Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Перамога над любым дыктатарам можа натхніць людзей», — удзельніца пратэстаў у Менску, беларуская лекарка з Алматы


Пратэсты ў Казахстане і Беларусі
Пратэсты ў Казахстане і Беларусі

Пра тое, што адбываецца ў Казахстане, расказвае беларуская доктарка Анастасія, якая каля паўгода жыве і працуе ў Алматы.

У 2020 годзе яна брала ўдзел у пратэстах у Беларусі, адседзела на Акрэсьціна, была звольненая са шпіталя, а празь некаторы час вырашыла выехаць зь Беларусі з прычынаў бясьпекі. Анастасія просіць захаваць ананімнасьць, рэдакцыя ведае яе сапраўднае імя і прозьвішча.

«Гэта падобна на сьвятлашумавыя гранаты, якія ўжывалі супраць пратэстоўцаў у Беларусі»​


— Што цяпер адбываецца ў Алматы? Якая атмасфэра?

— Ад учорашняга дня тут пратэсты, інтэрнэту няма, мабільнага зусім, але Wi-fi з VPN павольна, але працуе. Беларуская мінуўшчына не дала выдаліць гэтую аплікацыю з тэлефона. Учора ўвечары былі чуваць грукат і стрэлы, хоць і жыву я ня вельмі блізка ад эпіцэнтру падзеяў.

Сёньня раніцай прагулялася да плошчы Рэспублікі, там зьбіраліся людзі, у 13:00 быў ужо натоўп, пад’ехаць да плошчы нельга, там стаяць паліцэйскія машыны і 2 БТР. Па дарозе бачыла паваленыя ліхтары і дарожныя знакі, згарэлыя машыны.

Нічога не працуе — крамы, банкі, іншыя арганізацыі. У крамах, якія ўсё ж працуюць, натоўпы людзей, усе скупляюць прадукты. Калі вярталася дадому, міма мяне праехала больш за 30 вайсковых машын і аўтобусаў з вайскоўцамі ў рыштунку.

Пазьней я ўбачыла натоўп вайскоўцаў і АМАПу, якія стрымлівалі пратэстоўцаў. Вельмі часта гучаць выбухі, людзі крычаць вайскоўцам, каб тыя склалі зброю і далучыліся да народу. Вайскоўцам, паліцыі і АМАПу не ўдаецца стрымліваць пратэстоўцаў, яны рухаюцца наперад, супраць іх ужываюць гумавыя кулі, сьлезацечны (дыхаць ня толькі побач, але і ў квартале паблізу складана і сьлязяцца вочы, настолькі моцная канцэнтрацыя газу).

Увесь час чуваць грукат выбухаў (цяжка сказаць, што гэта), але гук вельмі моцны, і яркія ўспышкі сьвятла. Мне здалося, што гэта падобна на сьвятлашумавыя гранаты, якія ўжывалі супраць пратэстоўцаў у Беларусі.

— Якія ў вас узьнікаюць паралелі з тым, што адбывалася ў Беларусі?

Пратэсты ў Казахстане і Беларусі
Пратэсты ў Казахстане і Беларусі

— Паралеляў вельмі шмат. Калі ўчора адключылі інтэрнэт, я адразу сказала, што гэта з прычыны пратэстаў, хаця калегі адмаўлялі. Мы гэта ўсё праходзілі. Тут людзі баяцца мацней, многія застаюцца дома, але ўбачыўшы, што робіцца, я зразумела, што тут усё не абыдзецца «малой крывёй».

Гэта не Беларусь, дзе былі мірныя мітынгі зь вясёлымі плякатамі, песьнямі. Мы хадзілі з кветкамі і ўсьмешкамі, прыбіралі пасьля сябе сьмецьце і на лавачку станавіліся, зьняўшы абутак.

— Наколькі гэтыя пратэсты былі чаканымі ці нечаканымі? Ці адчувалі вы ў кантактах зь людзьмі незадаволенасьць, жаданьне пераменаў?

— Незадаволенасьць тут выказвае практычна кожны, людзі гавораць, што ў іх тое ж самае, што ў Беларусі, і, хоць афіцыйна Назарбаеў сышоў, але каля стырна ўсё роўна ён, так што павышэньне цэнаў на газ стала апошняй кропляй.

Але людзі мне здаваліся менш рашучымі, таму для мяне гэта было нечакана, як і для часткі мясцовага насельніцтва, але колькасьць людзей і настрой у гэтыя дні мяне пераканалі! Людзі ня проста хочуць, а патрабуюць перамен!

«Пра такое ў Беларусі мы маглі толькі марыць»

— Чым адрозьніваюцца казахстанскія і беларускія сілавікі?

Сілавікі ў Казахстане і Беларусі
Сілавікі ў Казахстане і Беларусі

— Мне здалося, што сілавікоў тут больш, чым у нас. Учора частка сілавікоў перайшла на бок народу. Пра такое ў Беларусі мы маглі толькі марыць. Сёньня сілавікі адразу проста стаялі і стрымлівалі пратэстоўцаў, а потым ужо пачалі страляць гумовымі кулямі і кідаць нейкія гранаты ня толькі ў пратэстоўцаў, але і ў людзей, якія стаяць побач.

— Ці адчуваеце вы сябе ў бясьпецы?

— Не. Калі я выходзіла з дому, было нейкае ўяўнае адчуваньне бясьпекі, бо гэта не мая краіна і што можа здарыцца. А калі пры мне амапавец страляў па людзях у сквэры, а пасьля ў мой бок ужылі сьлезацечны газ, то гэтае адчуваньне мяне пакінула зусім.

— Як вы лічыце, ці вынік гэтых пратэстаў можа паўплываць на сытуацыю на постсавецкай прасторы, на сытуацыю ў Беларусі?

— Перамога над любым дыктатарам можа паўплываць і натхніць людзей, якія жывуць пад дыктатурай. І мне б хацелася верыць, што гэта можа паўплываць на сытуацыю ў Беларусі.

«Я не перастала марыць аб зьмене ўлады ў Беларусі, вызваленьні ўсіх палітвязьняў»


— Як у Казахстане людзі гавораць пра беларускую мірную рэвалюцыю?

— Частка людзей у Казахстане і ня ведаюць, што ў нас адбывалася і працягвае адбывацца. Чулі пару гісторый і бачылі некалькі відэа экс-прэзыдэнта з аўтаматам без ражка, ведаюць гісторыю з пасадкай самалёта, а таксама тое, што людзі могуць сесьці за «няправільны» колер шкарпэтак, фота ў Інстаграме, белыя штаны з чырвонай паласой, каробку LG на бальконе, ліст А4 на акне... Іх навіны такое не расказваюць. І людзі спачуваюць, калі даведваюцца падрабязнасьці.

— Якую працу вы знайшлі ў Казахстане? Чым адрозьніваецца казахская мэдыцына ад беларускай?

— Я працую лекарам у прыватнай клініцы. Так, мэдыцына адрозьніваецца моцна, на жаль, я за паўгода сустрэла мала граматных адмыслоўцаў у розных сфэрах. Галоўны доктар адной клінікі Казахстану расказваў мноства гісторый пра ўзровень мэдыцыны і некампэтэнтнасьць, таму іхная клініка актыўна шукае мэдыцынскі пэрсанал на прасторах былога Саюзу.

— Пра што вы цяпер марыце?

— Я не перастала марыць аб зьмене ўлады ў Беларусі, вызваленьні ўсіх палітвязьняў і пакараньні для кожнага, хто падтрымлівае ўладу Лукашэнкі. І яшчэ, каб у Расеі і Казахстане запомнілі, што наша краіна называецца Беларусь, а не Белоруссия.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG