І тая, праект якой вось-вось зьявіцца на сьвет, ня будзе выключэньнем: ні хвіліны ў гэтым не сумняваюся. Беларускія грамадзяне будуць надзеленыя самымі шырокімі дэмакратычнымі правамі і свабодамі — на зайздрасьць усім суседзям.
Праўда, ва ўсіх гэтых цудоўных канстытуцый (за выключэньнем хіба што недаўгавечнай Канстытуцыі 1994 года) быў адзін маленькі хіб: яны мелі мала агульнага з рэальнасьцю. А калі казаць прасьцей, не працавалі. У канстытуцыі было адно, а ў жыцьці вельмі часта зусім іншае, часам супрацьлеглае.
Самая прыгожая і квяцістая, вядома, была канстытуцыя сталінская, 1936 году вырабу. Чаго яна толькі ні гарантавала савецкім людзям! Напрыклад, 112-ы артыкул абвяшчаў «незалежнасьць судоў і строгае выкананьне імі законаў». Артыкул 125 гарантаваў «свабоду слова, друку, вулічных шэсьцяў і дэманстрацыяў». Сталінская канстытуцыя таксама абяцала савецкім грамадзянам недатыкальнасьць асобы, жытла, перапіскі... Некаторыя з арыштаваных у 1937-м напачатку нават спрабавалі нагадваць сьледчым пра гэтыя нормы. Атрымаўшы ў адказ удар ботам альбо зубатычыну, замаўкалі.... У сталінскія лягеры, дарэчы, трапілі многія з тых тэарэтыкаў і практыкаў сацыялістычнай законнасьці, хто пісаў тую канстытуцыю і галасаваў за яе 5 сьнежня 1936 году.
Адна вялікая дэкарацыя
Савецкая канстытуцыя — гэта была прыгожая чырвоная вокладка з залатымі літарамі і цісьнёным гербам СССР. Тэкст пад вокладкай быў прыгожы, але абсалютна фальшывы, як і многія іншыя атрыбуты савецкай дзяржавы. Як парлямэнт, які ніхто не выбіраў. Як «свабодныя выбары», на якіх не было ні выбару, ні свабоды. Як суды, якія кіраваліся ня столькі законам, колькі тэлефонным правам...«. Сацыялістычная дэмакратыя» — гэта была адна вялікая дэкарацыя, дзе ўсё (ці амаль усё) было бутафорскім — і канстытуцыя, і выбары, і парлямэнт, і суд, і прэса. Не бутафорскай была жалезная рука партыйнай бюракратыі, якая кіравала ўсім.
Калі пасьля Сталіна абцугі камуністычнай дыктатуры трохі аслабелі, савецкія грамадзяне сям-там спрабавалі нагадаць пра гэтыя свае правы. Падчас стыхійных рабочых хваляваньняў у Тэміртаў у 1959 годзе ці ў Новачаркаску ў 1962-м некаторыя дэманстранты несьлі плякаты з вытрымкамі з савецкай канстытуцыі. Пра тое, што маюць права на дэманстрацыі. Аўтаматныя стрэлы, пасьля якіх на бруку засталіся дзясяткі нерухомых целаў, паказалі, што азначае гэтае права ў савецкай рэчаіснасьці.
Памятаю, у гады студэнцтва адзін выкладчык гісторыі КПСС у адказ на наша рызыкоўнае і няёмкае для яго пытаньне (як ён можа растлумачыць гэтую супярэчнасьць паміж тым, што напісана ў канстытуцыі, і тым, што ў рэчаіснасьці) блытана нам даводзіў, што на савецкую канстытуцыю нельга глядзець як на ўтылітарны дакумэнт сёньняшняга дня. Маўляў, гэта ідэал, зіхоткая вяршыня будучыні — як Праграма КПСС, як Маральны кодэкс будаўніка камунізму. Ніхто ж у здаровым розуме не чакае, што ўжо сёньня, як было запісана ў партыйнай праграме, «усе крыніцы грамадзкага багацьця пальюцца поўным патокам і ажыцьцявіцца вялікі прынцып «Ад кожнага па здольнасьцях — кожнаму па патрэбнасьцях». Чаму ж вы чакаеце, што ўжо цяпер вам дазволяць публічна гаварыць і пісаць, што ўздумаецца? Альбо выходзіць і пратэставаць супраць чаго-небудзь?
Савецкага чалавека падводзілі да адной простай думкі: канстытуцыя — адно, рэальнае жыцьцё — другое. Зьмест канстытуцыі пры такім рэжыме ня мае значэньня. Як, зрэшты, і ніякі закон ня мае значэньня, калі ён не выконваецца.
Лукашэнкава канстытуцыя, паводле якой мы нібыта сёньня жывём, калі яе ўважліва прачытаць, таксама, аказваецца, дастаткова дэмакратычная і прагрэсіўная. Дзіўна, што гэта ніяк не выкарыстоўваюць афіцыйныя прапагандысты. Напрыклад, у «пакаянных» відэа, паставіўшы чалавека да сьценкі і прымусіўшы прызнацца ў «совершенных злодеяниях» (пратэставаў, стоячы на вуліцы з кветкамі, і быў падпісаны на тэлеграм-канал Свабоды), можна было б прымусіць няшчаснага ня толькі называць сваю сэксуальную арыентацыю і памер заробку, але і цытаваць Лукашэнкаву канстытуцыю. Напрыклад: «Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшаньня ў яго асабістае жыцьцё, у тым ліку ад замаху на таямніцу яго карэспандэнцыі, тэлефонных ды іншых паведамленьняў, на яго гонар і годнасьць» (артыкул 28). Альбо: «Ніхто не павінен падвяргацца катаваньням, жорсткаму ці прыніжальнаму для яго годнасьці абыходжаньню ці пакараньню» (артыкул 25). Апошні асабліва прыдаўся б у турме на Акрэсьціна, у якасьці адказу тым палітвязьням, якія раптам абурыліся б, што зь імі абыходзяцца горш, чым са скацінай, прымушаючы спаць на голых дошках і катуючы шматразовымі начнымі «праверкамі» і забаронай выключаць сьвятло ўначы.
Законна ўсё, што служыць на карысьць рэжыму
Усе канстытуцыі, усе законы і маральныя кодэксы пры таталітарным савецкім рэжыме былі зьведзены да адной простай сэнтэнцыі: маральна і законна ўсё, што служыць на карысьць савецкай улады. Замяніце ў гэтым сказе «савецкую ўладу» на «кіроўны рэжым Лукашэнкі» — і атрымаеце ўнівэрсальную формулу, якая ў сёньняшняй Беларусі замяняе і канстытуцыю, і закон, і маральны кодэкс. Любы чыноўнік, любы сілавік ад сяржанта міліцыі да генэрала-амапаўца ведае: можна да паўсьмерці пабіць «бэчэбэшніка» за любую дробязь (за бела-чырвоныя шкарпэткі ці шалік, за сьцяг ці сьвечку ў вакне, за налепку на заплечніку), за гэта толькі пахваляць. Бо гэта служыць умацаваньню рэжыму. Усё астатняе — прыгожае юрыдычнае пісьменства, бэлетрыстыка, якую «государевым людям» і ведаць не абавязкова.
І можна толькі паціснуць плячыма, назіраючы за тым, колькі ўжо нават ня месяцаў, гадоў патрачана самымі кваліфікаванымі правазнаўцамі і чыноўнікамі на праект новай канстытуцыі. Хоць якая розьніца, якая канстытуцыя НЯ БУДЗЕ дзейнічаць у Беларусі — тая ці гэтая?
Зрэшты, ёсьць адно невялікае пытаньне, адказ на якое, відавочна, будзе зьмяшчацца ў праекце. І гэта, па сутнасьці, адзінае, што можа цікавіць: які спосаб пасьля 28 гадоў свайго аднаасобнага кіраваньня выбраў Лукашэнка, каб і далей нікому не аддаваць уладу? «Абнуліць» усе папярэднія прэзыдэнцкія тэрміны і пачне кіраваць як бы «спачатку»? Прыдумае сабе якую-небудзь новую пасаду, якая па сутнасьці падменіць прэзыдэнцкую? Замацуе за сабой пажыцьцёвае прэзыдэнцтва? І менавіта гэты разьдзел канстытуцыі (адрозна ад многіх іншых) будзе выконвацца — тут сумневу няма. Уласна, дзеля таго ўсе гэтыя танцы з бубнам і распачалі.
...І вось сядзіць у гэтыя пераднавагоднія дні пад прыгожай каляднай ялінкай важны беларускі саноўнік і думае (далей цытата з М. Салтыкова-Шчадрына): «Чего-то хотелось: не то конституции, не то севрюжины с хреном, не то взять бы да ободрать кого-нибудь». «Абадраць каго-небудзь» — гэта проста: новыя падаткі, штрафы, зборы і новыя тарыфы на ЖКГ, што чакаюць беларусаў з новага года, ужо абнародаваныя. А вось наконт сяўружыны з хрэнам — тут вялікая напруга. У Драздах яна, праўда, будзе. Ну а астатнім замест яе давядзецца задавальняцца новай канстытуцыяй.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.