Апублікаваны праект Канстытуцыі, які распрацоўвалі ў таямніцы ад грамадзтва, не прапануе беларусам пераменаў да лепшага і не вырашае праблемаў, якія стаяць перад грамадзтвам. Так пракамэнтаваў абнародаваны праект новай Канстытуцыі палітык Аляксандар Дабравольскі, цяпер палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай.
«Найбольш істотная зьмена ў параўнаньні з ранейшай Канстытуцыяй — увядзеньне Ўсебеларускага народнага сходу. Гэты сход, задуманы як імітацыя падтрымкі ў супрацьстаяньні з парлямэнтам, Лукашэнка выкарыстоўваў шмат гадоў.
Яго правядзеньне не адпавядала Канстытуцыі, а парадак фармаваньня ніколі ня быў празрысты. Цяпер хочуць яго зрабіць найвышэйшым прадстаўнічым органам, але не прапануюць яго выбраньня непасрэдна грамадзянамі.
Ідэя зрабіць уладу яшчэ далейшай ад народу не здабудзе падтрымкі людзей: сыстэма дзяржаўнай улады ад увядзеньня яшчэ аднаго „надоргану“ робіцца яшчэ менш зразумелай і падсправаздачнай народу», — перакананы Аляксандар Дабравольскі.
Іншыя прынцыповыя зьмены таксама наўпрост шкодзяць нацыянальным інтарэсам Беларусі — у прыватнасьці, адмова ад нэўтралітэту і бязьядзернага статусу, працягвае палітык.
«Беларусь перажывае востры палітычны крызіс пасьля таго, як былому прэзыдэнту не хапіла сумленнасьці і адказнасьці прызнаць паразу на выбарах. Адзіны аргумэнт, які ў яго застаўся, каб утрымацца ва ўладзе, — гэта гвалт. Але ім не заменіш адсутнасьць даверу і павагі з боку людзей. Выйсьці з тупіку можна толькі шляхам правядзеньня новых сумленных выбараў. Прапанаваны праект Канстытуцыі не дае грамадзянам Беларусі рэальнага выбару і таму не вядзе да вырашэньня крызісу. Гэта падман, у які ніхто не паверыць», — падсумаваў Аляксандар Дабравольскі.
Праект новай Канстытуцыі зьявіўся за два месяцы да анансаванага рэфэрэндуму, усё прымалася ў атмасфэры сакрэтнасьці і без далучэньня да абмеркаваньня апанэнтаў рэжыму.