратворчых сілаў і адносінаў да АДКБ. Больш за тое, тэхніка таксама без апазнавальных знакаў і нумароў машын, асобы вайскоўцаў амаль усе схаваныя балаклавай або бафам.

Беларускі вайсковец у складзе кантынгенту ў Казахстане
Беларускі вайсковец у складзе кантынгенту ў Казахстане

Аналітык заўважае, што беларускія міратворцы ў Лібане выглядаюць зусім інакш, там яны пазначаныя адпаведным чынам, чаго няма ў Казахстане.

Гэтую акалічнасьць Лебядок лічыць вельмі небясьпечнай, паколькі «нават з адносна блізкай адлегласьці яны выглядаюць як проста людзі са зброяй і ў форме, што павышае рызыку нападу на іх».

Дэмакратычныя сілы Казахстану расцэньваюць уваход кантынгенту АДКБ у краіну ня як «міратворчую місію», а як інтэрвэнцыю. Празь вялікія праблемы з інтэрнэтам у краіне, які адключаюць улады, за мяжу не паступае поўная інфармацыя пра падзеі ў Казахстане.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG