Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна на 5 гадоў увяла антыдэмпінгавае мыта на імпарт цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі


Ля будынку ўраду Украіны.
Ля будынку ўраду Украіны.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю завяршыла антыдэмпінгавае расьсьледаваньне аб пастаўках цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі.

Расьсьледаваньне пачалі летась у лістападзе на падставе інфармацыі аб дэмпінгу з боку беларускіх вытворцаў, якія пастаўлялі гэтую прадукцыю ва Ўкраіну «ў такіх аб’ёмах і па такіх цэнах, якія маглі нашкодзіць нацыянальным вытворцам аналягічнай прадукцыі».

Вядзецца, у прыватнасьці, пра цеплаізаляцыйныя матэрыялы, якія ў гандлі кваліфікуюцца кодам ех 6806 10 00 00: шклавата, мінэральная сылікатная вата і аналягічныя віды мінэральнай ваты, за выключэньнем іх сумесяў.

Па выніках расьсьледаваньня камісія ўхваліла рашэньне аб увядзеньні на пяць гадоў мыта ў памеры 35,41% для вытворчага акцыянэрнага таварыства «Гомельбудматэрыялы». Такое ж мыта будзе прымяняцца і ў дачыненьні да іншых беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў.

У дачыненьні да расейскіх вытворцаў гэтага віду прадукцыі будзе дзейнічаць стаўка мыта ў памеры 76,38%.

У той жа час, як паведамілі ў Міністэрстве эканомікі Ўкраіны, міжведамасная камісія пачала перагляд антыдэмпінгавых захадаў у дачыненьні да солі гатунку экстра зь Беларусі.

У лютым 2020-га Ўкраіна ўвяла антыдэмпінгавае мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнага кошту прадукцыі.

8 сьнежня стала вядома, што Ўкраіна адмовілася ад абмежаваньняў паставак беларускага аўтатранспарту.

Якая прадукцыя зь Беларусі знаходзіцца ў цэнтры расьсьледаваньняў

У лютым 2021 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абвясьціла пра пачатак антыдэмпінгавага расьсьледаваньня аб пастаўках ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі і Расеі.

Сёлета ў красавіку Міжведамасная камісія паведаміла аб пачатку яшчэ двух антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў аб пастаўках беларускай прадукцыі ва Ўкраіну — вырабаў з асфальту і крухмалу з бульбы. Паводле ўкраінскіх вытворцаў аналягічнай прадукцыі, якія і зьвярнуліся са скаргамі, беларускія кампаніі пастаўляюць гэтую прадукцыю па дэмпінгавых цэнах і ў вялікіх аб’ёмах.

У верасьні пачалі расьсьледаваць факты дэмпінгавых паставак ва Ўкраіну алюмініевых драбін з шэрагу краін, у тым ліку і зь Беларусі.

Што ўжо знаходзіцца пад абмежаваньнямі ва Ўкраіне

Сёлета яшчэ на тры гады падоўжылі абмежаваньні на пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «Гродна Азоце».

Адпаведныя абмежаваньні былі ўведзеныя з 1 верасьня 2018 году, а сёлета іх мусілі перагледзець.

З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнага кошту прадукцыі. У траўні 2020 году Ўкраіна абклала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.

1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).

У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкераў і портляндцэмэнту мытам у памеры 57,03%.

Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавы збор, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG