Нягледзячы на гандлёвыя перашкоды, Украіна лічыць рынак Беларусі для сваёй прадукцыі прыярытэтным.
Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32 %.
Антыдэмпінгавае расьсьледаваньне праводзілася зь ліпеня 2019 году паводле скаргі Ўкраінскай запалкавай фабрыкі на беларускую і расейскую прадукцыю. На пастаўкі расейскіх запалак уведзена большае мыта — у памеры 45,79 %.
Паводле міжведамаснай камісіі, увоз запалак ва Ўкраіну зь Беларусі і Расеі ажыцьцяўляўся ў такой ступені і на такіх умовах, што можа прычыніць шкоду ўкраінскаму вытворцу. Паводле Ўкраінскай запалкавай фабрыкі, беларускія і расейскія пастаўкі ажыцьцяўляліся па дэмпінгавых цэнах.
Што ўжо знаходзіцца пад украінскім антыдэмпінгам
Сёлета з 26 сакавіка набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўку прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала мытам у 57,03% пастаўкі цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту зь Беларусі.
Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавага збору, але будзе прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна купляліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце».
Беларускі рынак сярод прыярытэтаў
Днямі Міністэрства замежных спраў Украіны вызначыла прыярытэтныя замежныя рынкі для ўкраінскіх прадпрыемстваў.
Беларусь увайшла ў пералік 15 найбольш прывабных для Ўкраіны рынкаў. Найперш украінскія дыпляматы плянуюць спрыяць актывізацыі гандлёвых і інвэстыцыйных адносін з Бразыліяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Эфіёпіяй, Індыяй, Кітаем, Казахстанам, Чылі, Катарам, Узбэкістанам і Канадай, а таксама плянуе стварыць дадатковыя гандлёвыя магчымасьці зь Нямеччынай, Турэччынай, Ізраілем, Беларусьсю і Малдовай. Сярод іншых прыярытэтных рэгіёнаў для нацыянальных экспартэраў, МЗС Украіны назвала Блізкі Ўсход, Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Афрыку, Паўночную ды Паўднёвую Амэрыку.
Гандаль запаволіўся
Згодна з афіцыйнай статыстыкай Украіны, у студзені-сакавіку 2020 году пастаўкі зь Беларусі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году скараціліся на 7,3 %, да 701,8 мільёна даляраў. Пастаўкі з Украіны ў Беларусь павялічыліся на 4,4 % да 353,4 мільёна даляраў.
Паводле беларускай статыстыкі, сёлета пастаўкі зь Беларусі ва Ўкраіну скараціліся на 16,4 % да 704,2 мільёна даляраў, а ўкраінскія пастаўкі ў Беларусь павялічыліся на 5,3 % да 376,3 мільёнаў даляраў.
Скарачэньне адбылося за кошт зьніжэньня аб’ёмаў паставак на ўкраінскі рынак беларускіх нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў.