На гэты момант сайт zautra.by недасяжны як для карыстальнікаў зь Беларусі, так і з-за мяжы. У асобных карыстальнікаў пачала зьяўляцца заглушка аб блякаванні з боку Міністэрства інфармацыі.
У рэдакцыі «Заўтра тваёй краіны» пацьвердзілі Свабодзе, што сайт заблякаваны зь ініцыятывы Міністэрства інфармацыі, аднак ніякіх абгрунтаваных прэтэнзій адтуль не паступала.
«Заўтра тваёй краіны» — сайт зь дзелавымі навінамі, аналітыкай, прагнозамі, камэнтарамі.
«Мы часта з надзеяй глядзім у будучыню. Але ці ёсьць у нас дакладнае і дэталёвае ўяўленьне аб тым, якой хочам бачыць Беларусь праз год, пяць, дзесяць? І як зрабіць нашу краіну квітнеючай і шчасьлівай ва ўсіх сэнсах? Што зь цяперашняга парадку неабходна захаваць, а што зьмяніць? Адказы на гэтыя пытаньні павінны шукаць ня толькі ўлада/апазыцыя. Гэта задача і выклік для ўсіх, каму неабыякавыя нашы пэрспэктывы. Менавіта таму група журналістаў прыдумала сайт «Заўтра тваёй краіны», — тлумачаць сваю мэту заснавальнікі праекту.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.