Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыя вечнага Лукашэнкі. Дыскусія экспэртаў


Прысяга прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на Канстытуцыі 1994 году
Прысяга прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на Канстытуцыі 1994 году

Якія зьмены сыстэмы ўлады прадугледжвае афіцыйны праект Канстытуцыі, апублікаваны сёньня? Ці прадугледжвае гэты праект транзыт улады? Навошта спатрэбілася надаваць уладныя паўнамоцтвы Ўсебеларускаму народнаму сходу? Наколькі ў праекце збалянсаваная ўлада прэзыдэнта і УНС?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былы супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Арцём Праскаловіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Праскаловіч

Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч
  • Праект прадугледжвае новыя выбары ў парлямэнт і мясцовыя саветы ў лютым 2024 году.
  • Пасьля гэтага будзе адбывацца фармаваньне УНС.
  • У праекце ёсьць норма, што ўсе службовыя асобы, якія займаюць пасады на момант уступленьня ў дзеяньне Канстытуцыі, захоўваюць іх да завяршэньня паўнамоцтваў.
  • Іншымі словамі, датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў не прадугледжана, наступныя прэзыдэнцкія выбары будуць у 2025 годзе.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Калі палітычныя зьмены і адбудуцца, то ня ў сувязі з рэфэрэндумам і новай Канстытуцыяй.
  • Апублікаваны праект ня даў адказу на фундамэнтальнае пытаньне — навошта Лукашэнку спатрэбілася гэтая канстытуцыйная рэформа?
  • Меркавалася, што рэформа стане часткай транзыту ўлады.
  • У апошнія тыдні стала зразумелым, што Лукашэнка ня хоча ніякага транзыту ўлады.
  • Гэта тлумачыць, чаму так доўга цягнулі з публікацыяй праекту.
  • Паводле праекту частка паўнамоцтваў прэзыдэнта скарачаецца, частка перадаецца УНС.
  • У пераходных палажэньнях адзначана, што старшынём УНС можа быць абраны дзейны прэзыдэнт.
  • Іншымі словамі, Лукашэнка можа захаваць паўнамоцтвы, але ў дзьвюх іпастасях.
  • У руху мяняліся функцыі праекту.
  • Палажэньне, што адна асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш чым двойчы, пачынае адлік з выбараў новага прэзыдэнта ў 2025 годзе.
  • Лукашэнка пры жаданьні можа яшчэ двойчы абірацца прэзыдэнтам.
  • Раней ён казаў, што новая Канстытуцыя — для новага прэзыдэнта. Тады навошта гэты пункт?

Праскаловіч

  • Паводле праекту Лукашэнка можа быць прэзыдэнтам да 2035 году, а можа перасесьці ў крэсла старшыні УНС, абараняючы сябе нормай аб імунітэце за дзеяньні, учыненыя на пасадзе прэзыдэнта.
  • Лукашэнка пакуль ня вызначыў, кім ён бачыць сябе пасьля 2025 году.
  • Да 2025 году ён нічога вырашаць ня будзе.
  • Перад паездкай Лукашэнкі ў Маскву 29 сьнежня быў апублікаваны сыры праект.
  • Магчыма, потым па выніках «усенароднага абмеркаваньня» ў праект могуць унесьці зьмены, наконт якіх Лукашэнка і Пуцін дамовяцца.
  • Невідавочна, што прапанаваную схему вынесуць на рэфэрэндум.

Карбалевіч

  • Лукашэнка ў верасьні 2020 году ў Сочы абяцаў Пуціну зусім іншае — што ён ажыцьцявіць транзыт улады і сыйдзе.
  • Супярэчнасьці паміж Крамлём і Лукашэнкам выплюхнуліся на паверхню, калі Пуцін прапанаваў Лукашэнку пачаць дыялёг з апазыцыяй.
  • Але цяпер рэзка абвастрыліся адносіны Расеі з Захадам.
  • Пры гэтай эскаляцыі Лукашэнка патрэбны Пуціну — як адзіны хаўрусьнік у канфлікце з Захадам і з Украінай і як палітык, які можа пераступіць любыя «чырвоныя лініі».
  • Таму, мяркую, Пуцін пагодзіцца, каб Лукашэнка застаўся.

Праскаловіч

  • Як сказаў Міхаіл Кірылюк, ва ўсім сьвеце ёсьць тры галіны ўлады, а ў нас будзе і чацьвёртая.
  • Калі б тыя паўнамоцтвы, якія ў праекце перадаюцца УНС, перадаваліся парлямэнту, тады б парлямэнт стаў рэальнай супрацьвагой прэзыдэнту.
  • А Сходам кіраваць значна прасьцей, прасьцей, чым парлямэнтам.
  • Калі з праекту выключыць УНС, то праекту новай Канстытуцыі фактычна няма.
  • Усе астатнія зьмены абсалютна касмэтычныя.
  • Ад пачатку гэта бачылася як транзыт у крэсла старшыні УНС.

Карбалевіч

  • Канструкцыя УНС засталася, але пляны памяняліся.
  • Лукашэнка захоўвае за сабой розныя магчымасьці: ён можа і датэрмінова сысьці з пасады прэзыдэнта, можа балятавацца яшчэ двойчы.

Праскаловіч

  • Лукашэнка і раней казаў, што варта неяк падвысіць ролю УНС.
  • Але юрысты гэтую ідэю не распрацоўвалі, бо ўсе разумелі, што са Сходу немагчыма стварыць паўнавартасны орган улады з уласнымі кампэтэнцыямі, які б убудоўваўся ў сыстэму дзяржаўнага кіраваньня.
  • Акрамя таго, што гэта месца для пэнсіі Лукашэнкі, ніякага рацыянальнага юрыдычнага сэнсу гэты орган ня мае.
  • Гэта вяртаньне да зьездаў КПСС.

Карбалевіч

  • Калі прэзыдэнтам будзе не Лукашэнка, то можа ўзьнікнуць раскол элітаў, канкурэнцыя двух цэнтраў.
  • Але гэта неабавязкова. У Расеі падчас «тандэму» — прэзыдэнцтва Мядзьведзева — ніякага расколу не адбылося.

Праскаловіч

  • У праекце захоўваюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта прызначаць судзьдзяў агульных судоў.
  • А старшыняў судоў будзе прызначаць УНС.
  • Гэта вельмі своеасаблівая рэалізацыя прынцыпу канстытуцыйных стрымліваньняў і процівагаў.
  • У праекце так і не рашыліся ўвесьці пасаду ўпаўнаважанага ў правах чалавека.

Што было раней

  • Праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі зьявіўся ў інтэрнэце, на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА.
  • Праект замацоўвае статус Усебеларускага народнага сходу як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі. Сярод іх:
  • Усебеларускі народны сход зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо учыненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
  • Артыкул 143 у частцы прэзыдэнцкіх абавязкаў выглядае так: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу з дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG